Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Польшчы запэўніў, што краіна мае сродкі на дапамогу ўсім рэпрэсаваным беларускім студэнтам


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве, травень 2021
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве, травень 2021

Шэф канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы паабяцаў, што яго краіна дасьць неабходную падтрымку тым, хто ўжо зазнаў або рызыкуе трапіць пад рэпрэсіі.

«Калі гаворка ідзе пра колькасьць студэнтаў зь Беларусі, у нас ёсьць сродкі, якія дазваляюць нам прымаць дэ-факта ўсіх, хто рызыкуе апынуцца пад рэпрэсіямі», — заявіў кіраўнік кабінэту прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык, яго цытуе PAP.

На сумеснай канфэрэнцыі са старшынём Нацыянальнай рады NZS (Незалежнай асацыяцыі студэнтаў) Кшыштафам Бялашам кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра падкрэсьліў, што беларускія студэнты могуць атрымліваць дапамогу ў шматлікіх праграмах, якія праводзяцца польскім урадам альбо фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту.

Дворчык дадаў, што летась Польшча прыняла 700 чалавек зь Беларусі, у тым ліку студэнтаў і навуковых супрацоўнікаў.

На пытаньне аб магчымасьці даваньня прыстанішча рэпрэсаваным беларусам ён адказаў, што палітыка ў гэтай сфэры ў значнай ступені рэгулюецца заканадаўствам Эўразьвязу. Разам з тым ён падкрэсьліў, што ўсе, каму пагражаюць рэпрэсіі, могуць разьлічваць на дапамогу няўрадавых арганізацый, якія дзейнічаюць у Польшчы.

У Беларусі працягваецца крымінальны і адміністрацыйны перасьлед студэнтаў за іх палітычныя погляды, адрозныя ад лініі ўлады. У гэты момант разглядаецца буйная справа, у якой абвінавачваюць шэраг студэнтаў і выкладчыкаў. Акрамя таго, дзясяткі студэнтаў адлічылі, а выкладчыкаў звольнілі з працы за ўдзел у пратэстах супраць кіраваньня Лукашэнкі.

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG