Газэта South China Morning post у артыкуле «Чаму заходнія санкцыі могуць падштурхнуць Беларусь да пераходу на кітайскія тэхналёгіі» ўзгадала прымусовую пасадку самалёта з Раманам Пратасевічам, пасьля якой афіцыйны Менск стаў гаварыць пра імаверную замену эўрапейскіх тэхналёгій расейскімі ды азіяцкімі. Разам з тым суразмоўцы выданьня мяркуюць, што Кітаю варта будзе шчыльна супрацоўнічаць з расейскім бокам прычыны доўгатэрміновага ўплыву Расеі на Беларусь.
У прыватнасьці, згадваюцца словы прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі аб тым, што «Кітай можа замяніць 90% тэхналёгій Эўропы і ЗША».
Чжан Сінь, дацэнт катэдры міжнародных адносін Усходне-Кітайскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, заявіў, што Беларусь і Кітай могуць паглыбіць супрацоўніцтва ў такіх галінах, як вайсковая прамысловасьць, 5G, хімічныя ўгнаеньні і энэргетыка.
«На працягу апошніх гадоў бакі шчыльна супрацоўнічаюць у вайсковай прамысловасьці. Характэрна, што гэта тып роўнага супрацоўніцтва, пры якім тэхналёгія абменьваецца на тэхналёгію, а не адзін бок разьлічвае на другі. Яно, магчыма, будзе яшчэ больш паглыбляцца з улікам новай геапалітычнай сытуацыі», — сказаў экспэрт.
У мінулым месяцы беларускі апэратар мабільнай сувязі А1 сумесна з кітайскім ZET запусьціў аўтаномную тэставую сетку 5G па ўсёй краіне, першую сярод краін Усходняй Эўропы.
Паводле кітайскага Міністэрства гандлю, Беларусь атрымала ад Пэкіну ў 2019 годзе найбольшыя прамыя інвэстыцыі сярод краін Усходняй Эўропы — звыш 30 мільёнаў даляраў. На думку старэйшага навуковага супрацоўніка Цэнтру расейскіх і цэнтральнаазіяцкіх дасьледаваньняў Шанхайскага інстытуту міжнародных дасьледаваньняў Чжао Лонг, Беларусь будзе больш эканамічна залежаць ад Расеі ў выніку заходніх санкцый, а таму ў Менску чакаюць, што і Кітай, і Расея будуць пашыраць інвэстыцыі і гандаль у краіне.
Аднак разам з тым кітайскія кампаніі разумеюць, што канфлікт інтарэсаў афіцыйнага Менску з Эўропай паўплывае і на іх, бо некаторым кампаніям ня ўдасца трапіць на заходнеэўрапейскі рынак празь Беларусь.
«Калі Кітай умацоўвае сувязі зь Беларусьсю ў тэхналягічнай і эканамічнай сфэрах, неабходна будзе падтрымліваць сувязь з Расеяй, бо Кітай мусіць паважаць даўні ўплыў Расеі на Беларусь», — сказаў Чжан Сінь.