Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра трагедыю на Нямізе, у якой загінулі 53 чалавекі


На ўваходзе ў станцыю мэтро Няміга, 31 траўня 1999 году
На ўваходзе ў станцыю мэтро Няміга, 31 траўня 1999 году

30 траўня 1999-га ў цэнтры Менску ладзілася сьвята піва. Надвор’е рэзка сапсавалася, пачалася навальніца з градам. Тысячы людзей кінуліся да мэтро, узьнікла цісканіна.

53 чалавекі загінулі, 250 атрымалі траўмы. Бальшыня загінулых — маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў, толькі трое былі старэйшымі за 30. Загінулі 42 дзяўчыны і 2 супрацоўнікі міліцыі.

Яшчэ гадзіну працягваўся канцэрт. У гэтыя хвіліны выступаў гурт Манга-Манга.

Першая гадавіна трагедыі на Нямізе, 30 траўня 2000 году
Першая гадавіна трагедыі на Нямізе, 30 траўня 2000 году

Была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «халатнасьць». Падазраванымі былі начальнік грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму Віктар Русак і начальнік аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіл Кандрацін. Але ў 2002-м годзе старшыня суду Цэнтральнага раёну Пётр Кіркоўскі перакваліфікаваў абвінавачваньне на артыкул, які не прадугледжвае адказнасьці за гібель людзей і спыніў справу ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўніны. Сваякі загінулых атрымалі кампэнсацыю.

Малады чалавек піша імёны ахвяраў цісканіны на Нямізе, 1 чэрвеня 1999 году
Малады чалавек піша імёны ахвяраў цісканіны на Нямізе, 1 чэрвеня 1999 году

Здымак 30 траўня 1999 году
Здымак 30 траўня 1999 году

Супраць гарадзкіх уладаў, радыёстанцыі «Мір» і прадусарскага цэнтру «Клас-клуб ДК» (яны адказвалі за арганізацыю і бясьпеку на сьвяце піва) неаднаразова падаваліся судовыя пазовы. Усе яны былі адхіленыя.

Аляксандар Лукашэнка наведаў месца трагедыі ў той жа вечар. На яго думку, ня трэба было шукаць вінаватых — лекары і праваахоўныя органы дзейнічалі бездакорна, а галоўнай прычынай трэба называць хмель. 1-га і 2-га чэрвеня ў краіне абвясьцілі жалобу.

Старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын напісаў заяву аб адстаўцы, але Лукашэнка яе не прыняў. Ярмошын займаў пасаду да лютага наступнага году.

10-я гадавіна трагедыі на Нямізе
10-я гадавіна трагедыі на Нямізе

У 2002-м годзе на месцы трагедыі быў усталяваны мэмарыял у выглядзе 53 руж, раскіданых па прыступках, а таксама маленькая капліца з мэталічнай плітой унутры, на якой высечаныя імёны загінулых. Уладзімер Жбанаў прысьвяціў гэтай трагедыі сваю скульптуру «Дзяўчынка з парасонам», усталяваную ў Міхайлаўскім сквэры.

У зборніку «Я нарадзіўся тут» ёсьць песьня «Крывавае сьвята». Яна пра Нямігу.

«Трагедыя на Нямізе» — кніга, выдадзеная праз год. Яе аўтары — Тацьцяна Равяка і Паліна Сьцепаненка. Некалькі інтэрвію зроблена журналісткай Тацьцянай Сьнітко.

Ёсьць шмат вэрсіяў трагедыі, ад калянавуковых да рэлігійных — у гэты ж дзень праваслаўныя адзначалі сьвята Троіцы. Насупраць уваходу ў мэтро знаходзіцца і праваслаўны храм. Сваякі загінулых вінавацяць улады і міліцыю, многія кажуць, што цісканіну справакавалі некалькі невядомых маладых людзей, якім удалося пазьбегнуць пакараньня. Улады настойваюць, што гэта зьбег акалічнасьцяў і вучыцца можна толькі на памылках — пасьля трагедыі былі распрацаваныя адпаведныя пляны, якія, на шчасьце, пакуль не былі апрабаваныя ў рэальных умовах.

Тэкст быў упершыню апублікаваны ў траўні 2016 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG