Больш за два дні на працэсе заняло зачытваньне абвінавачаньня, і тады суд пачаў допыты сьведак. Першымі дапыталі групу сьведак з БДУ, потым — зь Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Вось што вядома пра паказаньні былой рэктаркі МДЛУ Натальлі Баранавай, якая на пачатку вучэбнага году яшчэ займала кіроўную пасаду.
«Яны проста маладыя, гарачыя»
Натальлі Баранавай давялося шмат расказваць аб пратэстах студэнтаў МДЛУ, якія пачаліся ўжо з 1 верасьня. На думку сьведкі, 1 верасьня ў ВНУ не «было несанкцыянаваных акцый».
Паводле Натальлі Баранавай, студэнты праз тэлеграм-каналы папярэджвалі кіраўніцтва ўнівэрсытэту аб сваіх дзеяньнях.
«Мы лічылі, што там нашы студэнты, што мы абавязаныя за іх змагацца, а ня супраць іх. Мы мусілі пагаварыць зь імі. Тое, што адбывалася 1 верасьня, не было акцыяй толькі нашых студэнтаў. Гэта было нешта больш агульнагарадзкое», — сказала Натальля Баранава.
Таксама сьведка выказала меркаваньне адносна характару дзеяньняў студэнтаў. «Я не лічу, што гэта была нейкая антыдзяржаўная пазыцыя. Яны проста маладыя, гарачыя», — мяркуе Натальля Баранава.
Натальля Баранава пацьвердзіла, што некаторыя студэнты сьпявалі ў будынку ўнівэрсытэту, гэтак выказваючы сваю пазыцыю. На пытаньне, ці былі скаргі на гэтыя сьпевы, экс-рэктар адказала, што скаргі паступалі ад тых, хто сьпяваў. «Были скаргі ад тых, хто сьпяваў песьні. Яны хацелі, каб мы адрэагавалі на гэта ўсё і зрабілі сустрэчу з адміністрацыяй».
Акрамя Натальлі Баранавай, суд дапытаў некалькіх дэканаў ВНУ, іншых супрацоўнікаў і студэнтку. Сярод іншага, у гэтых паказаньнях прагучалі зьвесткі пра жорсткія затрыманьні студэнтаў проста ў будынку ўнівэрсытэту.
Маўчаньне — парушэньне?
20 траўня суд пачаў допыты прадстаўнікоў Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, студэнты якога мінулай восеньню таксама ладзілі акцыі пратэсту. Асноўная ўвага — акцыям, якія адбыліся ў кастрычніку.
Сьведка Павал Маркаўцан, прарэктар БДМУ, налічыў 16 акцый пратэсту, якія прайшлі ў ВНУ. Акцыі праходзілі «ва ўсіх корпусах унівэрсытэту», паведаміў сьведка.
«Сьпявалі песьні. Былі выкрыкі „За свабоду“. Было сядзеньне на лесьвіцы», — засьведчыў спадар Маркаўцан. Паводле яго, у акцыях бралі ўдзел па 10–15 чалавек. Сьведка мяркуе, што найбольш масавай была акцыя 26 красавіка, і не выключае, што некаторыя студэнты падчас акцый прапускалі заняткі.
У сьведкі Маркаўцана на судзе спыталі, ці лічыць ён парушэньнем парадку ва ўнівэрсытэце тое, што падчас перапынку «студэнты сядзелі і маўчалі». Павал Маркаўцан адказаў: «Так. Мы ж ведаем кантэкст».
Сьведка Натальля Чыстая працуе загадчыкам юрыдычнага аддзелу БДМУ. Сьведка расказала суду пра патрабаваньні, якія вылучалі студэнты, калі ладзілі акцыі пратэсту ў будынку ВНУ. «Ім не падабаліся вынікі выбараў. Патрабавалі асудзіць дзеяньні сілавых органаў. Прасілі ад адміністрацыі прызнаць парушэньні і асудзіць гвалт».
Паводле Натальлі Чыстай, яе «найбольш непакоіла акцыя 26 кастрычніка». Тады ў аўдыторыю пранік агрэсіўны натоўп, студэнты «групаваліся вакол чалавека з рупарам», які заклікаў іншых студэнтаў далучацца. Найбольш актыўныя студэнты мелі бел-чырвона-белую сымболіку, паведаміла суду сьведка Чыстая.
Паводле Натальлі Чыстай, студэнты зьвярталіся па дазвол на правядзеньне гэтай акцыі, але адміністрацыя адмовіла. Чаму? «Бо ёсьць альгарытм». Сьведка паведаміла, што скаргаў на зьніжэньне якасьці адукацыі ад акцый пратэсту не было, але ня выключыла, што іміджавыя страты для ВНУ будуць. «Магчыма, замежнікі не захочуць ехаць да нас, а гэта вялікая іміджавая страта», — мяркуе спадарыня Чыстая.
Сярод падсудных на працэсе па «справе студэнтаў» — выпускніца МДМУ Алана Гебрэмарыям. Дзяўчына, якую разам зь іншымі фігурантамі трымаюць у жалезнай клетцы, актыўна задавала пытаньні сьведкам. Натальлю Чыстую Алана спытала, ці можа тая паводле сваіх службовых абавязкаў выклікаць у ВНУ міліцыю. На гэтае пытаньне сьведка адказала: «У нас міліцыю можа выклікаць кожны».
«Пратэст і нязгода з вынікамі выбараў»
Наступным ад БДМУ даў паказаньні прарэктар па адміністрацыйнай працы Віктар Баран. Паводле Віктара Барана, у акцыях пратэсту бралі ўдзел «больш за 100 чалавек», якія «перашкаджалі іншым сядзець на лаўках». Што да перашкоды вучэбнаму працэсу, тут пра шкоду сьведка адказаў, што «ня ведае».
Чаму студэнты зьбіраліся на акцыі?— спыталі ў судзе меркаваньне сьведкі. Віктар Баран адказаў адназначна: «Пратэст і нязгода з вынікамі выбараў».
Зноў вяртаюцца да падзей 26 кастрычніка. Паводле Віктара Барана, ён непасрэдна не назіраў за акцыяй у той дзень, бо адсутнічаў, але ведае пра падзеі дзякуючы відэа з камэр назіраньня. Сьведка лічыць, што ўдзельнікі акцыі пратэсту, якая тады праходзіла на лесьвіцы ў рэктараце, паводзілі сябе «агрэсіўна». У сьведкі спыталі: у чым выявілася агрэсія? «Яны хутка ішлі», — адказаў Віктар Баран.
Стаўленьне аховы ў судзе: ад нармальнага да жорсткага
Паводле сваяка адной з падсудных Мікалая Н., абстаноўка ў судовай залі і на падыходзе да суду штодня мяняецца, і гэта можа залежаць ад паказаньняў, якія гучаць на працэсе.
«Штодня абстаноўка розная. У судовай залі то нармальная, то напружаная. Залежыць ад паказаньняў і рэакцыі судзьдзі Марыны Фёдаравай. Калі гучалі сьведчаньні прадстаўнікоў ін’язу пра тое, як жорстка міліцыянты затрымлівалі студэнтаў проста ў будынку, дык заля рэагавала. І тады пачаліся папярэджваньні, што выдаляць і больш ня пусьцяць на суд, хоць ты маці ці бацька. Пасьля гэтага і пропуск на суд стаў больш строгі, прапускаюць выключна бацькоў, хоць раней, калі ты брат ці сястра, — праходзь. Цяпер абстаноўка нібыта нармалізавалася. Але несваякоў па-ранейшаму на суд не пускаюць. Бачыў, як прыходзіла выкладчыца ін’язу, якую звольнілі, дык яе дакладна не пусьцілі. Але гэткіх натоўпаў, як у першы дзень працэсу, каля суду ўжо няма. Мяркую, студэнты і спачуваючыя баяцца затрыманьняў, хоць ведаю, што падтрымка меншай ня стала», — мяркуе брат падсуднай Мікалай.
Паводле адвакатаў, на 24 траўня ў суд у якасьці сьведак выкліканыя прадстаўнікі БНТУ — унівэрсытэту, зь якога за ўдзел у пратэстах адлічылі больш за 40 чалавек.
Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»
Анастасія Булыбенка
Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.
Вікторыя Гранкоўская
Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.
Алана Гебрэмарыям
Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.
Глеб Фіцнер
Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.
Тацяна Якельчык
Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.
Ягор Канецкі
Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.
Яна Арабейка
Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.
Ксенія Сырамалот
Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.
Кася Будзько
Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.
Ільля Трахтэнберг
Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.
Марыя Каленік
Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.
Вольга Філатчанкава
Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.