На закрытым працэсе ў Магілёўскім абласным судзе Максіма Вінярскага, Дзьмітрыя Казлова, Паўла Севярынца, Паўла Юхневіча, Ірыну Шчасную прызналі вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК), а Яўгена Афнагеля ды Андрэя Войніча — яшчэ ў навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў іх (ч. 3 арт. 293 КК). Акрамя таго, усе сем актывістаў абвінавачаныя ў рыхтаваньні да злачынства (ч. 1 арт. 13 КК).
Усіх іх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.
Крымінальную справу судзьдзя Ірына Ланчава разгледзела на закрытым працэсе за два тыдні. У дні судовых пасяджэньняў у фае суду дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі. Кантралявалі яны сытуацыю і 25 траўня, калі працэс завяршаўся.
На агучваньні прысуду дазволілі прысутнічаць родным абвінавачаных і журналістам. Усе падсудныя, акрамя Ірыны Шчаснай, спрабавалі прыцягваць да сябе ўвагу жэстамі. Ірына ж, пакуль ня ўбачыла сваіх родных, сядзела сьцішана ў кутку клеткі. Сваякоў зьняволеныя актывісты сустрэлі воплескамі. Павал Севярынец заявіў, «што ніякага суду не было, а Беларусь будзе вольнай». Ягоны выгук «Верым, можам, пераможам!» родныя паўтарылі некалькі разоў.
Судзьдзя Ланчава не задаволіла хадайніцтва аб фота- і відэафіксацыі зачытваньня прысуду. Супраць выступіла прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачваньня. Падсудныя падтрымалі прапанову. Максім Вінярскі ад імя абвінавачаных сказаў, што «яны настойваюць, каб было задаволенае права на атрыманьне інфармацыі і зафіксавана, як будуць агучваць несправядлівы, на яго погляд, прысуд. Вінярскаму судзьдзя зрабіла заўвагу.
Агучваньне выніковай часткі судовага рашэньня заняло 15 хвілін. Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Максіма Вінярскага, Паўла Юхневіча, Ірыну Шчасную, Дзьмітрыя Казлова, Паўла Севярынца прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, зьнішчэньнем маёмасьці і збройным супрацівам прадстаўнікам улады. Афнагеля — яшчэ ў фінансаваньні і іншым матэрыяльным забесьпячэньні дзейнасьці па падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў. А Войніча — у іншым матэрыяльным забесьпячэньні падрыхтоўкі да беспарадкаў.
- Сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» Паўлу Севярынцу, актывістам кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу прысудзілі 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Актывістам кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Паўлу Юхневічу, Максіму Вінярскаму і блогеру YouTube-каналу «Шэры кот» Дзьмітрыю Казлову прысудзілі па 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Актывістку і рэдактарку тэлеграм-каналаў (сярод іх «Мая краіна Беларусь») Ірыну Шчасную пакаралі 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
Завяршэньне агучваньня прысуду зьняволеныя актывісты сустрэлі выгукам «Жыве Беларусь!» Заля адказала зноў. Канвойныя папрасілі прысутных пакінуць яе.
Прысуд Ланчавай набудзе моц праз 10 дзён, калі абвінавачаныя не абскардзяць яго. Родныя абвінавачаных атрымалі пастановы на спатканьні зь імі ў магілёўскай турме № 4.
Рэакцыя маці Севярынца
Тацяна Севярынец, маці палітыка Паўла Севярынца, асьцерагалася, што і агучваньне прысуду скончыцца затрыманьнямі, але абышлося бязь іх. Жанчына адзначае, што «вялікі прысуд» чаканы. На яе погляд, улада «намагаецца схаваць сапраўдных беларусаў, якіх асудзілі, як мага далей і на даўжэйшы час».
«Але ў яе нічога не атрымаецца, бо ў хуткім часе гэтыя людзі будуць на волі. Няма ніякага сумненьня, што так будзе. Гэтай надзеяй мы жывём і верым у гэта», — лічыць яна.
Тацяна Севярынец ня бачыла сына амаль год і сёньня хоча яго пабачыць на спатканьні. Яна кажа, што «ён крыху ўсох». Паводле яе, Павал ёй пісаў, што схуднеў на колькі кіляграмаў.
«Гэта добра, — працягвае яна. — Былі б косткі, а мяса нарасьце. Лішняя вага нікому на карысьць не ідзе. Ён, як заўсёды, бадзёры, упэўнены ў сабе і падтрымлівае нас».
З суду аўтазак са зьняволенымі актывістамі выехаў у суправаджэньні дзьвюх машын зь міліцыяй. Як паведамілі ад турмы, машыны прыбылі да яе.
Праваабаронцы абвясьцілі падсудных палітвязьнямі. Афіцыйныя СМІ называюць фігурантаў крымінальнай справы «групоўкай Ціханоўскага — Статкевіча».
Павал Севярынец заявіў, што суду не было, а Беларусь будзе вольнай.
Прысуд Ланчавай набудзе моц праз 10 дзён, калі абвінавачаныя не абскардзяць яго.
Справу ў дачыненьні да сямі актывістаў і блогераў разгледзелі за два тыдні. Працэс пачаўся 12 траўня. У гэты дзень непадалёк ад абласнога суду затрымалі двух магілёўскіх журналістаў Аляксандра Буракова і Ўладзімера Лабцэвіча, якія рыхтавалі матэрыял аб працэсе. Пазьней іх асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Таксама за знаходжаньне каля суду з роднымі абвінавачаных затрымалі абласнога каардынатара аргкамітэту «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алега Аксёнава і старшыню абласной арганізацыі АГП Уладзімера Шанцава. Ім прысудзілі па 15 дзён ізалятара.
Калі і як затрымлівалі фігурантаў справы
Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году каля ягонага дома пасьля выступу побач зь пікетамі альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.
21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Сьледчы камітэт, аднак, паведаміў, што на палітыка завялі крымінальную справу праз падазрэньне ва ўчыненьні злачынства. Пазьней стала вядома, што яму выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках і пакінулі пад вартай.
Пакуль вёўся судовы разбор, жонка Вольга Севярынец дазналася, што мужа ў сьледчым ізалятары Магілёўскай турмы № 4 паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеяньняў. Пазьней яна паведаміла, што палітыку далі статус «схільнага да нападу на адміністрацыю». Усе ягоныя перасоўваньні па турме адбываюцца выключна ў кайданках.
Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча і Яўгена Афнагеля затрымалі 25 верасьня 2020 году. У кастрычніку ім выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. У лютым 2021 году каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Афнагеля вінавацілі яшчэ і ў навучаньні ці падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо ў фінансаваньні такой дзейнасьці.
Пра затрыманьне Максіма Вінярскага МУС паведаміла 26 студзеня 2021 году. Паводле праваабаронцаў, яго вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
Дзьмітрыя Казлова затрымалі 10 чэрвеня 2020 году і на наступны дзень арыштавалі на 20 дзён. Блогер меўся выйсьці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазьней на Казлова завялі справу за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Блогерку Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада 2021 году. Як сьцьвярджаюць праваабаронцы, супрацоўнікі СК трапілі ў ейную кватэру пераапранутымі ў форму работнікаў ЖЭС. Гаспадыню забралі для допыту ў Сьледчы камітэт. 27 лістапада ёй выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках і пакінулі яе пад вартай.
І Севярынец, і шасьцёра ягоных «падзельнікаў», пакуль разглядалася справа, знаходзіліся ў сьледчым ізалятары Магілёва.
Матэрыял падрыхтаваны з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.