Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьмянілі маскі на каскі»: Беларускі расказваюць пра Ізраіль пад агнём


Палестына-ізраільскі канфлікт: так працуе ізраільская супрацьракетная сыстэма «Жалезны купал»
Палестына-ізраільскі канфлікт: так працуе ізраільская супрацьракетная сыстэма «Жалезны купал»

Тэрарысты ХАМАСа і «Ісламскага джыхада» ўсю ноч на сераду працягвалі інтэнсіўны абстрэл тэрыторыі Ізраілю. За апошнія суткі па Ізраілі выпушчана 850 ракет. У некаторых раёнах уведзена камэнданцкая гадзіна. Вось што расказваюць беларускі, якія жывуць у Ізраілі.

«Калі моцна бамбяць, хаваемся ў бамбасховішчах»

Беларуска Інга Герынг працуе доктарам у буйным мэдычным цэнтры Ichilov Hospital, што ў Тэль-Авіве.

«Пару дзён таму пачалі бамбіць поўдзень краіны. У панядзелак пачалі бамбіць Ерусалім. У аўторак — усю тэрыторыю ад поўдня да цэнтру краіны. Візуальна бамбаваньне нагадвае салют на самым пачатку. Моцна бамбілі ў аўторак увечары і ажно да 7-й раніцы ў сераду.

Калі моцна бамбяць, хаваемся ў бамбасховішчах ці выходзім на лесьвічную пляцоўку», — расказала жыхарка Тэль-Авіву.

Інга кажа, што ўсе перажываюць ракетныя ўдары па-рознаму: хтосьці спрабуе жартаваць, у кагосьці гістэрыка.

У сацыяльных сетках ізраільцяне пішуць, што мусяць «мяняць маскі на каскі». З 18 красавіка, пасьля таго як 80% насельніцтва прышчапіліся ад каранавірусу, у краіне адмянілі масачны рэжым на адкрытым паветры.

Ізраільскі вайсковец дапамагае мужчыну, Тэль-Авіў, 11 траўня 2021
Ізраільскі вайсковец дапамагае мужчыну, Тэль-Авіў, 11 траўня 2021

У сераду раніцай, перад выхадам на працу, Інга Герынг напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«А 3-й ночы пачалася „другая частка марлезонскага балету“. Затым каля гадзіны ўдалося насьцярожана падрамаць. Потым кава, самы хуткі душ у жыцьці і на працу... На вуліцы стала неяк цішэй і неяк больш запаволена, чым звычайна. Пакуль ціха. Відаць, дзядзечкі пайшлі спаць ад 6-й раніцы».

Пяць мірных жыхароў загінулі, сотні параненых у шпіталях

Беларуска Дар’я Альперн-Каткоўская зь сям’ёй жыве ў Эйлаце. У вайну 2014 году яна ў Ашдодзе перажыла масавы ракетны абстрэл на адкрытай прасторы, пасьля якога доўга адчувала посттраўматычны стрэсавы разлад. Кажа, што ўздрыгвае кожны раз ад выбухаў ці сырэны. Але пачуцьця гумару не губляе. У аўторак увечары яна напісала:

«Мой самы галоўны страх, што пры зачыненых аканіцах і працуючым кандыцыянэры і гуку навінаў мы не пачуем сырэну... Але другі галоўны страх — пачуць сырэну».

Жыхары Тэль-Авіву ў сховішчы
Жыхары Тэль-Авіву ў сховішчы

У аўторак увечары Дар’я Каткоўская паведаміла:

«Нас жорстка бамбуюць (асабіста нас пакуль не — тфу-тфу-тфу), але мы на нізкім старце на ўсялякі выпадак. Ад Газы да нас па прамой як да Тэль-Авіву, проста мы не такія „прынадныя“. Хаця калі пачнуць у нас саджаць самалёты, то ўсё можа зьмяніцца.

Закрылі аэрапорт Бэн-Гурыён на ўзьлёты і пасадкі. Рэйсы саджаюць на Кіпры. Над аэрапортам зьбілі ракету. 400 ракет у суткі. 200 зьбіў „жалезны купал“.

Ракеты трапілі ў аўтобус і жылыя дамы ў Ашкелоне, Рышоне, Гіватаіме, Сдэроце».

