Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін з задавальненьнем назірае, як Лукашэнка валтузіцца». Дыскусія аналітыкаў


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Чаму Пуцін заявіў, што Расея ставіцца «нэўтральна» да падзеяў у Беларусі? Што азначае яго іронія наконт «дэмакратычных гумовых куляў»? Як прэзыдэнт Расеі апісаў у сваім выступе інцыдэнт з пасадкай у Менску самалёту Ryanair і арыштам Пратасевіча і Сапегі?

Выступ Пуціна на Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, выступаючы нам Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме, заявіў: «У той жа Беларусі шмат праблемаў унутраных, мы хочам займаць нэўтральную пазыцыю. Гэта справа беларускага народу».

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Магчыма, Уладзімір Пуцін адчуў, што занадта мякка абышоўся з Аляксандрам Лукашэнкам падчас апошняй сустрэчы. Гэта актыўна крытыкавалася ня толькі многімі беларусамі, але і расейскімі ўра-патрыётамі. Яны лічаць, што зараз Лукашэнка ў такой адчайнай сытуацыі, калі ад яго можна дамагчыся большага, а Пуцін гэта не выкарыстоўвае.

Многія ўспрымуць (і я ўжо бачыў такія камэнтары) гэтую рэпліку Пуціна — наконт «нэўтральнай пазыцыі» — як сыгнал таго, што дапамагаць Лукашэнку Масква больш ня будзе. Сыгнал відавочны, але я б не сьпяшаўся з высновамі пра радыкальны паварот Крамля.

Нарэшце гэтую заяву Пуціна пры жаданьні можна інтэрпрэтаваць і як перасьцярогу ад заходняга ўмяшаньня. Пуцін наўмысна гаворыць абстрактна, неканкрэтна, каб заставалася неадназначнасьць. Расейская прапаганда грунтуецца на адным галоўным тэзісе — «у нас усё кепска, але ва ўсім сьвеце так». То бок не імкнуцца ўзьняцца да лепшага, да дэмакратыі і справядлівасьці, а наадварот, апусьціць усіх астатніх да свайго ўзроўню, даказваць, што «усе аднолькавыя».

Пуціну патрэбны Лукашэнка як тло, на якім расейскі прэзыдэнт выглядае больш-менш рэспэктабэльным палітыкам, які сустракаецца з заходнімі палітыкамі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Пуцін у сваім выступе скарыстаўся ўлюбёным прыёмам расейскай прапаганды — маўляў, а хіба на Захадзе лепш? "У эўрапейскіх краінах расстрэльваюць гумовымі кулямі, вочы выбіваюць людзям, гінуць людзі на вуліцы, вадамёты ўжываюць, слёзацечны газ — гэта нармальна?" — задаў рытарычнае пытаньне.

Вельмі дакладнае, дарэчы, апісаньне таго, што адбывалася ў Беларусі летась. Але сказана — «хіба гэта нармальна»? А калі не, то што?

Цыганкоў: Гэта і сапраўды стандартны аргумэнт расейскай прапаганды: мы — лайно, але ж і вы — лайно, давайце будзем лайном. Гэта і «вечны» аргумэнт міністра замежных справаў Беларусі Уладзімера Макея: «Мы пакуль вучымся, мы ідзем да дэмакратыі, проста не так хутка». Але гэта заўсёды было няпраўда — рэжым у той бок ніколі не ішоў. А з 2019 году ён пачаў актыўна дрэйфаваць у бок паліцэйскай дзяржавы. Пуцін, як былы кдбіст, умее на публіцы хаваць свае эмоцыі, гаварыць тое, што трэба ў дадзенай сытуацыі, хлусіць так, каб ніхто не заўважыў. Лукашэнка гэтага не ўмее. Па выніку, заява Пуціна — гэта празрысты намёк Лукашэнку: разьбірайся сам, валтузься сам, я пагляджу на гэта збоку.

