Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захаваць стасункі ці адстаяць пазыцыю?» Псыхоляг пра тое, як не пасварыцца з блізкімі праз палітыку


Алена Лаўрыновіч
Алена Лаўрыновіч

Канфлікты на палітычныя тэмы прыйшлі ў беларускія сем’і. Бацькі сварацца зь дзецьмі, суседзі з суседзямі, а хтосьці губляе ў такіх спрэчках сяброў зь дзяцінства. Псыхоляг-кансультант, коўч ICF (Міжнароднай фэдэрацыі коўчынгу), трэнэр асабістага разьвіцьця Алена Лаўрыновіч раіць, як зрабіць такія дыскусіі больш бясьпечнымі для сябе і блізкіх.

«Гэта не пра правільны адказ, а пра асабісты выбар»

Калі вы закранаеце палітычную тэму, варта вызначыцца, зь якой мэтай вы гэта робіце, кажа псыхоляг. Калі ваш адказ — «пераканаць», то, хутчэй за ўсё, будзе вялікае поле для канфліктаў.

Алена Лаўрыновіч
Алена Лаўрыновіч

«Я думаю, што такія размовы цяпер лепш весьці з мэтай „пачуць“ альбо ня весьці зусім. Тады вы больш будзеце накіраваныя на тое, каб слухаць, а не на тое, каб давесьці, што ваш пункт гледжаньня самы правільны. Каб ня страціць блізкіх праз палітыку, спытайце сябе, што для вас важней: захаваць стасункі ці адстаяць сваю пазыцыю? Гэта зусім не пра правільны адказ, гэта пра асабісты выбар», — кажа псыхоляг.

Можна паспрабаваць выбудаваць унутры сям’і дамоўленасьці аб тым, як абмяркоўваць гэтую тэму ці не абмяркоўваць зусім.

«Напрыклад, можна завесьці правіла: гаварыць пра палітыку ня з пункту гледжаньня «правільна — няправільна», а праз прызму сябе, сваіх эмоцый і свайго стаўленьня: «мне падабаецца — не падабаецца... мяне гэта палохае... мяне натхняе...», — раіць Лаўрыновіч.

Калі ж вы размаўляеце са старэйшым пакаленьнем, важна памятаць, што іх не вучылі гаварыць пра эмоцыі.

«Больш за тое, многія гады тым жа бабулям і дзядулям забаранялі выказваць свае эмоцыі, таму ім будзе складана. Памятайце, вы заўжды можаце сказаць: „Мне шкада, але я не гатовая працягваць размову ў такім ключы“. Пры неабходнасьці паўтарайце, пакуль блізкія не перастануць навязваць вам гэтую тэму. Думаю, па гэтай фразе можна адчуць, што ў ёй няма агрэсіі, а ёсьць спакойнае і ўстойлівае ўказаньне на мяжу», — кажа псыхоляг Алена Лаўрыновіч.

Калі ж вы пастаянна знаходзіцеся, жывяце на тэрыторыі родных, зь якімі канфліктуеце, паспрабуйце ўсталяваць дамоўленасьці. Калі гэта не працуе, пашукайце падтрымкі ў сяброў ці блізкіх. Гэта можа быць і маральная падтрымка, і месца, дзе можна час ад часу заставацца.

Таксама Алена раіць зьвярнуцца ў такіх выпадках па дапамогу да спэцыяліста, каб выпрацаваць псыхалягічную ўстойлівасьць. Калі ў сям’і ёсьць перадумовы для аб’юзіўных адносінаў, варта шукаць крызісны цэнтар у сваім горадзе ці раёне.

«Сыходзіць ад размоваў, якія вам не падабаюцца, нармальна»

Алена Лаўрыновіч кажа, што калі ты сам хочаш, каб цябе зразумелі і пачулі, варта быць гатовым прымаць пазыцыю, якая можа кардынальна адрозьнівацца ад тваёй.

«Прыняцьце азначае прызнаньне рэальнасьці такой, якая яна ёсьць: „Мы розныя. У нас розны пункт гледжаньня. Кожны з нас мае права заставацца пры сваёй думцы“. Такая пазыцыя захавае спакайнейшы стан», — кажа экспэртка.

Калі вы ведзяце напружаную размову, варта шчыра адказаць сабе, чаго вы хочаце дамагчыся ў выніку. Калі ж непажаданую і рэзкую размову пачынаюць весьці з вамі, то можаце наўпрост спытаць: зь якой мэтай яе завялі? Калі мэта вас не задавальняе, можна спакойна сказаць, што ня хочаце працягваць, раіць псыхоляг.

«Гэта можа дапамагчы спыніць раскручваньне канфлікту, — працягвае Алена. — Калі ж іншы настойвае на тым, каб вы выказаліся ці слухалі яго, можаце гэтак жа спакойна папярэдзіць, што калі ён будзе працягваць, вы перапыніце гутарку і сыдзеце. Важна, калі вы гэта кажаце, падмацоўваць усё дзеяньнямі, інакш вашыя словы нічога ня вартыя і на вас можна ціснуць. Гэта нармальна — сыходзіць ад размоваў, якія вам не падабаюцца».

Гэтаксама нармальна, на думку псыхоляга, даваць сабе магчымасьць праявіць эмоцыі ў цяжкай сытуацыі. Але часта, трапляючы ў канфлікт, мы «знаходзім сябе» толькі тады, калі ўжо моцна злуемся, крычым адно на аднаго, плачам, кажа Алена.

«У гэтыя моманты важна пераключыцца з „аўтаматычнага“ рэжыму рэагаваньня на рэжым „ручнога кіраваньня“ — то бок усьвядомлены. Спыніцеся і спытайце сябе: што цяпер са мной адбываецца? Што я адчуваю? На што менавіта я так рэагую? Чаму я так рэагую? Чаго я ў сувязі з гэтым хачу? Гэта дапаможа прытармазіць эмацыйнае рэагаваньне і падключыць рацыянальную частку мозгу», — раіць яна.

Калі вы хочаце зьнізіць «градус» у канфлікце, старайцеся гаварыць ад першай асобы, замест узаемных абвінавачваньняў.

«Адчуйце розьніцу: „Ты мяне не разумееш!“ ці „Мне шкада, што ў нас не атрымліваецца адно аднаго зразумець“; „Ты ня маеш рацыі!“ ці „Я бачу, што ў цябе іншая думка, і мне цяжка гэта прыняць“, і г.д. Чым больш вы апэлюеце да таго, што ваш блізкі ня мае рацыі, тым больш узмацняецца эмацыйны напал», — кажа Алена Лаўрыновіч.

«Вазьміце паўзу, прагуляйцеся, пабіце падушку»

Некаторыя эмоцыі, асабліва злосьць, выяўляюцца ў нашым целе тонусам пэўных цягліц, кажа псыхоляг.

«Менавіта таму падчас канфлікту, калі нам нешта не падабаецца і мы злуемся, нам можа хацецца крычаць, напрыклад, ці ўдарыць кагосьці, ці нас пачынае трэсьці. Знайдзіце бясьпечны выхад гэтай энэргіі ў выглядзе фізычнай актыўнасьці», — кажа псыхоляг.

Каб зьнізіць эмацыйнае напружаньне, выкарыстоўвайце любыя даступныя вам спосабы. Вось што раіць псыхоляг:

  • вазьміце паўзу ў размове. Гэта нармальна — рабіць паўзу, калі адчуваеце, што ня можаце захоўваць устойлівасьць;
  • сканцэнтруйцеся на дыханьні: удыхайце і выдыхайце павольна і глыбока праз нос, лічачы на ўдыху і выдыху ад 1 да 4, паступова робячы выдых трошкі даўжэйшы за ўдых;
  • прагуляйцеся хуткім крокам або ўверх-уніз па лесьвіцы, пакуль не адчуеце спад напружаньня;
  • пабіце падушку. Як бы дзіўна гэта ні выглядала, але гэта бясьпечны спосаб зьняць напружаньне.

«У якасьці прэвэнтыўных захадаў я б рэкамэндавала выкарыстоўваць мэдытатыўныя практыкі, каб вучыцца кіраваць сваёй увагай», — дадае Алена.

Замест таго каб пракручваць у галаве тое, што адбылося падчас канфлікту, лепш падумайце, што вы хочаце зьмяніць далей у зносінах з блізкімі. Гэта ня дасьць вам затрымацца ў непрыемных эмоцыях, разбураючы сябе, а падштурхне вырашаць сутнасьць сытуацыі, тлумачыць яна.

Што рабіць, калі вам навязваюць пачуцьцё віны?

У канфліктах мы можам адчуваць цэлую гаму пачуцьцяў. Адно зь іх — віна. Калі вы адчуваеце віну, варта спытаць сябе: «Я сапраўды зрабіў нешта ня так? Я сапраўды нанёс шкоду іншаму чалавеку?».

«Калі вы адказалі «так» і разумееце, што нанесьлі нейкую маральную шкоду блізкаму чалавеку, абразілі або накрычалі ў парыве эмоцый, важна аднавіць балянс, — кажа псыхоляг. — Папрасіце прабачэньня за тое, як сябе паводзілі: «Прабач, гэта важная для мяне тэма, і мне было цяжка сябе стрымаць. Мне шкада, што я на цябе накрычала».

Пры гэтым псыхоляг раіць выбачацца толькі за канкрэтныя дзеяньні.

«Калі вашых выбачэньняў не прымаюць, спытайце, як можна аднавіць балянс. А далей абавязкова сачыце, каб тая маральная „цана“, якую вам выстаўляюць, была вам па сілах, — папярэджвае Алена. — Аднаўленьне адносінаў — гэта вынік дамоўленасьцяў, якія задавальняюць абодва бакі».

Калі вамі спрабуюць маніпуляваць і навязваць віну, важна выбудаваць межы, паказаць, што з вамі так нельга, і, бывае, у такіх выпадках не абысьціся без здаровай злосьці.

«Працягвайце гаварыць ад першай асобы, адзначце, што рахунак „прыйшоў не на той адрас“, „я ні ў чым перад вамі не вінаватая, таму не прыму такія абвінавачваньні ў свой бок“, — разьвівае сваю думку псыхоляг. — У гэты момант, магчыма, на вас захочуць націснуць яшчэ з большай сілай, каб ужо дакладна вы „адчулі сваю віну“. Гэта даволі цяжка перажываць. Хутчэй за ўсё, вы будзеце адчуваць шмат напружаньня ўнутры і ціску з боку блізкіх, бо яны звыкліся, што вас можна „зрабіць зручным“».

Вельмі важна ў такіх выпадках, захоўваючы ўстойлівасьць, паўтараць, што абвінавачваньні ў свой адрас вы не прымаеце.

Як аднавіцца пасьля канфлікту?

Аднаўляцца пасьля канфліктаў псыхоляг раіць на некалькіх узроўнях.

Фізычным:

  • вылівайце нявыказаныя эмоцыі празь любімую фізычную актыўнасьць: шпацыр, плаваньне, трэнажорная заля, фітнэс, любімы від спорту і г.д.;
  • разьнявольвайцеся: рабіце дыхальныя практыкаваньні і вучыцеся цягліцавай рэляксацыі, выкарыстоўвайце масаж і ўсё, што дапаможа целу расслабіцца;
  • добра высыпайцеся і адпачывайце.

Псыхаэмацыйным:

  • разьвівайце ўсьвядомленасьць, прагаворвайце свае эмоцыі і стан з кімсьці, каму давяраеце, — гэта зьніжае напружаньне; мэдытуйце, працуйце з псыхолягам, мяняйце сваё стаўленьне да таго, што выбівае вас «з каляіны».

Сацыяльным:

  • фармуйце кола зносінаў, на якое зможаце абаперціся, калі сытуацыя з блізкімі ня зьменіцца і, магчыма, будзе пагаршацца.

Духоўным:

  • падтрымлівайце або знайдзіце хобі, прапрацуйце жыцьцёвыя мэты, якія зададуць вэктар вашым памкненьням, дасьледуйце свае каштоўнасьці.

«Памятайце, што ў гэтай сытуацыі вы не адны, што ў вас ёсьць усе рэсурсы, каб спраўляцца зь цяжкасьцямі, і клапаціцеся пра сябе», — кажа псыхоляг Алена Лаўрыновіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG