Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя палітвязьні расказалі, як ім перашкаджалі атаварвацца ў турэмных крамах


Турма ў Горадні, ілюстрацыйнае фота
Турма ў Горадні, ілюстрацыйнае фота

Паводле расьсьледаваньня праваабаронцаў «Вясны», у беларускіх калёніях стала нормай абмяжоўваюць палітычных зьняволеных у магчымасьці купляць дадатковыя прадукты ў турэмных крамах (гэта называецца «атаварка»).

Харчам і неабходнымі бытавымі рэчамі ў месцах пазбаўленьня волі вязьняў забясьпечваюць паводле вызначаных законам нормаў. Да таго ж, паводле артыкулу 118 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, асуджаныя могуць штомесяц расходаваць на гэта грашовыя сродкі, якія ёсць на іхных асабістых рахунках. Але — у залежнасьці ад вызначанага прысудам рэжыму ўтрыманьня. Так, ва ўмовах агульнага рэжыму можна траціць шэсьць базавых велічынь, а калі рэжым узмоцнены — то пяць базавых.

Аднак для вязьняў, прызнаных «экстрэмістамі», адміністрацыя ўстановы можа зьменьшыць норму да двух і нават да адной базавых велічыні (40 рублёў). Паколькі большасць палітзняволеных яшчэ на стадыі сьледзтва прызнаюць «экстрэмістамі», у калёніі такія асуджаныя гарантавана трапляюць у шэраг тых, для каго атаварка зьведзеная да мінімуму. Акрамя таго адміністрацыі папраўчых установаў прымаюць захады, каб яшчэ больш ускладніць для палітвязьняў атаварку і тым самым пагоршыць ім умовы адбыцьця пакараньня. Пра гэта сьведчаць былыя палітвязьні, зь якімі пагаварылі праваабаронцы «Вясны».

«Маглі і пазбавіць атаваркі»

Былы палітвязень ПК-3 у Віцебску Леанід Судаленка расказаў пра свой досьвед атаварваньня ў турэмнай краме.

«На атаварку два разы на месяц пад кожны атрад выдзяляецца пэўны дзень, прычым калі ты ў гэты дзень на „промцы“, значыць пралятаеш! Паколькі ў атрадзе 100 чалавек, разьбіваюць на некалькі груп, прычым загадчык гаспадаркі першымі запісвае сваіх набліжаных ці пэнсіянэраў, якія ахвяруюць з пэнсіі на патрэбы атраду. Зразумела, у іх і выбар большы, бо для апошніх у чарзе мала чаго застаецца ў сэнсе асартыменту! Напрыклад, тварог ці садавіна маглі закончыцца раней, чым прыйдзе мая чарга атаварвацца», — расказаў Судаленка.

Леанід Судаленка пасьля калёніі
Леанід Судаленка пасьля калёніі

Паводле былога палітвязьня, за дробнае парушэньне ў калёніі маглі пазбавіць атаваркі. Гэтак было і зь ім: далі спагнаньне за тое, што не павітаўся з афіцэрам, які на «промцы» падышоў да яго са сьпіны. Іншых вязьняў каралі забаронай на атаварку за тое, што курыў у няправільным месцы ці спазьніўся на фіззарадку. Месяц, а то і болей, правесьці зусім без атаваркі — гэта вельмі адчувальна, адзначае былы палітвязень.

«Пазбавіць атаваркі могуць за парушэньні, як, напрыклад, было ў мяне. То бок ёсьць грошы, а купіць ня можаш. Просіш тады людзей, каб купілі табе ў доўг.

Грошы безнаяўныя, з твайго рахунка прадавачка сьпісвае суму, ты ставіш свой подпіс. На дзьве базавыя заўсёды рабіў выбар паміж „хіміяй“ і вітамінамі. Стараўся, каб адзін яблык быў кожны дзень, але ж і казлом пахнуць не жадаў, таму пральны парашок купляў рэгулярна», — успамінае былы палітвязень Леанід Судаленка.

«Трэба гэтыя прадукты расьцягнуць на цэлы месяц»

У былога палітвязьня бабруйскай калёніі Віталя Жука быў мінімальны ліміт на атаварку — усяго адна базавая велічыня. Таксама Віталь Жук наракае на тое, што загадзя ня ведаў асартымэнту тавараў у турэмнай краме.

Віталь Жук, архіўнае фота
Віталь Жук, архіўнае фота

«У мяне быў вызначаны ліміт на суму ў адну базавую велічыню. Але з такімі цэнамі, як сёньня, там немагчыма нічога купіць. Два дні ты ходзіш і ламаеш галаву, што самага пажыўнага і вітамінізаванага можна ўключыць у сьпіс на атаварку. Пры гэтым цябе не знаёмяць з асартыментам і цэнамі ў краме, ты ня ведаеш, што там ёсць і чаго няма. Зусім і ніяк. І гэты сьпіс ты складаеш наўздагад. Начальнік атраду ідзе са сьпісам у краму і набірае табе тавару на адну базавую. Калі чагосьці няма ў наяўнасьці, то ён ня возьме штосьці іншае на сваю думку на тую ж суму. І так можа стацца, што ён закупіць толькі на суму 20 рублёў. І трэба гэтыя прадукты расьцягнуць на цэлы месяц, да наступнай крамы. Натуральна, гэта нерэальна. Галоўным чынам зьняволеныя набіраюць гарбату і каву — тое, чым можна сагрэцца ў халодныя дні», — расказаў Віталь Жук.

«„Жоўтабірачнікі“ сядзелі ў ШЫЗА толькі за адмову хадзіць у краму пасьля зэкаў зь нізкім статусам»

Аляксей Кірэеў адбываў пакараньне ў калёніі № 15 пад Магілёвам. Ён таксама сказаў пра завышаныя цэны на малочныя і мясныя прадукты і пра тое, што дазволеных дзьвюх базавых яму не хапала. Яшчэ Аляксей расказаў, як у 2023 годзе ўвялі забарону для палітвязьняў атаварвацца ў ранейшым парадку, разам са звычайнымі вязьнямі, што спарадзіла нават пратэсты.

«Са снежня 2023 году „экстрэмісты“ празь нейкі ўнутрылягерны канфлікт (шмат розных вэрсій, так і не разабраліся) ходзяць на атаварку пасьля вязьняў „нізкага статусу“. З гародніны і садавіны ўжо тады нічога не застаецца. Праз гэта шмат „жоўтабірачнікаў“ сядзелі ў ШЫЗА толькі за адмову хадзіць у краму пасьля зэкаў зь нізкім статусам. Але пасьля працяглых гутарак з опэрамі, усё стала як „мае быць“. Цяпер усе ходзяць, бо есьці хочацца, а баландай асабліва сыты ня будзеш», — падсумаваў гісторыю пра канфлікт з атаваркай былы палітвязень Аляксей Кірэеў.

Звычайна ў катэгорыю вязьняў зь «нізкім статусам» трапляюць асуджаныя за злачынствы, зьвязаныя з сэксуальным гвалтам супраць дзяцей і тыя, хто мае нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю. У вязьніцах да асуджаных зь «нізкім статусам» дзейнічае негалоснае табу на кантакты. Парушэньне такога табу можа прывесьці да таго, што іншы вязень сам апынецца ў «нізкім статусе». Адміністрацыі беларускіх вязьніц часта выкарыстоўваюць пагрозу пераводу асуджанага ў «нізкі статус» для ціску на яго або для выкананьня незаконных загадаў.

«Усё сухое і нясмачнае»

Былы палітвязень Дзьмітры на просьбу праваабаронцаў расказаў пра «атаварку» ў калёніі № 17 у Шклове, дзе ён адбываў пакараньне.

«Калі я трапіў у калёнію, крамка выглядала як маленькае закратаванае акенца пад казырком. Асартымэнт амаль нязменны, часам прывозілі гародніну, а прадавалі адно і тое ж, і не заўсёды тое, што трэба. З тавараў першай неабходнасьці былі чай, цыгарэты, згушчанка, „ролтан“, прыправы. Прадаваліся таксама батончыкі „Віцьба“, печыва, але ад таго, што асартымэнт абнаўляецца рэдка, усё гэта сухое і нясмачнае. Некалькі відаў цукерак — звычайна карамэлькі і пару відаў шакалядных цукерак. Вэнджаная каўбаса часам бывала, але не заўсёды свежая; алей, ну і розная бытавая хімія. Галоўнае — пасьпець запісацца ў сьпісе не апошнім. Бо тады добрых прадуктаў можа не застацца».

Атаварка на «хіміі»

Згодна з успамінамі былога «хіміка», палітвязьня Арцёма Мядзьведзкага, праз атаварку для палітычных на «хіміі» таксама ствараюць дадатковыя праблемы:

«Ніякай крамы ў нас паблізу не было. Сюды прыяжджала двойчы на тыдзень аўтакрама. Выбар прадуктаў быў зусім невялікі; здараліся выпадкі, калі прадавалі пратэрмінаваныя прадукты. Было аднаго разу, што нехта купіў каўбасу, а яна ўжо цьвілая, з плесьняй. Часам вазілі ў магазын, але мы, палітычныя, заўжды былі пад кантролем — адных нікуды не выпускалі», — прыгадаў Арцём Мядзьведзкі.

Праваабаронцы «Вясны» зрабілі выснову, што падобная сытуацыя з палітзьняволенымі «хімікамі» тыповая і для іншых месцаў.

«Палітычных адпускаюць у краму толькі ў суправаджэньні міліцыянта, але адміністрацыя ПУАТ (папраўчай установы адкрытага тыпу. — РС) часта не знаходзіць для гэтага „свабоднага“ супрацоўніка», — сьведчаць суразмоўцы «Вясны».

Таксама палітвязьні ў размовах прыгадвалі выпадкі, калі ў бязвыхадную сытуацыю з харчаваньнем трапляюць ня толькі палітычныя зьняволеныя. «Бывае, што чалавеку, асуджанаму на „хімію“, доўга ня могуць знайсьці працу, а грошай у яго няма і ён вымушаны галадаць», — расказалі былыя палітвязьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG