ПТРК «Карнэт» — расейская распрацоўка, якая пастаўляецца на сусьветны рынак з 1990-х гадоў. Ізраіль яшчэ дзесяць гадоў таму паведамляў, што «Карнэт» ёсьць на ўзбраеньні ў палестынскіх ваеўнікоў у сэктары Газа, аднак адкуль там узяліся ПТРК, невядома: раней мадыфікацыі гэтага ўзбраеньня пастаўлялі многім краінам Блізкаўсходняга рэгіёну.
У чацьвер ізраільская армія абвясьціла аб накіраваньні дадатковых сілаў на мяжу з сэктарам Газа. Паведамляецца, што з панядзелка, калі бакі пачалі ўзаемныя напады, у сэктары Газа забітыя сама меней 67 чалавек, у тым ліку 17 дзяцей. Палестынскае Міністэрства аховы здароўя, якое кантралюецца ХАМАСам, паведамляе, што ў выніку ізраільскіх удараў параненыя каля 390 чалавек. З боку Ізраілю загінулі сем чалавек, у тым ліку адно дзіця.
Пра тое, адкуль у рэгіёне можа зьявіцца расейскае ўзбраеньне, якія ёсьць варыянты вырашэньня канфлікту і чаму на палестынскіх тэрыторыях такія вялікія страты, «Настоящему времени» расказалі старшы навуковы супрацоўнік аддзелу Цэнтру міжнароднай бясьпекі ІСЭМА і аддзелу Блізкага і Сярэдняга Ўсходу Інстытуту ўсходазнаўства РАН Уладзімір Сотнікаў і Юры Бутусаў, галоўны рэдактар выданьня «Цензор.нет».
Уладзімір Сотнікаў: «Трэба тэрмінова аднавіць працу квартэта блізкаўсходніх пасярэднікаў»
— Раскажыце, адкуль расейскія боепрыпасы ў баевікоў ХАМАС?
— Ня толькі ў баевікоў ХАМАС могуць быць расейскія боепрыпасы — яны могуць быць наогул у любых тэрарыстычных груповак, таму што раней Расея, нават СССР, прадавалі зброю многім краінам, і цяпер, калі наступіла хваля тэрарызму і зьявіліся ісламісцкія баевікі, яны могуць, што яны і робяць, захопліваць гэтую зброю ў афіцыйных уладаў.
— Гэта вы кажаце пра савецкія ўзбраеньні. Ёсьць інфармацыя пра ПТРК «Карнэт», якое дастаткова сучаснае, расейскае.
— Я яшчэ хачу сказаць пра тое, што існуюць так званыя пасярэднікі, якія перакупляюць зброю, якая афіцыйна пастаўляецца Расейскай Фэдэрацыяй. Дарэчы, ня толькі расейскую зброю, яны могуць захапіць і амэрыканскую зброю, і зброю вытворчасьці іншых краінаў.
— Ці можна казаць пра прынцыповыя адрозьненьні ў вядзеньні баявых дзеяньняў паміж Ізраілем і Палестынскай аўтаноміяй?
— Даўно так гістарычна склалася, што Палестынская аўтаномія праводзіць так званыя апэрацыі, як гэта відаць з ракетным абстрэлам, гэта значыць, яны наносяць удар, а потым чакаюць дзеяньняў у адказ. А ў Ізраілю існуе даўно апрабаваная сыстэма рэакцыі. Вы цяпер у эфіры сказалі, што ізраільцяне папярэджваюць насельніцтва аб ударах. Ведаеце, так, сапраўды, ізраільцяне папярэджваюць насельніцтва аб ударах, але, тым ня менш, паступілі зьвесткі, што яны зьбіраюцца пачаць быццам бы наземную апэрацыю.
Гэта значыць, такі плян экстраных дзеяньняў у Ізраілю існуе. Я не магу сказаць гэтага пра Палестынскую аўтаномію.
— Якія шанцы правядзеньня Ізраілем наземнай апэрацыі? Тут можна нешта ацэньваць? Як гэта ўвогуле магчыма?
— Вы маеце на ўвазе шанцы на тое, што гэты канфлікт разрасьцецца і пачнуцца поўнамаштабныя ваенныя дзеяньні?
