Ці азначаюць заявы Пуціна наконт Беларусі на Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме зьмену палітыкі Масквы?
Чаму прэзыдэнт Расеі ня стаў выказваць сваю вэрсію інцыдэнту з пасадкай самалёту Ryanair і арыштам Пратасевіча і Сапегі?
Чаму прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў узяўся камэнтаваць заявы бізнэсоўца Мазепіна пра недатычнасьць да фінансаваньня беларускіх пратэстаў?
Ці зьяўляецца ўдзел у такіх палітычных праектах за мяжой крамлёўскім табу для расейскіх бізнэсоўцаў?
На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, намесьнік рэдактара сайта Carnegie.ru Максім Самарукаў.
Самарукаў
- Варта ўлічыць, дзе былі зробленыя гэтыя заявы Пуціна.
- Пецярбурскі міжнародны эканамічны форум — гэта эўрапейская вітрына Расеі.
- Мэтавая аўдыторыя форуму — тая частка Захаду, якая цікавіцца Расеяй.
- Пуцін гаварыў менавіта для гэтай аўдыторыі — не для Лукашэнкі і не для беларускага ці расейскага грамадзтва.
- І галоўны пасыл гэтых заяваў — ня трэба ўлазіць ва ўнутраныя справы дзяржаваў.
- Яго маглі спытаць пра Таджыкістан, пра М'янму — адказ быў прыкладна такі самы.
- Маўляў, калі нават Расея заяўляе, што яна хоча захоўваць нэўтралітэт адносна найбліжэйшага саюзьніка і брата, то Захад павінен быць стрыманым у 10 разоў больш.
- Паводле Пуціна, у Захаду менш правоў займаць нейкі бок у беларускім канфлікце, чым у Расеі.
- Тут Беларусь — гэта прыватны прыклад, сутнасьць адказу — што заходні інтэрвэнцыянізм — гэта кепска.
- Паводле Пуціна, каштоўнасны кампанэнт зь міжнародных адносін павінен быць выключаны, бо каштоўнасьці ва ўсіх розныя.
- Канкрэтныя дэталі падзеяў у Беларусі яго цікавяць вельмі мала.
- Лукашэнка не прапанаваў пераканаўчай вэрсіі інцыдэнту з самалётам і арыштам Пратасевіча.
- Але гэта яго праблема, Пуцін ня стаў «упрагацца» за яго ў гэтым пытаньні.
- Пяскоў камэнтаваў тлумачэньне Мазепіна так, каб не сказаць зашмат.
- Ён адказаў максымальна ўхіліста.
- У адказе Пяскова ня трэба шукаць глыбокіх сэнсаў.
- Што тычыцца Мазепіна, то даўно вядома, што ў яго адносіны з Лукашэнкам ня вельмі добрыя.
- Яго адказ, яго заява гэта пацьвярджае.
- Ён таксама сьведчыць пра тое, што чалавек вельмі добра ведае, у якой краіне ён жыве.
- Напачатку ён кажа пра жахлівага Пратасевіча, які служыў у «нацысцкім» батальёне ў Данбасе, тым самым дэманструецца поўная ляяльнасьць расейскаму кіраўніцтву.
- А далей ідзе тролінг Лукашэнкі з прыгадваньнем Ніка і Майка і справы «вагнэраўцаў».
- Гэта дапушчальная ў Расеі крытыка Лукашэнкі.
- Наколькі ён рэальна ўкладаўся ў тое, што ў Беларусі адбывалася да леташніх выбараў і пасьля іх — невядома.
- Але я ня бачу прычынаў, дзеля якіх гэта абсалютна немагчыма.
- Буйны бізнэс, нават на Захадзе, любіць інвэставаць ва ўсе партыі, якія прэтэндуюць на ўладу.
- Чаму б Мазепіну было не зрабіць такія інвэстыцыі ў Беларусі?
- Тым больш што там гіганцкіх інвэстыцыяў і не патрабавалася.
- Але зразумела, што падзеі ў Беларусі адбыліся не таму, што Мазепін выдзеліў грошы.
- Магчыма, Лукашэнку хочацца верыць, што прычына пратэстаў у грошах Мазепіна.
- Але рэч жа ня ў гэтым.
- У Расеі ёсьць такі від бізнэсу — палітычнае прадпрымальніцтва за мяжой.
- Гэта калі буйныя бізнэсоўцы інвэстуюць у нейкія палітычныя праекты за мяжой на сваю рызыку.
- Гэтая сыстэма дае Крамлю магчымасьць сказаць, што ён тут ні пры чым, што гэта прыватныя асобы ў нешта ўкладаліся.
- Такія праекты ёсьць у Афрыцы, ёсьць на Бальканах.
- Потым глядзяць на вынікі гэтага праекту, і бізнэсовец альбо атрымлівае па галаве, альбо ўзнагароду.
- На гэтым зрабіў добрую кар’еру Яўген Прыгожын, які раней не ўваходзіў у блізкае атачэньне Пуціна.
- Кепскія адносіны Мазепіна з Лукашэнкам сталі такімі задоўга да таго, як Расея пачала практыкаваць такое зьнешнепалітычнае прадпрымальніцтва.
- Я ня думаю, што Крэмль гатовы абараняць рэжым Лукашэнкі любой цаной, і таму я ня думаю, што на інвэставаньне ў такія праекты ў Беларусі было ад Крамля строгае табу.
Што было раней
- Беларускі бок і затрыманы ў Менску журналіст Раман Пратасевіч мусяць патлумачыць, каго яны мелі на ўвазе, кажучы пра фінансаваньне тэлеграм-каналу Nexta кампаніяй, зьвязанай з адным з расейскіх алігархаў, — заявіў Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
- Затрыманы спэцслужбамі Раман Пратасевіч заявіў у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ, што «зьвязаная з Уралам і горнай здабычай» кампанія расейскага алігарха рэгулярна пералічвала грашовыя сродкі тэлеграм-каналу Nexta.
- Падазрэньне пала на генэральнага дырэктара прадпрыемстваў «Уралхим» і «Уралкалий» Дзьмітрыя Мазепіна. У адказ бізнэсовец заявіў, што ня мае дачыненьня да фінансаваньня Nexta.