Паводле апытаньняў напярэдадні рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі, які прайшоў 1 кастрычніка, меркаваньні «за» і «супраць» сярод каталёнцаў былі падзеленыя прыкладна пароўну. Прыхільнікі адзінай Гішпаніі на вуліцах Барсэлёны пагутарылі з Радыё Свабода, хоць большасьць зь іх адмовілася фатаграфавацца, нягледзячы на тлумачэньні, што гэта для замежнага СМІ.
40-гадовы Жордзі і спадарыня сталага веку Сара тлумачылі гэта простым нежаданьнем. Антоніё, якому за 50, сказаў, што баіцца. Усё трое кажуць, што яны каталёнцы і ўсё жыцьцё пражылі ў Каталёніі. Пры гэтым некаторыя з апытаных супраць аддзяленьня ад Гішпаніі, але галасавалі за незалежнасьць.
Лёіс і сюрэалізм
Тое, што цяпер адбываецца, гэта вельмі сюрэалістычна і сумна. Ажно ня верыцца. Я з той часткі людзей, якая не выходзіць на вулічныя маніфэстацыі, але я лічу, што няма ніводнай прычыны, якая апраўдвала б падзел Гішпаніі. Сам я з Галісіі, але жыву тут ужо 15 гадоў.

Антоніё і закон
Гэты рэфрэндум незаконны і недэмакратычны. Для таго, каб ён быў законны, трэба было б, каб галасавалі людзі па ўсёй Гішпаніі.

Крысьціна і супярэчнасьці
У мяне ў сям'і і каталёнцы, і андалюсійцы. Я не прыхільніца аддзяленьня ад Гішпаніі. Не зьбралася ісьці на рэфэрэндум. Аднак урад так сябе паводзіў, што гэта стала ператварацца ў дыктатуру. У выніку я пайшла і прагаласавала за незалежнасьць, але гэта было галасаваньне насуперак.

Жордзі і злосьць
Я не хачу, каб Каталёнія стала незалежнай дзяржавай. Але я пайшоў і прагаласаваў «за», бо я раззлаваўся на паліцэйскі гвалт. Зьбіраўся галасаваць «супраць», але прагаласаваў «за». Мне не падабаецца ўрад Гішпаніі і не падабаецца ўрад Каталёніі. Яны мне агідныя.

Сара і выбар
Я супраць аддзяленьня, бо гэта значыла б сысьці з Эўразьвязу. Але я была за тое, каб адбыўся рэфэрэндум, бо людзі маюць права выказацца.
