Як паведамляе тэлеканал «Белсат», вядоўца перадачы «Шчыра кажучы» трапіла ў прыцэл сілавікоў пасьля спэцвыпуску пра сілавікоў. Пасьля перадачы затрымалі былых міліцыянтаў Ягора Емяльянава і Дзьмітрыя Кулакоўскага, якіх запрашалі ў студыю ў якасьці экспэртаў.
Паводле тэлеканалу, Арыне Маліноўскай з нумару мужа сястры патэлефанаваў у Telegram сьледчы. Ён сказаў, што затрымалі сваяка Арыны, едуць па бабулю і дзядулю. Будуць трымаць іх, пакуль Арына не прыедзе ў Ленінскі РАУС.
21 траўня ў менскай студыі «Белсату» затрымалі шасьцёх тэхнічных работнікаў. Дзяржаўныя прапагандысты заявілі, што студыя была «нелегальная», таму «нахабству польскіх мэдыйнікаў вырашылі даць бой».
24 траўня некаторых судзілі. Максім Ярашэнка расказаў падчас працэсу, што ў студыю зайшлі шэсьць супрацоўнікаў у цывільным, але ў РУУС іх суправаджалі ўжо іншыя. Пры гэтым здымалі ўсё на дзьве камэры. Маладога чалавека пакаралі 15-сутачным арыштам.
Павал Патапаў і Рыгор Пятровіч атрымалі па 15 сутак за «непадпарадкаваньне міліцыі». Пры гэтым няма падрабязнасьцяў, што кваліфікавана як «непадпарадкаваньне».
Аналягічны 15-суткавы тэрмін атрымаў яшчэ адзін супрацоўнік каналу Міхаіл Кашкан.