Больш як два месяцы прайшло ад гібелі Рамана Бандарэнкі. Крымінальнай справы дагэтуль не завялі, пракуратура працягвае праверку. Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL правяла ўласную праверку і апублікавала яе вынікі.
BYPOL атрымала
- запісы тэлефонных размоў у міліцыю і зь міліцыі,
- геалякацыі тэлефонаў людзей, магчыма, датычных да гібелі Бандарэнкі,
- пералік вылікаў, тэлефонных нумароў і часу размоваў гэтых людзей,
- запіс размовы лекараў са сваякамі Бандарэнкі, якія расказвалі пра траўмы Рамана Бандарэнкі.
Пры дапамозе гэтых зьвестак сьледчыя Bypol аднавілі храналёгію падзей і назвалі імёны людзей, уцягнутых у іх.
Каля 22:00 Раман Банадрэнка выйшаў у двор, дзе прыежджыя людзі зрывалі белыя і чырвоныя стужкі.
22:35. Жанчына выклікала міліцыю на вуліцу Чарвякова: «У двары тут бойка», «Там аднаго хлопца білі».
Bypol называе нумар шэрага мікрааўтобуса, у які закінулі Рамана Бандарэнку, і пералічвае імёны людзей, што на ім прыехалі. Паводле BYPOL, гэта 5 супрацоўнікаў САХР (СОБР) — спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня МУС. Групу суправаджаў старшы інструктар Ш. Bypol падазрае, што гэтыя людзі датычныя да зьбіваньня Бандарэнкі.
22:58. Бандарэнку прывезьлі ў Цэнтральны РУУС. Але ўжо не супрацоўнікі САХР, а АМАП. Яны занесьлі яго за рукі і ногі пад агляднае акно апэратыўнага дзяжурнага. Амапаўцы сказалі, што мужчына моцна пʼяны, і сышлі. Міліцыянты ў дзяжурнай частцы перанесьлі Рамана ў пакой для затрыманых, не праверыўшы ягоны стан, сьцьвярджае BYPOL.
23:04. Дзяжурны выклікаў «хуткую», каб агледзець мужчыну нібыта ў моцным алькагольным стане.
Пасьля гэтага, паводле BYPOL, міліцыянты паспрабавалі раскатурхаць Бандарэнку, каб даведацца, хто ён, і заўважылі, што ў яго няма рэакцыі на раздражняльнікі і паху алькаголю з роту.
23:06. Міліцыянты зноў звоняць у «хуткую» і просяць экстрана ехаць у пастарунак, бо мужчына «траціць прытомнасьць».
23:08. Трэці званок з пастарунку ў «хуткую». Міліцыянт кажа, што мужчына «без прытомнасьці ўжо» і «алькаголем ня пахне ўвогуле».
0:05. Бандарэнку прынялі ў лякарні хуткай дапамогі зь цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай. «Калі яго прывезьлі сюды, яго стан ацэньваўся практычна такім чынам, што ён ужо быў амаль за рысай, якой вызначаюць жывых ад нежывых», — цытуе BYPOL запіс размовы лекараў з сваякамі Бандарэнкі.
У той жа дзень Бандарэнка памёр. Прычынай сьмерці запісалі «траўматычнае субдуральнае кровазьліцьцё». Паводле BYPOL, гэтую прычыну пацьвердзіла і комплексная судова-мэдычная экспэртыза.
BYPOL адзначае, што заключэньне іншай экспэртызы — мэдыка-крыміналістычнай — зьнікла. Унутранае расьсьледаваньне зьнікненьня вядзецца дагэтуль.
BYPOL называе імёны 14 чалавек, датычных да падзей, якія скончыліся гібельлю Рамана Бандарэнкі, абапіраючыся на зьвесткі геалякацыі і зьвесткі пра званкі па мабільнай сувязі.
- 6 чалавек, якія прыехалі здымаць белыя і чырвоныя стужкі.
- 5 супрацоўнікаў САХР, якія могуць быць датычныя да нанясеньня траўмаў Бандарэнку, што прывялі да сьмерці.
- Ня менш як 2 супрацоўнікі АМАПу.
- 2 супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС.
Паводле BYPOL, гэтых зьвестак больш чым дастаткова, каб пракуратура завяла крымінальную справу і пачала расьсьледаваньне сьмерці Рамана Бандарэнкі.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».