Дракахруст: Пуцін таксама распавёў пра гутарку з адным з заходнім лідэрам. Паводле Пуціна той ці тая сказалі яму — дык мы ж дэмакратычная краіна. Пуцін зьвёў гэта да карыкатуры, маўляў, чым дэмакратычная гумавая куля лепш за дыктатарскую. Але калі б у Беларусі ў парлямэнце засядалі Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, дык напэўна ніякіх пратэстаў і не было б. На Захадзе да вулічнага, часам гвалтоўнага, пратэсту зьвяртаюцца тыя, хто ня хоча скарыстацца тымі магчымасьцямі выказаць сваё меркаваньне і нават уплываць на палітыку, якія дае тамтэйшае грамадзтва. Але ў Беларусі гэтых магчымасьцяў наагул няма.

Пуцін таксама сказаў наконт Пратасевіча — «Я яго ня ведаю і ведаць не хачу, хай ён робіць, што хоча». Так выглядае, што зараз Пратасевіч робіць тое, што яму загадваюць.

Цыганкоў: Гэта псыхалягічна выгадная для Пуціна пазыцыя — мы тут ні пры чым, хай Лукашэнкам з гэтым разьбіраецца. Хаця гэта спрэчна, з улікам інфармацыі грэцкіх спэцслужбаў, што за Пратасевічам у Грэцыі сачылі. Гэта пытаньне, ці ёсьць у беларускіх спэцслужбаў такія магчымасьці. Але было спрыяньне расейскіх спэцслужбаў ці не — відавочна, што Пуцін з задавальненьнем назірае, як Лукашэнка валтузіцца. Цікавы, дарэчы, адказ Пуціна на гіпатэтычнае пытаньне вядучага, як бы Расея рабіла, калі б над ёй ляцеў самалёт з асобай, якую Расеі хацелася б атрымаць у свае рукі. Пуцін сказаў — Не адкажу.

Што было раней

  • Падчас Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін зрабіў некалькі заяваў наконт Беларусі
  • «У той жа Беларусі шмат праблем унутраных, мы хочам займаць нэўтральную пазыцыю. Гэта справа беларускага народа.
  • „Кажуць, дапусьцім, у Расеі праваахоўнікі жорстка паводзяць сябе ў працэсе нейкіх там акцыяў вулічных, а тое, што ў эўрапейскіх краінах расстрэльваюць гумовымі кулямі, вочы выбіваюць людзям, гінуць людзі на вуліцы, вадамёты ўжываюць, слёзацечны газ — гэта нармальна?“
  • „Я яму кажу: у вас як там, нічога, гэта можна? Гаворка ішла пра Беларусь. Ён мне адказвае:“ Але мы ж дэмакратычная краіна „. Вы разумееце, гэта ж сьмешна. Гумовая куля выбівае вачэй, пацярпеламу трэба сказаць:“ Ну, нічога, гэта ж дэмакратычная гумавая куля! Дазволіце! ». Людзям жа ад гэтага не лягчэй.
  • «Нейкі Раман Пратасевіч. Я ведаць яго ня ведаю і ведаць не хачу, няхай ён там робіць, што хоча »
  • «Як мне патлумачыў сам прэзыдэнт Беларусі, яны не плянавалі ніякіх апэрацыяў падобнага кшталту. У іх зьявілася інфармацыя аб тым, што гэты чалавек знаходзіцца на борце пасьля таго, калі ён ужо апынуўся на тэрыторыі Беларусі і ў інтэрнэце зьявіліся яго фатаграфіі »
  • «Я бачыў заяву кіраўніцтва NATO з нагоды таго, што, напэўна, Расея брала ўдзел. Ну, проста магу вам сказаць, што NATO у небясьпецы, калі кіраўніцтва NATO робіць такія заявы. Гэта значыць, што людзі проста не разумеюць, як такія працэсы могуць адбывацца»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG