4 лютага суд Цэнтральнага раёну Гомля прызнаў вінаватым і пакараў пазбаўленьнем волі на тры гады 24-гадовага Аляксея Губіча. Таксама ён мусіць выплаціць 300 рублёў кампэнсацыі пацярпеламу. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Прычыны гэтага ў судзе не патлумачылі.
Паводле суду, Губіч дзейнічаў «з помсты за выкананьне службовых абавязкаў».
Аляксей Губіч знаходзіцца ў СІЗА з 20 кастрычніка.
«У калёніі ён проста асьлепне»
Маці Аляксея Губіча паведаміла, што ён мае рэдкае захворваньне вачэй — кератаконус. Калі не зрабіць у час апэрацыю, хвароба прывядзе да сьлепаты. Апэрацыя плянавалі зрабіць мінулай восеньню.
«Але цяпер ён у турме. І безь лячэньня проста асьлепне», — зазначыла яна.
Яна расказала, што Аляксей мае вышэйшую адукацыю, быў інжынэрам, займаўся музыкай. Да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся.
«Мы даказалі, што супрацоўнік міліцыі ўпаў сам»
Паводле першапачатковай вэрсіі сьледзтва, Аляксей Губіч на акцыі пратэсту 20 верасьня штурхнуў міліцыянта ў сіняй камізэльцы і з гукаўзмацняльнікам .
«На мірным маршы была штурханіна, — расказала маці. — Яго спачатку затрымалі паводле адміністрацыйнага артыкулу, потым пачалі крымінальную справу. Магчыма, Аляксея затрымалі таму, што ён быў са сьцягам на акцыі — палічылі актывістам.
Спачатку яго абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам РАУС. Падчас акцыі той упаў, і вінаватым вырашылі зрабіць сына. Мы пыталіся ў сьледчага: „Вы ж разумееце, што наш сын не рабіў гэтага?“ Ён сказаў: „Я вас разумею, але я чалавек паднявольны, у мяне ёсьць два сьведкі, гэтага дастаткова“.
Мы кінулі кліч у сацыяльных сетках, каб людзі прыслалі нам здымкі з маршу. І дзякуючы неабыякавым людзям мы даказалі, што супрацоўнік міліцыі ўпаў сам, наш сын яго не чапаў. Зь яго зьнялі гэтае абвінавачаньне», — патлумачыла маці.
Новы пацярпелы зьявіўся праз два месяцы
Праз два месяцы пасьля згаданых падзей зьявіўся новы пацярпелы — супрацоўнік АМАПу.
«Нібыта Аляксей яго ўдарыў! У якасьці доказу было відэа, на якім відаць, што нага Аляксея паднятая ў паветра. Гэта ўсё. Больш ніякіх доказаў няма, апроч паказаньняў амапаўца, які ў судзе выступаў пад прозьвішчам Іваноў і быў у балаклаве. Суд зрабілі закрытым — я так думаю, каб схаваць гэтае беззаконьне», — дадала маці.