Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плынь мігрантаў з Іраку будзе павялічвацца». Прагноз ад праваабаронцы наконт сытуацыі на беларуска-літоўскай мяжы


Праваабаронца Алена Чаховіч
Праваабаронца Алена Чаховіч

Праваабаронцы арганізацыі Human Constanta шмат гадоў адсочваюць сытуацыю зь мігрантамі ў Беларусі. Юрыстка Алена Чаховіч расказала пра сытуацыю з уцекачамі з Іраку.

З канца траўня Літва адзначае рэзкае павелічэньне колькасьці мігрантаў з Іраку, якія пераходзяць беларуска-літоўскую мяжу ў непрызначаных для гэтага месцах. Колькасьць затрыманых ідзе ўжо на сотні.

У некаторыя дні літоўскія памежнікі затрымліваюць па некалькі груп агульнай колькасьцю ў дзясяткі чалавек. Паводле памежных службаў, ад пачатку году амаль 300 нелегальных мігрантаў спрабавалі ўехаць у Літву з боку Беларусі. Гэта ў паўтара раза больш, чым за ўвесь 2020-ы.

Юрыстка Алена Чаховіч працуе ў праваабарончай арганізацыі Human Constanta, якая некалькі гадоў адсочвае сытуацыю з замежнымі мігрантамі, якія транзытам празь Беларусь накіроўваюцца ў Эўразьвяз. Яна расказала, што думаюць праваабаронцы пра сытуацыю на беларуска-літоўскай мяжы, і спрагназавала яе далейшае разьвіцьцё.

«Публічнай статыстыкі па мігрантах у Беларусі няма»

«Колькасьць людзей, якія спрабуюць перасекчы беларуска-літоўскую мяжу, павялічылася, — кажа Алена. — Гэта адзначае і памежны камітэт Літвы, і памежны камітэт Беларусі. 11 чэрвеня на сайце беларускага памежнага камітэту зьявілася паведамленьне, што колькасьць мігрантаў, паводле іх дадзеных, павялічылася ў 20 разоў. Яны, праўда, не ўдакладняюць, у параўнаньні зь якім пэрыядам і дзе былі затрыманыя тыя мігранты — на баку Беларусі ці на баку Літвы».

Алена кажа, што праваабаронцам у Беларусі складана адсочваць сытуацыю зь мігрантамі ва ўсёй паўнаце. Людзі перамяшчаюцца празь Беларусь транзытам і падаюць заявы аб прызнаньні ўцекачамі ўжо ў Літве, альбо дзейнічаюць нейкім іншым чынам на яе тэрыторыі. Займацца вырашэньнем юрыдычных пытаньняў на тэрыторыі Літвы беларускія праваабаронцы ня могуць. Дапамагаць мігрантам, якіх спыняюць на мяжы беларускія памежнікі, таксама складана.

«У нас нават няма публічнай статыстыкі, — кажа Алена. — Дзяржаўныя органы не паведамляюць колькасьць затрыманых. Таму складана адсачыць, колькі людзей затрымлівалі ў красавіку-траўні 2021 году, а колькі было затрымана за тры тыдні чэрвеня. Але гэта можна спрабаваць адсочваць праз сайт Памежнага камітэту. І вось калі раней, у тым жа сакавіку, там зьяўлялася ад пяці навінаў аб затрыманьні мігрантаў у месяц, то за чэрвень я пакуль бачыла толькі адну такую публікацыю. Яна тычылася затрыманьня пяці грамадзянаў Іраку. Паведамленьняў аб затрыманьні мігрантаў на літоўскім баку значна больш. Таму можна зрабіць выснову, што людзі ў асноўным трапляюцца памежнікам ужо на літоўскім баку мяжы».

«Тое, што адбываецца зараз, — незвычайная сытуацыя»

Па словах Алёны Чаховіч, у Беларусі затрыманых на мяжы мігрантаў звычайна зьмяшчаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня. У Лідзе, калі спынілі ў Горадзенскай вобласьці, і ў Воршы, калі затрыманьне адбылося на Віцебшчыне. Там чалавек можа чакаць дэпартацыі на радзіму месяцамі, калі не зьвяртаецца да беларускіх уладаў з просьбай аб палітычным прытулку. Тады ўсё залежыць ад абставінаў канкрэтнага чалавека. Аднак, адзначае Алена, Беларусь збольшага адмаўляе ўсім, хто просіць прытулку на яе тэрыторыі.

Міграцыя грамадзянаў Іраку на тэрыторыю Эўразьвязу празь Беларусь — гэта нешта новае? Па словах праваабаронцаў, грамадзян гэтай краіны затрымлівалі на мяжы і раней, як і грамадзян суседніх з Іракам краін. Аднак тое, што адбываецца цяпер, насамрэч незвычайна.

«На самой справе, калі праааналізаваць паведамленьні літоўскіх памежных службаў аб грамадзянстве затрыманых у апошнія месяцы, гэта будуць у асноўным грамадзяне Іраку, — кажа Алена. — Чым гэта патлумачыць, сказаць складана. Цалкам магчыма, што тут адыгрывае сваю ролю так званае „сарафаннае радыё“. Інфармацыйныя каналы, па якіх паміж саміх мігрантаў распаўсюджваюцца зьвесткі пра магчымыя месцы перасячэньня мяжы. Гэта можа быць зьвязана і з адкрыцьцём авіярэйсаў. Павялічыўся пасажырапаток у цэлым, і сярод тых, хто прыяжджае ў Беларусь з Іраку, стала больш і мігрантаў».

Па словах Алены Чаховіч, прамых пацьверджаньняў таго, што беларускія ўлады перасталі спыняць мігрантаў на мяжы зь Літвой і Польшчай, няма. Праваабаронца не хацела б абвінавачваць беларускія ўлады ў тым, што пакуль ня мае пацьверджаньня. Рост колькасьці затрыманых літоўцамі мігрантаў можна патлумачыць ня толькі тым, што беларусы перасталі іх спыняць, а і тым, што магла вырасьці плынь ахвотных перасячы мяжу.

«Магчыма нават так, што гэтыя два фактары цяпер працуюць разам, і мы маем тую сытуацыю, якую маем, — кажа Алена Чаховіч. — Аднак якая прычына насамрэч дамінуе, сказаць складана. Доказаў таго, што памежны камітэт Беларусі перастаў працаваць, у нас няма. Паўтаруся, раней паведамленьняў аб затрыманьнях мігрантаў беларускімі памежнікамі было больш. Зараз іх стала менш, і больш людзей затрымліваюць літоўскія памежнікі. Узровень працы беларускіх памежнікаў як быццам бы зьнізіўся. Адмыслова гэта зроблена ці не адмыслова — гэта ўжо іншае пытаньне. Я мяркую, што раней беларускія памежнікі больш адказна ставіліся да сваёй працы. Людзей на беларускім баку мяжы затрымлівалі больш, чым цяпер».

«Беларусь падпісала з ЭЗ пагадненьне аб рэадмісіі, але яно не працуе»

Алена расказвае, што праваабаронцам працаваць з затрыманымі ў Беларусі мігрантамі складана. Калі іх затрымліваюць і зьмяшчаюць у ІЧУ, доступу да гэтых людзей можа ўвогуле ня быць. Даведацца пра знаходжаньне мігранта ў такіх месцах атрымліваецца ад іх родных, сяброў, альбо нават ад выпадковых беларусаў — вязьняў ізалятараў. Вельмі часта ад «палітычных», якія траплялі ў адну камэру са злоўленым беларускімі памежнікамі іншаземцам.

«Тады мы ўжо можам зьвязацца з Упраўленьнем па справах уцекачоў у Беларусі, каб іх прадстаўнік наведаў ізалятар і спытаў у чалавека, ці хоча ён папрасіць у Беларусі прытулку, — расказвае праваабаронца. — Альбо мы можам наняць адваката і такім чынам дапамагаць. Але непасрэдна як у праваабаронцаў у нас у Беларусі вельмі мала магчымасьцяў дапамагаць людзям. І большасьць затрыманых мігрантаў увогуле не трапляе ў наша поле зроку».

Вяртаючыся да сытуацыі зь мігрантамі з Іраку, Алена Чаховіч адзначае, што пакуль складана зразумець, ці маюць яны справу з сапраўдным міграцыйным крызісам. У бліжэйшы час беларускія праваабаронцы плянуюць усталяваць кантакт зь літоўскімі калегамі, каб вырашыць, што можна рабіць далей. Літоўскія службы пакуль даюць рады, аднак што будзе далей — вялікае пытаньне.

«Год таму Беларусь і Эўразьвяз падпісалі пагадненьне аб рэадмісіі, — нагадвае Алена. — І калі б адносіны паміж краінамі былі добрыя, а пагадненьне б працавала, то сытуацыя для мігрантаў была б іншая. Напрыклад, калі чалавек ня просіць прытулку ў Літве і дакладна вядома, што ён прыбыў на тэрыторыю Літвы з тэрыторыі Беларусі, яго маглі б выдаваць беларускім уладам, каб тыя самі зь ім разьбіраліся. Але цяпер інфармацыі пра такія запыты няма. І, я думаю, яны ня будуць працаваць у сувязі з сапсаванымі адносінамі. Таму Літве і Польшчы прыйдзецца самім займацца працэдурай выдварэньня замежнікаў».

«Да канца лета плынь мігрантаў будзе павялічвацца»

Алена кажа, што за апошні час грамадзяне Іраку пакуль не зьвярталіся да іх па дапамогу для затрыманых беларускімі памежнікамі суайчыньнікаў. Зьвяртаюцца грамадзяне Шры-Ланкі, Кот-д’Івуару, іншых краін.

«Людзі могуць знаходзіцца ў беларускім ізалятары месяцамі, а пра іх ніхто нават ня ведае, — расказвае праваабаронца. — Нават да году могуць там быць, пакуль беларускія ўлады займаюцца высьвятленьнем яго асобы. Амбасады краін, адкуль паходзяць такія людзі, часта не адказваюць ні на якія запыты. Вельмі складана знаходзіць інфармацыю пра такіх людзей. Мы літаральна выпадкова даведваемся пра такіх затрыманых. Ня можам нават ацаніць маштаб праблемы».

Па словах Алены, апошнім часам супрацоўніцтва праваабаронцаў з Human Constanta зь беларускімі дзяржаўнымі органамі фактычна спынілася. Раней яно здаралася пэрыядычна. Былі нават выпадкі, калі насустрач ішлі адміністрацыі калёній, дзе ўтрымліваліся затрыманыя мігранты. Яна прагназуе, што сытуацыя зь мігрантамі з Іраку ў Беларусі можа заставацца напружанай на працягу ўсяго лета. Існуе вялікая верагоднасьць, што ў бліжэйшыя месяцы іх будзе станавіцца толькі больш.

«Далейшая сытуацыя зь мігрантамі з Іраку залежыць ад некалькіх фактараў, — падсумоўвае Алена. — Па-першае, як будзе разгортвацца сытуацыя ў Літве. Наколькі пасьпяхова будуць разглядацца хадайніцтвы аб абароне, наколькі станоўчыя адказы. Альбо людзей пачнуць высылаць на радзіму. На дадатак трэба ўлічваць сэзонны фактар. Да канца лета плынь мігрантаў будзе павялічвацца. Альбо, як мінімум, застанецца на такім жа ўзроўні. А потым восень. І, як мы маглі назіраць па сытуацыі з чачэнскімі ўцекачамі, плынь скарачаецца. Вельмі верагодна, тут адбудзецца тое самае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG