Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Генадзя Бураўкіна


Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін

Падзеі 30 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1814Напалеона саслалі на востраў Эльба.

1999 — адбылася трагедыя на Нямізе, у выніку якой 53 чалавекі загінулі, 250 атрымалі траўмы. Тады ў цэнтры Менску ладзілася сьвята піва. Надвор’е рэзка сапсавалася, пачалася навальніца з градам. Тысячы людзей кінуліся да мэтро, узьнікла цісканіна. Бальшыня загінулых — маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў, толькі трое былі старэйшымі за 30. Загінулі 42 дзяўчыны і 2 супрацоўнікі міліцыі.

У гэты дзень нарадзіліся

1826Зыгмунт Серакоўскі, вайсковец, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., ахвяра расправы расейскіх калянізатараў.

Зыгмунт Серакоўскі
Зыгмунт Серакоўскі

Будучы герой вызвольнага паўстаньня Каліноўскага вучыўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце. За ўдзел у нелегальных суполках і спробу ў час «вясны народаў» 1848 году накіравацца ў Аўстрыю ён трапіў на вока жандарам. Юнака выслалі салдатам-шарагоўцам у далёкі Арэнбурскі край. Там Зыгмунт пасябраваў з Тарасам Шаўчэнкам, што зноў жа апрануў салдацкі шынель не па сваёй волі.

Праз восем гадоў Зыгмунту Серакоўскаму ўдалося вярнуцца ў Пецярбург. Ён бліскуча адвучыўся ў Акадэміі генэральнага штабу і служыў у вайсковым міністэрстве. Зыгмунт, лічыла начальства, раскаяўся ў памылках юнацтва. Яно і не падазравала, што афіцэр, якому давалі важныя даручэньні, пасылаючы ў замежныя выправы, вядзе падрыхтоўку да збройнага змаганьня за свабоду. У час паездак у эўрапейскія краіны ён сустракаўся з расейскімі рэвалюцыянэрамі-эмігрантамі Аляксандрам Герцэнам і Мікалаем Агаровым, з Джузэпэ Гарыбальдзі.

У нелегальную арганізацыю, створаную і ўзначаленую Серакоўскім у Пецярбурзе, уваходзілі браты Віктар і Канстанцін Каліноўскія.

Калі на радзіме разгарэлася барацьба з калянізатарамі, безь пяці хвілінаў палкоўнік Серакоўскі пакінуў службу і выехаў у Вільню.

Ён камандаваў збройнымі сіламі на Ковеншчыне. Пад свае сьцягі Зыгмунт хутка сабраў пяць тысяч ваяроў, у тым ліку шмат простых вяскоўцаў. Апрача касінераў пад рукой Серакоўскага быў аддзел зь пяцісот цапавікоў — сялянаў, узброеных цапамі.

Каля мястэчка Біржы інсургенты пацярпелі цяжкую паразу. Паранены ў грудзі навылёт, Серакоўскі трапіў у палон.

Віленская моладзь склала плян нападу на турэмны шпіталь і вызваленьня героя. Калі Зыгмунту перадалі ліст пра гэта, ён адразу ж не пагадзіўся, бо ведаў: генэрал-губэрнатар Мураўёў-Вешальнік, каб адпомсьціць, учыніць у Вільні крывавую расправу, якая забярэ дзясяткі жыцьцяў.

На допытах Зыгмунт, не зважаючы на пакуты ад ранаў і тры апэрацыі, адмовіўся даваць паказаньні на паплечнікаў. Мураўёў загадаў правесьці ваенна-палявы суд проста вакол ложка нямоглага целам, але магутнага духам паўстанцкага камандзіра. Судзьдзі пастанавілі: «асабліва небясьпечнага мяцежніка» — расстраляць!

Мураўёў паводле сваёй зьвярынай завядзёнкі замяніў расстрэл на павешаньне.

У адным з апошніх лістоў на волю Серакоўскі пісаў: «І стоячы пад шыбеніцай, буду пратэставаць супроць барбарскага бяспраўя, што прынесла маскоўская ўлада маёй дарагой Айчыне».

На віленскім Лукіскім пляцы, дзе пазьней расейская пятля абарвала жыцьцё і Каліноўскага, нашыя героі ўшанаваныя мэмарыяльнымі плітой і крыжам.

Калі б ні прыйшоў туды, заўсёды ўбачыш кветкі і белчырвона-белыя сьцяжкі ды стужкі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 66-67

1927Вітаўт Кіпель, беларуска-амэрыканскі грамадзкі дзяяч і публіцыст.

З 1944 году Вітаўт Кіпель жыве ў эміграцыі. Працаваў у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, сабраў калекцыю беларускіх выданьняў. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцьці ў ЗША, быў сябрам шэрагу арганізацый.


У памяці


1416 — памёр Геранім Праскі, чэскі рэлігійны дзеяч, паплечнік Яна Гуса.

1431 — спаленая на вогнішчы Жанна д’Арк, нацыянальная гераіня Францыі і каталіцкая сьвятая.

1778 — памёр Вальтэр, францускі філёзаф.

1960 — памёр Барыс Пастарнак, расейскі паэт і пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1958 году.

2010 — памерла Людміла Русава, мастачка.

Цяжка не пагадзіцца з Адамам Глобусам: Людміла была найбольш падобная да артысткі эпохі вялікага нямога кіно. Адамавы «Словы пра авангардыстку Люду Русаву» — сярод лепшых эсэ ягонай кнігі «Рысы. Нарысы пра творцаў».

Ад самага пачатку прыходу ў мастацтва на мяжы 70-х — 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя яна (як потым напішуць, лідэрка беларускага авангарду і «хросная маці айчыннага акцыянізму») нязьменна зьдзіўляла.

Зьдзіўляла жанравай і тэматычнай шырынёю канцэптуальнага творчага абсягу: жывапіс, графіка, тэкстыль, інсталяцыі, відэапраекты, фотакаляжы...

І — вершы (пад псэўданімам Вераніка Архангельская), а таксама тэарэтычнае асэнсаваньне мастацкіх пошукаў.

Людміла Русава стала ў Беларусі аўтаркаю першай арт-кнігі і ці ня першага пэрформансу.

Разам з мастаком Ігарам Кашкурэвічам яна зладзіла незабыўны выступ, прысьвечаны Казімеру Малевічу: аўтар «Чорнага квадрату» быў пахаваны ў супрэматычнай труне і ўрачыста ўнесены ў Палац мастацтва. Але Малевіч — разам з сэрбкай Марынай Абрамавіч, расейцам Андрэем Таркоўскім, французам Івам Кляйнам — і надалей патрэбны быў Русавай як віртуальны апанэнт, а таму адбыліся менскае «Ажыўленьне Казімера» і ягонае маскоўскае «Супрэматычнае ўваскрашэньне».

З аднолькавым посьпехам Людміла рэпрэзэнтавала сваю творчасьць і наша мастацтва ў Менску і Полацку, Віцебску і Маскве, Таліне і Стакгольме. Яе працы набывалі Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі і мэрыя Бону, Музэй Зымэрлі ў амэрыканскім штаце Нью-Джэрзі і калекцыянэры з усёй Эўропы.

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што Русава стварала на скрыжаваньні трансцэндэнтальных абсалютаў і постмадэрнісцкай гульні, на сутыкненьні веры ў «аўру» тэарэтыка культуры Вальтэра Бэньяміна і немагчымасьці яе ўвасабленьня.

Аднойчы Людміла абвясьціла сябрам: ёй надакучыла служыць д’яблу і яна будзе служыць Богу, зрабіўшы асноўным колерам палітры блакітны.

Потым надышоў момант, калі яе палотны пацямнелі. Гэта не азначала, што яна адвярнулася ад Бога. У Русавай дыягнаставалі невылечную ваўчанку. «Жыць засталося мала, — казала яна, — але я цяпер цалкам свабодная. Я адчуваю лёгкасьць, бо нікому нічога не вінаватая. Хвароба сьпісала ўсе мае пазыкі. У мяне засталіся лёгкасьць, свабода і блакітны колер».

Людміла захаплялася Ігнатам Грынявіцкім, наагул нарадавольцамі і мела пісталет, што нарадзіла думку пра яе магчымае самагубства. Аднак яна, неверагодна пакутуючы, ня стрэліла і сышла, глянуўшы ў вочы сьмерці з стаічнай мужнасьцю.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, С. 596-597


2014 — памёр Генадзь Бураўкін, паэт, дзяржаўны дзеяч, першы прадстаўнік незалежнай Беларусі ў ААН.

Ён меў рэдкае полацкае прозьвішча. Рэдкае і вельмі гаваркое. У ім чуліся і бура з буранам, і зацяты магутны бур, што дасьледуе цьвёрдыя пароды, і паэтычныя буравей з бурапеннасьцю.

Характар Бураўкіна быў адпаведны прозьвішчу, і гэта выяўлялася ўва ўсіх ягоных іпастасях — паэта, палітыка, дыплямата.

Полацкая душа схільная да веры ў дзівосы. Аднак ён разам зь вераю ў дзівы і сам ствараў іх — і словам высокай пробы, і ўчынкамі, што застануцца ў айчыннай гісторыі.

Для мяне — сяміклясьніка той самай 1-й полацкай школы, якую скончыў і Генадзь, — сапраўдным дзівам стаўся яго верш «Юнацтва сіні я арэлі» з прысьвячэньнем Юлі:

Яны прыглушана рыпелі
Сярод старых кашлатых ліп.
Мы тыя сінія арэлі
Зламаць нікому не далі б...

Гэта быў верш пра тыя самыя арэлі за школай, што дагэтуль прыцішана рыпяць у маёй памяці.

А хіба ня дзіва — стварэньне Бураўкіным яшчэ за савецкім часам сапраўды нацыянальнага — не паводле назвы, а паводле духу — тэлебачаньня? Якім шчасьцем было для нас, маладых заўзятараў, глядзець беларускамоўныя рэпартажы з гульняў менскага «Дынама», якое тады перажывала сваю залатую пару!

Праяваю Божай волі бачыцца, што якраз Бураўкін быў прадстаўніком Беларусі ў ААН у той гістарычны час, калі нашая краіна вярнулася у лік незалежных дзяржаваў. Ён, дарэчы, згадваў, як, прыехаўшы ў Нью-Ёрк, даведаўся, што беларуская місія ня мае нават друкавальнай машынкі зь беларускім шрыфтам.

А калі бел-чырвона-белы сьцяг стаў дзяржаўным, уначы яны з жонкай Юляй пашылі палотнішча з дарагімі колерамі, каб ураньні ўзьняць яго на флягштоку перад ААН.

Веру ў дзівосы і здольнасьць дзяліцца ёю ён захоўваў усё жыцьцё.

Неяк з Бураўкіным мы выступалі разам перад полацкімі школьнікамі. Пры канцы спадар Генадзь сказаў, што па гэтай зямлі трэба як мага часьцей хадзіць басанож — каб падзараджацца ейнай жыцьцядайнаю энэргіяй. «І зьявяцца сярод вас тады і новы Скарына, і новая Эўфрасіньня », — паабяцаў Бураўкін. Выходзячы з школы,
мы ўбачылі на ганку гурму хлопцаў і дзяўчатак, якія відавочна чакалі пісьменьнікаў. Усе ўжо былі басаногія й, шматзначна зірнуўшы на нас, рушылі ў бок блізкай Дзьвіны. На шчасьце, у Прыдзьвіньні тады валадарыла бабіна лета.

Магчыма, гэта занадта лірычнае сьведчаньне таго, што Генадзь Бураўкін быў і застаецца ў шэрагу тых, хто вызначаў каардынаты нашага нацыянальнага быцьця.

Узгадваюцца словы аднаго зь літаратурных мэтраў, што, маўляў, такім, як Бураўкін, «сяброў не паложана па штаце». Разьвітаньне з спадаром Генадзем засьведчыла: мэтар ані ня меў рацыі.

Бураўкіна пахавалі з кнігаю «Нагаварыцца з зоркамі», чаканьне якой апошнія дні трымала яго на сьвеце. Цяпер ён гаворыць з зоркамі. А анёлы сьпяваюць яму ягоную «Калыханку».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, С. 664-665

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG