Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паказалі як доказ фота не падобнай да мяне жанчыны». У Гомлі трымалі ў ІЧУ як падазраваную ў масавых беспарадках маці 3-гадовага дзіцяці


Пратэст у Гомлі 20 верасьня 2020
Пратэст у Гомлі 20 верасьня 2020

18 чэрвеня з ізалятару часовага ўтрыманьня была вызваленая 29-гадовая фатографка Аліна Бірукова. 15 чэрвеня яе схапілі сілавікі каля яе дому ў Гомлі, калі яна выходзіла з трохгадовым сынам з аўтамабіля.

«Асабліва нічога не тлумачылі. Сказалі, што трэба правесьці вобшук. Добра, што прыехала мая маці і забрала сына. Мяне ж забралі на допыт, і потым — у ІЧУ. Паказалі здымак нейкай жанчыны і пыталіся — ці я гэта? Маўляў, гэтая жанчына ўдзельнічала ў Маршы ў Гомлі 20 верасьня. Але на здымку была ня я. І нават не падобная — ні такога адзеньня я ня маю, і фігура не такая. Я ім патлумачыла, што 20 верасьня не хадзіла на Марш, была зь дзіцем, але мяне ня слухалі, і адправілі ў ІЧУ», — распавяла Аліна.

У ІЧУ яна была тры дні. «Прыходзіў нехта ў цывільным. Пагражаў, што пазбавяць бацькоўскіх правоў, што мяне пасадзяць у турму, за што?», — кажа жыхарка Гомля.

У ізалятары ёй не далі ані бялізны, ані коўдры і падушкі. «Падымалі ноччу два разы. Мусіла ўставаць, называць сваё прозьвішча. Сказалі — такія ў іх "правілы ўнутранага распарадку". Як я вытрымала? Мэдытавала, плакала... Шмат плакала. Ад такой несправядлівасьці была горыч у роце», — кажа Аліна.

Цяпер яна ў статусе падазраванай у крымінальнай справе. Аліна тлумачыць, што не была ў цэнтры гораду 20 верасьня, і на здымку зусім не яна. «Сказалі, што будзе экспэртыза, будуць разьбірацца», — дадала маладая маці.

Гомельскія сілавікі з пачатку чэрвеня пачалі затрымліваць мясцовых жыхароў за марш 20 верасьня 2020 году. Тады ў горадзе прайшла мірная акцыя, не было «масавых беспарадкаў», ніхто ня біў вітрын, не паліў нічога, не зьбіваў міліцыю. Цяпер як найменш пяць чалавек знаходзяцца ў СІЗА за марш 20 верасьня.

Раней за тое, што ён нібыта штурхануў супрацоўніка АМАП 20 верасьня, быў асуджаны жыхар Гомеля Аляксей Губіч. Суд прайшоў у закрытым рэжыме. Падрабязнасьці справы невядомыя. Спачатку Аляксея абвінавацілі ў тым, што ён штурхануў супрацоўніка міліцыі. Але калі не здабылі доказаў, то ў «справе» раптам зьявіўся невядомы супрацоўнік АМАП, які выступіў пацярпелым у закрытым судзе. Губіч пакараны пазбаўленьнем волі на 3 гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG