Гаворка пра падзеі 20 верасьня мінулага году. На акцыі пратэсту ў Гомлі адбылася штурханіна, падчас якой міліцыянт з рупарам упаў на асфальт.
Праз месяц затрымалі 24-гадовага Аляксея Губіча. Яго абвінавацілі ў «гвалце» — нібыта ён тады штурхануў міліцыянта. Потым абвінавачаньне з Аляксея зьнялі, але не адпусьцілі з СІЗА і абвінавацілі ў гвалце над байцом АМАП.
Суд над ім праходзіў у закрытым рэжыме, Аляксей Губіч атрымаў пакараньне ў выглядзе 3 гадоў калёніі. Ён мусіць сплаціць пацярпеламу супрацоўніку АМАП 300 рублёў.
Маці Аляксея расказала, што ўвосень у яго мусіла быць апэрацыя на вочы. «А цяпер у калёніі ён проста асьлепне», — гаворыць жанчына.
«Павал — сябар Аляксея. Яго выклікалі некалькі разоў у міліцыю як сьведку. Бо ў яго ў міліцыі зьнік срэбны ланцужок. Сёньня Паўла зноў выклікалі як сьведку па тым ланцужку, а ў выніку павезьлі ў пракуратуру, каб прад’явіць абвінавачаньне. Нібыта штурхнуў супрацоўніка міліцыі 20 верасьня», — распавяла Ганна, маці Паўла.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.