Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23-гадовага жыхара Гомля судзяць за тое, што ў штурханіне зачапіў нагой міліцыянта


Павал Ларчык на судзе, фота праваабарончага цэнтру «Вясна»
Павал Ларчык на судзе, фота праваабарончага цэнтру «Вясна»

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 21 чэрвеня пачаў разгляд крымінальнай справы за «гвалт над міліцыянтам» 23-гадовага Паўла Ларчыка.

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 21 чэрвеня пачаў разгляд крымінальнай справы за «гвалт над міліцыянтам» у дачыненьні 23-гадовага Паўла Ларчыка.

Летась падчас маршу 20 верасьня адбылася штурханіна. Паўла павалілі на зямлю, цягнулі ў розныя бакі, і ён у штурханіне зачапіў нагой міліцыянта.

Пацярпелы — супрацоўнік Чыгуначнага РАУС, 34-гадовы Павел Шапавалаў. Першапачаткова за «гвалт» над гэтым міліцыянтам затрымалі сябра Паўла Ларчыка Аляксея Губіча. Яго абвінавацілі, што ён стукнуў нагой міліцыянта. Але пазьней Губіча судзілі ў закрытым судзе за тое, што ён нібыта ўдарыў супрацоўніка АМАП. Губіча пакаралі калёніяй на тры гады.

Па Паўла Ларчыка міліцыя прыйшла ў канцы лютага 2021 году. Ён з 1 сакавіка ў СІЗА.

Справу разглядае судзьдзя Алеся Осіпава.

Паводле абвінавачаньня, Ларчык, «дзейнічаючы з матываў палітычнай варожасьці», «у мэтах перашкодзіць законнай дзейнасьці» нанёс ня менш за тры ўдары нагой міліцыянту. Той атрымаў гематому, якая не пацягнула кароткатэрміновага разладу здароўя.

Абвінавачаны прызнаў віну часткова. Ён патлумачыў, што сапраўды быў на маршы 20 верасьня. Пры прарыве ачапленьня АМАП пачалася штурханіна, у выніку якой Павал упаў і апынуўся на асфальце. «Я ляжаў на асфальце, а нехта цягнуў мяне за нагу і за адзеньне — у розныя бакі. Я ў гэты момант вырываўся, ня бачыў, хто мяне цягнуў, і штурхануў некага нагой. Гэта адбывалася вельмі хутка. Я ня бачыў, каго я штурхнуў, бо ляжаў на сьпіне, у мяне доўгія валасы, і празь іх я ня бачыў», — тлумачыў абвінавачаны.

Дыялёг пракуроркі з падсудным:

— Калі вы першы раз у некага пацэлілі, то варта было спыніцца?

— Я тады не задумаўся, былі машынальныя дзеяньні, на стрэсе.

— Вы ляжалі на сьпіне, глядзелі ў неба ці бачылі чалавека перад вамі? Вы ня бачылі, што гэта міліцыянт?

— Ня бачыў.

— Вы не заўважылі міліцыянта ці не хацелі заўважаць?

— Не заўважыў. Была штурханіна, гармідар.

— Чаму вы не расслабіліся, не паляжалі пару хвілін, пакуль вас цягнулі ў розныя бакі?

— Гэта было сумбурна, была стрэсавая сытуацыя, я фізычна ня мог расслабіцца.

Міліцыянт Шапавалаў паказаў, што «калі абвінавачаны пайшоў да супрацоўніка АМАП, я схапіў яго за тулава». «Ён ляжаў на сьпіне, я трымаў яго за ногі, ён наносіў удары. У яго доўгія валасы, ён мяне ня бачыў. Ён нанёс мне два ці тры ўдары», — казаў міліцыянт. Па кампэнсацыю маральнай шкоды ён не зьвяртаўся.

Суд працягнецца 2 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG