Адвакат Сяргей Зікрацкі, які ў выніку ціску ўладаў вымушана пакінуў Беларусь і далучыўся ў Вільні да каманды Сьвятланы Ціханоўскай, у сувязі з гэтым нагадаў, што разгляд справы ў закрытым судовым пасяджэньні дапускаецца ў выключных выпадках:
- калі гаворка аб захаванньні дзяржаўных сакрэтаў,
- дзеля прадухіленьня распаўсюджаньня зьвестак пра інтымныя бакі жыцьця,
- калі злачынства зьдзейсьніла асоба да 16-гадовага ўзросту.
«Відавочна, што закрытыя суды — гэта нязграбная спроба схаваць ад грамадскасьці рэальнае становішча спраў. Усім відавочна, што за год сьледзтва не сабрала ніводнага доказу вінаватасьці абвінавачаных у гэтай справе. Да гэтага ў закрытым рэжыме правялі крымінальную справу супраць Паўла Севярынца, Ірыны Шчаснай, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Зьмітра Казлова, Максіма Вінярскага. Усе гэтыя людзі ня зьдзейсьнілі нічога незаконнага, і рэжым проста баіцца, што гэта стане вядома ўсім, калі справа будзе слухацца адкрыта».
Намер правесьці чарговае пасяджэньне ў СІЗА юрыст называе «зьдзекам з абвінавачаных і іх сваякоў». Да таго ж Гомельскі абласны суд мае ўсіе неабходныя тэхнічныя ўмовы для правядзеньня працэсу ў сваім будынку.
«Прычына, зь якой вырашана правесьці пасяджэньне ў іншым месцы, традыцыйна не агучваецца. Аднак пікантнасьць сытуацыі ў тым, што адзіны дакумэнт, у якім сказана пра магчымасьць праводзіць выязныя пасяджэньні па-за судовымі памяшканьнямі, — гэта пастанова пленуму Вярхоўнага суду аб забесьпячэньні галоснасьці пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя. Вось такім чынам рэжым забясьпечвае галоснасьць крымінальных спраў — прызначае закрытыя пасяджэньні і праводзіць іх у СІЗА, каб сваякі не змаглі ўбачыць сваіх блізкіх, а самі абвінавачаныя ня бачылі падтрымкі».
Але і без таго вядома, што беларусы падтрымліваюць палітвязьняў і разам змагаюцца за свой выбар, канстатуе юрыст. На перакананьне Сяргея Зікрацкага, грамадзтва абавязкова даб’ецца таго, каб у новай Беларусі суды былі па-сапраўднаму незалежнымі, а пасяджэньні не даводзілася хаваць ад уласнага народу.