Міжнародная група навукоўцаў і дзеячаў культуры, сярод якіх нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры Вольга Такарчук, амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр і эканаміст Сяргей Гурыеў, зьвярнулася з адкрытым лістом да Эўрапейскай камісіі і ўрадаў краінаў Эўропы.
Яны заклікаюць іх падтрымаць грамадзянскія супольнасьці Беларусі і Расеі, якія зазнаюць масавыя рэпрэсіі. Ініцыятары ліста просяць эўрапейскіх палітыкаў дапамагчы ў стварэньні Усходнеэўрапейскага ўнівэрсытэту на тэрыторыі краінаў-чальцоў ЭЗ для рэпрэсаваных студэнтаў і выкладчыкаў, вымушаных бегчы з Беларусі і Расеі.
DW паразмаўляла з адным з ініцыятараў праекту — нямецкім гісторыкам Усходняй Эўропы ў Цэнтры дасьледаваньняў сучаснай гісторыі ў Патсдаме Янам Клаасам Бэрэндсам.
— Як зьявілася ідэя стварэньня Усходнеэўрапейскага ўнівэрсытэту?
— Ідэя ўзьнікла яшчэ ў мінулым годзе на фоне пратэстаў у Беларусі. Праз пандэмію наш інстытут зэканоміў сродкі, прызначаныя для камандзіровак, і мы змаглі запрасіць да сябе калегаў зь Беларусі. Цяпер яны працуюць у нас у Цэнтры дасьледаваньняў сучаснай гісторыі Асацыяцыі Лейбніца ў Патсдаме. Акрамя таго зьявілася ініцыятыва Нямецкай асацыяцыі па дасьледаваньнях Усходняй Эўропы для студэнтаў з Беларусі. І на міжнародным узроўні былі розныя ініцыятывы — Аляксандра Эткінда і Гасана Гусэйнава з Расеі, якія абдумвалі падобны праект для рэпрэсаваных навукоўцаў з Расеі, паколькі іх расейскія калегі страцілі працу.
Таму гэта была калектыўная ідэя. У гісторыі ёсьць прыклады так званых унівэрсытэтаў у выгнаньні. Свабодны ўнівэрсытэт Бэрліну прымаў маладых студэнтаў з савецкай зоны акупацыі ў пасьляваенным Бэрліне, якія з 1948 году перабіраліся ў амэрыканскі сэктар. The New School of Social Research ў Нью-Ёрку, прымаў нямецкіх імігрантаў у 30-40-я гады.
Акрамя асабістай свабоды для навукоўцаў такім чынам вырашаюцца і сацыяльныя пытаньні. Тыя, хто зьбег з Беларусі і Расеі, ужо тут, у Эўропе, але ў Нямеччыне не створаныя ніякія структуры для іх прыёму. Ёсьць у Літве, у Польшчы, але амаль няма ў Заходняй Эўропе. Наша ідэя палягае ў тым, каб знайсьці эўрапейскае рашэньне для гэтай праблемы — і адначасова стварыць умовы для перасьледаваных навукоўцаў, каб яны далей маглі працаваць.
— Колькі студэнтаў і выкладчыкаў зараз зазнаюць перасьлед у Расеі і Беларусі?
— Цяжка сказаць. Бо частка зь іх ужо знаходзіцца ва Ўкраіне, у Літве, у Польшчы, а частка ў Бэрліне ці ў Франкфурце-на-Одэры. Няма канкрэтных лічбаў па Беларусі. Але гаворка ідзе пра сотні, тысячы чалавек. Мы таксама асьцерагаемся, што і колькасьць тых, хто зьяжджае з Расеі, будзе ўзрастаць, таму што там таксама пачаўся перасьледу ўдзельнікаў пратэстаў. Студэнтаў адлічваюць, выкладчыцкі склад звальняюць. Гэтыя людзі не павінны працаваць кур’ерамі, яны павінныя мець шанец працягнуць займацца навукай.
— Дзе зьявіцца Усходнеэўрапейскі ўнівэрсытэт? У Бэрліне ці ў іншым горадзе?
— Пакуль няма канкрэтных плянаў. Ён можа зьявіцца ў розных месцах, у тым ліку ў онлайн-фармаце. Напрыклад, ёсьць Турэцкі ўнівэрсытэт за мяжой, і ён працуе анлайн. Пра канкрэтныя пляны можна казаць толькі тады, калі палітыкі дадуць хоць бы мінімальны бюджэт. У адкрытым лісьце мы кажам, што гатовыя ўкласьціся ў гэты праект сваім часам. Мы — тыя людзі, якія падпісалі ліст — гатовыя праводзіць сэмінары, дапамагаць студэнтам. Але рашэньне падтрымаць праект і даць фінансаваньне павіннае быць прынятае эўрапейскімі палітыкамі.
Мае сэнс стварыць кампусы ўнівэрсытэту ў некалькіх гарадах, паколькі палітычныя мігранты знаходзяцца ў Літве, у Польшчы, у Нямеччыне. Але гэта не супярэчыць іншым ініцыятывам. Хутчэй, гэты праект абʼядноўвае іх усе пад адным дахам.
— Хто можа там вучыцца ці выкладаць? Ці ёсьць умовы, якія неабходна выканаць для паступленьня?
— Умовы адпавядаюць звычайным эўрапейскім стандартам, Балёнскай сыстэме адукацыі. Як у любым эўрапейскім унівэрсытэце, плянуецца самастойна вырашаць, на што патраціць выдзеленыя сродкі, каго наняць, якія факультэты стварыць. Студэнты з Беларусі ці Расеі змогуць навучацца на роднай мове або часткова на ангельскай. І для выкладчыкаў, якія не валодаюць замежнымі мовамі, будзе магчымасьць працягнуць працу на іх роднай мове. Ніхто не чакае, што чалавек, які 20 гадоў выкладаў паліталёгію ў Беларусі, павінен размаўляць па-нямецку.
— Якія вашы наступныя крокі? Вы шукаеце фінансавую падтрымку — ці людзей, якія падтрымаюць праект?
— Любы від падтрымкі для нас важны. Цяпер, у першую чаргу, гаворка ідзе аб прыцягненьні ўвагі з боку палітыкаў. Важна агучыць праблему і неабходнасьць яе рашэньня. Распавесьці пра людзей, якіх перасьледуюць.
Далей, важна данесьці, што гэта магчымасьць для эўрапейскай палітыкі стварыць soft-power праект. Магчыма, гэта месца, дзе будзе створаная новая эліта для эпохі пасьля Лукашэнкі і Пуціна, што ў інтарэсах эўрапейскай палітыкі. Мы ведаем, што дыктатуры не жывуць вечна, але мы не ведаем, калі гэта скончыцца. Гэта можа здарыцца заўтра, а можа доўжыцца яшчэ гадоў дзесяць. Але важна, што мы створым структуру, у рамках якой Эўропа зможа зрабіць свой унёсак у падтрымку свабоднай навукі, даць працу калегам-выкладчыкам, а студэнтам адукацыю, якую яны змогуць ужыць пасьля падзеньня дыктатуры. У ідэале яны змогуць вярнуцца на радзіму і ўжыць там веды, атрыманыя ў свабодным грамадзтве.
— Чаму вы прапануеце стварыць асобны, незалежны ўнівэрсытэт, а не прыняць студэнтаў і выкладчыкаў на базе ўжо існуючага?
— Вядома, можна прыцягнуць да праекту асобныя інстытуты, як Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні. Але нашая ідэя палягае ў тым, каб стварыць кампусы ў розных месцах. Напэўна, для такіх краінаў, як Літва, будзе складана рэалізаваць такі праект у адзіночку. Таму пажадана прыцягнуць як мага больш партнэраў і тады глядзець, што магчыма.
— Ці ёсьць ужо падтрымка з боку палітыкаў?
— Мы ўжо пагаварылі з многімі палітыкамі. Гэты працэс пачаўся літаральна два тыдні таму. Цяпер ідэя будзе абмяркоўвацца ў палітычных партыях, у камітэтах, у парлямэнце ў Брусэлі і ў бундэстагу. Ліст апублікаваны на чатырох мовах, у прыватнасьці, на нарвэскай і галяндзкай.
Мы спадзяемся стварыць ціск з розных бакоў. Чым больш будуць ведаць аб праекце, тым большая колькасьць тых, хто падтрымлівае яго. Акрамя таго, некаторыя краіны ўжо шмат зрабілі ў гэтым напрамку. У мінулым годзе Польшча выдзеліла сотні адукацыйных стыпэндыяў беларускім студэнтам.
Нам важна прыцягнуць такія краіны, як Нямеччына, якія валодаюць вялікімі рэсурсамі. Тут існуюць невялікія праграмы падтрымкі перасьледаваных навукоўцаў, напрыклад, Фонду Аляксандра Гумбальдта, але гэтага недастаткова для бягучай сытуацыі ў Расеі і Беларусі. Неабходная вялікая падтрымка на эўрапейскім узроўні. Я спадзяюся, што мы да гэтага прыйдзем. Пакуль мы ў пачатку шляху.