Палітвязьня, кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка затрымалі ў яго дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. 15 чэрвеня 2021 году стала вядома, што суд па яго справе пачнецца амаль роўна праз год пасьля затрыманьня — 24 чэрвеня. Судзіць Ігара, а таксама Сяргея Ціханоўскага, Міколу Статкевіча і шэраг іншых палітвязьняў будуць на тэрыторыі СІЗА, а не ў абласным судзе Гомля, куды першапачаткова перадалі матэрыялы справы.
«Ігар лічыць, што суд пройдзе ў закрытым рэжыме і ў СІЗА зь дзьвюх прычын, — расказала пра рэакцыю Ігара Лосіка на навіну пра будучы працэс па яго справе жонка Ігара Дар’я. — Па-першае, улады баяцца вялікага зграмаджэньня людзей. І спрабуюць перашкодзіць гэтаму ўсімі магчымымі мэтадамі. Па-другое, адкрытасьць працэсу ўсім давяла б, што абвінавачаньні пустыя, а яго віна не даказаная».
Па словах Дар’і Лосік, Ігар даведаўся аб тым, што яго суд будзе праходзіць у СІЗА, раніцай 15 чэрвеня, яму прынесьлі ў камэру нейкі дакумэнт з інфармацыяй аб гэтым. Дар’я кажа, што пакуль ня ведае, як менавіта будзе адбывацца судовы працэс па справе яе мужа. Невядома, ці зможа сам Ігар прысутнічаць на нейкіх паседжаньнях, ці будзе ўвесь час заставацца ў камэры.
Дар’я пакуль таксама ня ведае, ці існуе хаця б тэарэтычная магчымасьць яе прысутнасьці на паседжаньнях. Яна зьбіраецца абмеркаваць магчымасьць накіраваньня хадайніцтва аб гэтым з адвакатам Ігара.
«Але я ў любым выпадку буду ў Гомлі падчас працэсу, каля СІЗА-3, — кажа Дар’я. — Як там што будзе адбывацца, я, на жаль, ня ведаю. Я абсалютна салідарная са сваім мужам, падзяляю яго погляд на прычыны закрыцьця працэсу. Адкрыты суд паказаў бы, што справа развальваецца, што за год ніякіх доказаў віны Ігара не было знойдзена. Яны ня могуць прызнаць сваю памылку, прызнаць, што яны аблажаліся. Адпаведна, суд павінен быць закрыты, каб ніхто нічога не даведаўся і не пачуў. Там зможа быць адвакат. І для іх было б лепш, каб я таксама была ў залі, а не ля сьценаў гомельскага СІЗА № 3».
Судовы працэс па справе Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча і шэрагу іншых палітвязьняў пачнецца 24 чэрвеня. Ён будзе праходзіць у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА-3 Гомля.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.