— Розныя варыянты: альбо поўнамаштабныя ваенныя дзеяньні, альбо Ізраіль цалкам бярэ пад кантроль Палестынскую аўтаномію, сэктар Газа. Што можа наогул быць?
— Мне здаецца, зараз надыходзіць той самы час, пра што, уласна кажучы, і папярэджвае Расея, і прытрымліваецца такой лініі, што неабходна тэрмінова склікаць экстраннае пасяджэньне Рады бясьпекі. Дарэчы, яно было ўжо склікана, і рэзалюцыя не была прынятая. І [трэба] тэрмінова аднавіць працу квартэта блізкаўсходніх пасярэднікаў — гэта Расея, ААН, ЭЗ і ЗША. У Расеі ёсьць магчымасьць уплываць на Палестынскую аўтаномію, таму што мы падтрымліваем вельмі добрыя адносіны з арабскімі дзяржавамі, у тым ліку з Палестынай. У амэрыканцаў ёсьць шанцы ўплываць на Ізраіль. Таму цяпер гаварыць пра тое, разрасьцецца гэты канфлікт ці не, гэта было б заўчасна, і пакуль незразумела, калі ўсё гэта скончыцца.
— То бок, калі гаварыць пра эгіпцянаў, якія заяўляюць аб сваім пасярэдніцтве паміж Ізраілем і Палестынскай аўтаноміяй, яны фактычна губляюць сваю пасярэдніцкую сілу?
— Не, яны не губляюць. Цяпер той момант, калі любыя пасярэдніцкія намаганьні могуць дапамагчы выправіць гэтую сытуацыю.
Юрый Бутусаў: «Усе вайсковыя аб’екты знаходзяцца проста ў густанаселеных раёнах сэктару Газа»
— У вас ёсьць адказ, як цяпер сучаснае расейскае ўзбраеньне трапляе да баевікоў ХАМАС?
— Расея не хавае сваіх адносін з ХАМАС, яны працягваюцца і цяпер, падчас баявых дзеяньняў, гэта відаць па ўсім: і па палітычных заявах Крамля, і па дзейнасьці расейскіх СМІ. У прыватнасьці, дзяржаўнае расейскае інфармацыйнае агенцтва РИА Новости рэгулярна разьмяшчае інфармацыю са спасылкай на крыніцы ў руху ХАМАС, як быццам гэта не тэрарыстычная арганізацыя, а абсалютна легітымная дзяржаўная структура якой-небудзь дзяржавы. Пастаянна Расея сама разганяе ўсе інфармацыйныя сыгналы тэрарыстаў наўпрост, гэта робіцца кожны дзень. Агучваюцца ініцыятывы тэрарыстаў ад імя расейскага інфармагенцтва, агучваюцца іх заявы, ацэнкі, і гэта адна з найважнейшых крыніц для асьвятленьня пазыцыі тэрарыстаў у вайне.
— Гэта значыць, атрымліваецца, што словы пра тое, што Расея будзе абараняць расейскамоўнае насельніцтва ва ўсім сьвеце, а ў Ізраілі жыве вельмі шмат расейскамоўнага насельніцтва, у гэтым выпадку наогул ніяк не працуюць, нават працуюць наадварот?
— Так, вядома, гэта вельмі парадаксальна. Расея ўтрымлівае прарасейскія рухі, наймае ў ізраільскім грамадзтве сваіх ляяльных камэнтатараў, існуе такая цэлая сетка груп падтрымкі Расеі, але пры гэтым парадаксальным чынам пастаўляецца ўзбраеньне і падтрымліваюцца афіцыйныя палітычныя кантакты з тэрарыстамі, якія забіваюць ізраільцянаў, у тым ліку і расейскай зброяй.
— Я ўважліва прачытаў ваш пост на фэйсбуку пра баявыя дзеяньні паміж Ізраілем і Палестынскай аўтаноміяй. Якія асноўныя адрозьненьні ў вядзеньні баявых дзеяньняў паміж Ізраілем і сэктарам Газа?
— Мы ўпершыню ў гісторыі бачым на свае вочы такую першую ракетную вайну і першае шырокамаштабнае баявое прымяненьне тактычнай сыстэмы супрацьракетнай абароны. Ніводная іншая краіна сьвету, акрамя Ізраілю, ня мае на ўзбраеньні сыстэмы тактычнай супрацьракетнай і супрацьартылерыйскай абароны. Гэта сыстэма батарэі «Жалезны купал», якая затуляе цалкам усе населеныя пункты Ізраілю, перахоплівае ўсе апэратыўна-тактычныя ракеты і артылерыйскія снарады любыя, любыя бесьпілётнікі, якія запускаюць альбо могуць запусьціць тэрарысты.
Эфэктыўнасьць баявога прымяненьня вельмі высокая. Па заявах ізраільскай арміі, за чатыры дні — з 10 па 14 траўня — выпушчана на дадзены момант каля 1700 некіраваных ракет па тэрыторыі Ізраілю, і сыстэма «Жалезны купал» зьбіла звыш 80% усіх цэляў. А яшчэ значную частку ракет сыстэма не абстрэльвала, бо іх траекторыя не пагражала населеным пунктам Ізраілю.
Таму страты, якія панёс Ізраіль у выніку гэтай вайны, проста мінімальныя, гэта проста беспрэцэдэнтна ў гісторыі, калі пасьля такога маштабнага ўдару такія мінімальныя страты і такія вялікія страты ў тэрарыстаў. Хачу нагадаць, што ў 2014 годзе, таксама справакаваўшы такое абвастрэньне, тэрарысты ў ходзе баявых дзеяньняў з ізраільскай арміяй здолелі нанесьці цяжкія страты мірнаму насельніцтву і ізраільскім вайскоўцам. У выніку цяпер праведзена такая рашучая рэформа ізраільскай арміі, і вынік, я думаю, цалкам надзвычайны, руйнавальны для тэрарыстаў і іх спонсараў.
— Ізраіль апавяшчае Палестынскую аўтаномію, калі зьбіраецца пачаць ракетныя ўдары, пры гэтым выкарыстоўвае высокадакладныя прылады. Але ўсё роўна мы бачым, што ў сэктары Газа досыць шмат ахвяр сярод цывільнага насельніцтва. Чаму так адбываецца?
— Па заявах ізраільскай арміі, якія ніхто пакуль не абверг — ёсьць толькі альтэрнатыўная пазыцыя тэрарыстаў, пры масавых запусках некіраваных ракет тэрарыстамі з жылых кварталаў — на дадзены момант, падкрэсьліваю, толькі да Ізраілю даляцела звыш 1700 ракет, а пускаў было больш — у ходзе гэтых пускаў тэрарысты абсталёўваюць агнявыя пазыцыі сваіх ракетных комплексаў, маскіруюць іх у жылых кварталах у зямлі побач з жылымі абʼектамі, часьцяком гэта робіцца з самаробных пускавых установак. Таму значная частка ракет у выніку няспраўнасьці разрываецца проста там, на пазыцыях. Магчыма, у выніку памылак [цярпіць цывільнае насельніцтва].
У чым асаблівасьць гэтай вайны? Чаму Ізраіль ня можа імгненна падавіць цэлі? Таму што тэрарысты разгарнулі агнявыя пазыцыі — пускавыя ўстаноўкі — укапалі ў зямлю проста ў жылых кварталах, проста побач з жылымі дамамі. Усе ваенныя абʼекты знаходзяцца проста ў густанаселеных раёнах сэктару Газа. Таму тут ёсьць адваротны бок — тэрарысты такім чынам маскіруюцца ад агню ізраільскай арміі, з другога боку, калі яны часьцяком з самаробных пускавых установак — яны капаюць нейкія ямы ў зямлі, у гэтыя ямы ўстаўляюць накіравальнікі і потым ініцыююць пуск ракеты, нейкія ракеты пры гэтым не разрываюцца альбо разрываюцца проста там на пазыцыях, альбо могуць паразіць самі жылыя абʼекты.
Акрамя таго, там жа незразумелыя ўмовы захоўваньня — яны ж выкарыстоўваюць вялікую колькасьць пунктаў пуску, вялікую колькасьць месцаў захоўваньня, дзе напэўна няма ніякіх тэмпэратурных рэжымаў, ніхто за гэтым не глядзіць, за прафіляктыкай. Таму натуральна, што ракеты гэтыя, падкрэсьліваю, некіраваныя, могуць выбухнуць проста там на пазыцыях, а паколькі гэта ў жылых кварталах, цалкам верагодна, што яны могуць наносіць страты і мірнаму насельніцтву.