Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар краіны Пэдра Санчэс.
Рэфэрэндум ня быў прызнаны ўладамі Гішпаніі і выклікаў сэрыю сутыкненьняў паміж прыхільнікамі сэпаратыстаў і нацыянальнай паліцыяй. 92% яго ўдзельнікаў прагаласавалі за незалежнасьць.
У 2019 годзе лідэры каталёнскіх сэпаратыстаў былі асуджаныя на тэрміны ад 9 да 13 гадоў за злачынствы, зьвязаныя з падбухторваньнем да паўстаньня і нямэтавым выкарыстаньнем дзяржаўных сродкаў, выдаткаваных на арганізацыю рэфэрэндуму. Яны павінны быць вызваленыя з турмы пасьля таго, як рашэньне аб памілаваньні будзе фармалізаванае з пункту гледжаньня юрыдычных працэдураў і апублікаванае ў афіцыйным урадавым весьніку, перадае AFP.
Памілаваньне выклікала незадаволенасьць у правай апазыцыі ў Гішпаніі і ў каталёнскіх партыяў, якія выступаюць за незалежнасьць краіны. Правыя патрабавалі ад караля Філіпа VI не падпісваць рашэньне ўраду аб памілаваньні, каб не заахвочваць сэпаратыстаў.
Каталёнскія ж партыі патрабуюць, каб памілаваныя былі ўсе палітыкі, якія маюць дачыненьне да рэфэрэндуму, каб ім дазволілі браць удзел у выбарах і каб Мадрыд дазволіў правядзеньне прызнанага ім рэфэрэндуму аб незалежнасьці.
Прэмʼер-міністар Санчэс, анансуючы рашэньне аб памілаваньні 21 чэрвеня, заявіў, што лічыць, што рашэньне ўраду дапаможа бакам наладзіць дыялёг. «Мы ня можам пачаць з нуля, але мы можам пачаць з пачатку, — сказаў ён. — Каталёнцы! Каталёнкі! Мы вас любім», — завяршыў ён напярэдадні сваю прамову.