Прадстаўнікі ізраільскіх сіл бясьпекі праходзяць міма згарэлых аўтамабіляў у Халоне ля Тэль-Авіву, 11 траўня 2021, пасля таго, як Ізраіль быў абстраляны ракетамі з сэктару Газа, кантраляванага палестынскім рухам ХАМАС.
Прадстаўнікі ізраільскіх сіл бясьпекі праходзяць міма згарэлых аўтамабіляў у Халоне ля Тэль-Авіву, 11 траўня 2021, пасля таго, як Ізраіль быў абстраляны ракетамі з сэктару Газа, кантраляванага палестынскім рухам ХАМАС.

У ноч з аўторка на сераду сырэны супрацьпаветранай абароны гучалі па ўсім цэнтры і поўдні краіны. Бальшыня ізраільцянаў амаль ня спала, правёўшы ноч у бамбасховішчах.

Не працуюць навучальныя ўстановы, крамы, людзей просяць бяз вострай патрэбы не выходзіць з дамоў.

За апошнія суткі па Ізраілі выпушчана 850 ракет.

12 траўня Дар’я Альперн-Каткоўская напісала, што ўначы ў Лодзе загінулі яшчэ двое мірных жыхароў — бацька і ягоная дачка-падлетак.

«Ракета трапіла ў жылы дом. Дачка загінула імгненна ў сваім ложку, бацьку мэдыкі спрабавалі выратаваць, але беспасьпяхова. Усяго ўжо 5 мірных жыхароў загінула.

Паралельна працягваюцца пагромы арабамі ў зьмяшаных гарадах. Паліцыя спрабуе стрымліваць гэта ўсё, але таксама досыць беспасьпяхова.

Сотні параненых у шпіталях. Адна жанчына памерла ад сардэчнага прыступу падчас сырэны. Аскепачныя раненьні, апёкі пры пажарах, ушыбы ад выбуховай хвалі, людзі ў шокавым стане. У шпіталях працуюць псыхолягі. Выклікалі на службу дадатковых мэдыкаў, паліцыянтаў. Армія працягвае прызыў рэзэрвістаў.

У раёне Ашкелона гарыць нафтаправод Эйлат-Ашкелон. Тушыць будуць як мінімум некалькі дзён», — піша Дар’я Альперн-Каткоўская.

Ізраільская супрацьракетная сыстэма «Жалезны купал» перахоплівае ракеты, запушчаныя з сэктару Газа ў бок Ізраілю, 12 траўня 2021
Ізраільская супрацьракетная сыстэма «Жалезны купал» перахоплівае ракеты, запушчаныя з сэктару Газа ў бок Ізраілю, 12 траўня 2021

Ізраільскія СМІ: у горадзе Лодзе сытуацыя выйшла з-пад кантролю

Ізраільскае выданьне «Гаарэц» прыводзіць сьведчаньні жыхароў Лода, якія расказалі пра падзеі мінулых 24 гадзін. Адзін зь мясцовых жыхароў кажа, што пасьля дзясятай вечара прадстаўнікі арабскамоўнага сэктару пачалі падпальваць дрэвы насупраць ягонай кватэры. Усе былі з нажамі. Суразмоўца адзначыў, што мае дазвол на нашэньне зброі, выйшаў зь ёю на вуліцу — тады падпальшчыкі сышлі.

Паводле ягоных словаў, сотні арабаў хадзілі па раёне, скандавалі антысэміцкія і антыізраільскія лёзунгі, закідвалі камянямі вокны кватэр, дзе жывуць прадстаўнікі іўрытамоўнага сэктару. «Яны ўсе — нашы суседзі, выдатна ведаюць, хто дзе пражывае», — адзначыў суразмоўца выданьня «Гаарэц».

Іншыя суразмоўцы адзначылі, што паліцыя не выяжджала на выклікі грамадзян, аддаючы перавагу ахове грамадзкіх будынкаў.

Шумавая граната, якую выпусцілі ізраільскія сілы, выбухае падчас антыізраільскага пратэсту ў Хэўроне на Заходнім беразе Ярдану, 11 траўня 2021
Шумавая граната, якую выпусцілі ізраільскія сілы, выбухае падчас антыізраільскага пратэсту ў Хэўроне на Заходнім беразе Ярдану, 11 траўня 2021

Як сьведчылі жыхары гораду, у Лодзе ў дамах не было электрычнасьці, дыхаць было вельмі цяжка, бо стаяў смурод ад пажараў, спалена багата машын.

Прэм’ер-міністар Ізраіля Нэтаньяху ў аўторак увечары прыехаў у Лод. Ён назваў падзеі «анархіяй».

У многіх рэгіёнах закрыты школы, крамы, забароненыя сходы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG