Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі нічога ня хочацца рабіць? Размова з псыхатэрапэўткай пра эмацыйнае выгараньне


Ян Максімюк размаўляе пра сындром эмацыйнага выгараньня з Ірынай Шумскай, псыхолягам, сацыяльнай работніцай, арт-тэрапэўткай, спэцыялісткай рэабілітацыі людзей з нэўрадэгенэратыўнымі хваробамі і пашкоджаньнямі мозгу.

Ірына Шумская сьцісла:

  • Стомленасьць можа быць ня толькі фізычная, але і эмацыйная, і маральная.
  • Эмацыйнае выгараньне — гэта стомленасьць, якую выклікае вельмі доўгая і інтэнсіўная ангажаванасьць, уцягнутасьць.
  • Эмацыйнае выгараньне — гэта тое, што перад дэпрэсіяй.
  • Каб пераадолець эмацыйнае выгараньне, трэба пачаць з намаганьня: нармальна спаць, нармальна есьці. І абавязкова рабіць фізычныя практыкаваньні.
  • Дапамагчы чалавеку ў пераадоленьні эмацыйнага выгараньня могуць і павінны блізкія людзі.

Розныя віды стомленасьці

— Калі дазволіце, пачнем з азначэньня тэрміну. Гэтае паняцьце — эмацыйнае выгараньне — зьвязанае толькі з выконваньнем працы і прафэсіі чалавекам ці мае дачыненьне наогул да жыцьця чалавека сярод іншых людзей?

Ірына Шумская
Ірына Шумская

— На мой погляд, яно не зьвязанае, але гэта ўжо іншае пытаньне. Мне не хацелася б даваць занадта навуковае азначэньне эмацыйнага выгараньня. Я хацела б зрабіць гэта простымі словамі, каб людзі сапраўды зразумелі. Выгараньне — гэта стомленасьць, якую выклікае вельмі доўгая і інтэнсіўная ангажаванасьць, уцягнутасьць. Гэта такое прытупленьне эмацыйных сувязяў, калі стасункі ўжо не выклікаюць водгуку, толькі абыякавасьць. Калі мне ўсё роўна, што зь ім ці зь ёй, што з блізкімі. Гэта адчуваньне такой бессэнсоўнасьці: што б я ні рабіў, гэта ні на што не ўплывае, не дае ніякага выніку.

Большасьць дасьледаваньняў, якія існуюць у гэтай тэме, датычаць, вядома, прафэсійнага выгараньня. Але гэта ня значыць, што выгараньне існуе толькі ў сувязі з прафэсіяй. Цяпер ёсьць штораз больш кніг і дасьледаваньняў пра выгараньне бацькоў, пра бацькоўскае выгараньне. Калісьці гэта было ўвогуле незразумела… Маці, яна ж цэлы час дома, зь дзецьмі — яна нічога ня робіць, прыбірае, гатуе ежу… Чаму яна стамілася? Гэткія словы вельмі часта адрасуюцца да бацькоў: яны ж нічога ня робяць, ты ж проста бацька або маці, ад чаго табе стамляцца?

— Так, я зразумеў, што эмацыйнае выгараньне зьвязанае ня толькі з прафэсіяй. Вы сказалі, што ў эмацыйным выгараньні вельмі важную ролю адыгрывае стомленасьць. Але ж ня кожную стомленасьць можна назваць выгараньнем, праўда? Мы можам адпачыць, паехаць у адпачынак над мора і вярнуцца, і тады няма ніякай гаворкі пра выгараньне… Дык я хачу вас запытацца, па чым усё ж такі распазнаецца гэты стан? Чым яно, выгараньне, вымяраецца? Як яно адрозьніваецца ад звычайнай стомленасьці ці ператомленасьці?

— Вы цяпер гаворыце пра стомленасьць як пра штосьці фізычнае. Але стомленасьць, вядома, можа быць і эмацыйная, яна можа быць і маральная. Калі, напрыклад, вы прыходзіце на работу, і ваш шэф заўсёды ставіцца да вас па-хамску… І вам трэба сябе стрымліваць. Гэта ваш шэф, вы ня можаце яму проста ў твар сказаць усё, што вы аб ім думаеце. Так? Вось гэтае эмацыйнае стрымліваньне, гэтае эмацыйнае напружаньне для нашага мозгу, для нашага цела — тое самае, што і фізычнае напружаньне. Гэта так, як бы вы там стаялі перад сваім шэфам і сьціскалі сваё цела.

Мы не разумеем гэтага, мы гэта фізычна не адчуваем. Але кожны дзень нам патрэбна сябе стрымліваць… Я не гавару пра такія моманты, калі проста трэба быць нармальным чалавекам — ветлівым, прафэсійным. Возьмем, напрыклад, настаўнікаў… Я ведаю, што кіраўніцтва школы часамі ставіцца да настаўнікаў пагардліва. Таксама выстаўляе вельмі шмат прэтэнзіяў да іх работы… І гэта таксама эмацыйнае напружаньне. І калі вы ходзіце на працу некалькі месяцаў, калі ходзіце паўгода, ды што потым — вы выяжджаеце на адпачынак на месяц і ўсё? Прыяжджаеце адноўлены?

«Спэцыялісты дапаможных прафэсій»

— Не, не прыяжджаю… Якраз я быў тры гады настаўнікам, і я дакладна разумею такую напружанасьць у працы настаўнікаў. Таму тут я хачу запытацца ў вас, ці ёсьць прафэсіі, выконваньне якіх пагражае — як тут сказаць? — большай імавернасьцю эмацыйнага выгараньня, чым выконваньне іншых?

— Я шмат займалася сацыяльнай работай. У псыхалёгіі мы гаворым пра такіх — «спэцыялісты дапаможных прафэсій». Гэта і дактары, і настаўнікі, і сьвятары, і псыхолягі. І так, увогуле — гэта таксама бацькі, бо яны заўсёды мусяць дапамагаць дзецям у чымсьці. І «спэцыялістам дапаможных прафэсій» лягчэй за ўсіх выгараць.

Калі мы суаднясём гэта зь беларускімі пратэстамі, то вельмі хутка выгараюць і валянтэры. Ну і ўвогуле дабрачыннасьць — гэта такая сфэра, дзе выгараньне мае вялікі размах. Таму што калі гэта дабрачыннасьць, то ўсе ўяўляюць, што чалавек мусіць быць такі добры, заўсёды ўсьміхацца, усім дапамагаць і нічога за гэта не хацець — ані зарплаты, ані камфорту, ну бо ж гэта дабрачыннасьць. Таму такому чалавеку вельмі цяжка. Усе гэтыя прафэсіі — яны зьвязаныя ня толькі з працай, але таксама зь нейкай роляй, нейкім вобразам, які людзі ўяўляюць.

Дэпрэсія і перад дэпрэсіяй

— Наколькі такое эмацыйнае выгараньне, страта энэргіі, страта ахвоты да жыцьця ў чалавека зьвязанае са стрэсам, з моцным стрэсам на працы і ў жыцьці? Калі дазволіце, я вам працытую адзін допіс, які я нядаўна прачытаў у фэйсбуку. Напісала яго жанчына, вельмі шчыра і адкрыта, і ён зрабіў на мяне вельмі моцнае ўражаньне. І я б хацеў, каб вы паслухалі і пракамэнтавалі менавіта гэты допіс…

…На маршы я перастала хадзіць перад самай зімой. Зь дзьвюх прычын: па-першае, ня бачыла сэнсу, і па-другое — пасьля ўсіх аблаў і пастак кожную наступную я перажывала па тры-чатыры дні з такімі болямі, што «адрэжце мне галаву» пры звычайнай мігрэні мне падавалася жартам.

1 сьнежня 2020 году я ўпершыню ў жыцьці прыняла антыдэпрэсант. Гучыць так патасна, быццам я падсела на наркотык, але для мяне паўгода гэта і быў наркотык, самы блізкі сябар і адзіны намёк на выратаваньне.

Мне складана ўявіць, колькі сёньня ў Беларусі такіх, як я. Мая лекарка казала, што кліентаў зь цяжкай формай дэпрэсіі і псыхасаматычнымі болямі ў яе было шмат яшчэ ў першую хвалю ковіду, а цяпер тым больш гэтым нікога ня зьдзівіш. Адзінае, што ўсё яшчэ зьдзіўляе, — гэта наколькі мы няўважлівыя да сябе.

У розныя пэрыяды я шмат кідалася гэтым словам — «дэпрэсія». Я ні халеры ня ведала, што гэта такое. І не пажадаю ведаць нікому. У мяне здаралася ўсялякае: і калі пятлю на шыю нацягвала, і калі хацелася пад машыны кідацца, але так кепска мне не было ніколі. Проста таму, што, калі табе балюча, ты ведаеш, што ты можаш адчуваць, ты жывая і што аднойчы гэта пройдзе. Гэтым разам я дайшла да таго самага чорнага дна, калі не адчувала нічога — не балела, ня плакалася, але і не хацелася, не жадалася, ня радавалася. Сон — на таблетках, ежа — прымусова, праца — на аўтамаце…

— Ведаеце, беларусы — такія людзі, якія трываюць. Тое, што тут напісана, гэта ўжо не пра выгараньне, гэта сапраўды пра дэпрэсію. Дэпрэсія — гэта больш цяжкі стан. Я сказала, што беларусы трываюць, таму што, мабыць, нам вельмі цяжка адчуць, што штосьці ня так. Калі людзі так доўга не заўважаюць цябе, твой стан, то гэта можа выліцца вось у такую дэпрэсію. Гэта цяжка — выходзіць з дэпрэсіі. Дактары лічаць дэпрэсію хваробай. Гэта сапраўды ёсьць хвароба, таму што зьмяняецца стан мозгу, зьмяняецца мэдыятарны балянс…

Дэпрэсія таксама мае шмат фізіялягічных наступстваў. Выгараньне — гэта тое, што перад дэпрэсіяй. Гэта такі стан, пра які мы кажам: ну, ты проста гультайнічаеш, табе трэба пачаць рабіць штосьці карыснае ў жыцьці; ну чаго ты так сумуеш з гэтымі маршамі, што іх няма, вось людзі ўвогуле ў турме, кінь дурное, не тужы. Гэта такое стаўленьне да выгараньня, да пачуцьцяў. Калі вельмі доўга ігнараваць такія станы, то чалавек прыходзіць да дэпрэсіі. Дэпрэсія — гэта ўжо значна цяжэйшы стан.

— Вы сказалі, што дэпрэсія — гэта хвароба. А ці назвалі б вы стан эмацыйнага выгараньня хваробай? Ці гэта такі стан, які лекары і псыхолягі не кваліфікуюць як хваробу?

— Я ніколі ня чула, каб гэта кваліфікавалі як хваробу. (…)

Каму можна даваць парады?

— Але ўсе роўна, калі чалавек адчувае, што ён эмацыйна выгарае, то што яму рабіць? Як дапамагчы, каб яму зноў вярнулася ахвота да жыцьця? Ёсьць нейкія спосабы ў псыхолягаў, у псыхатэрапэўтаў?

— Спосабы, вядома, ёсьць. Але спачатку трэба зразумець, што з чалавекам адбываецца. Я зноў скажу, што беларусы — тыя людзі, якія трываюць. Напрыклад, слухае цяпер чалавек нашу размову і думае: ну можа ёсьць гэтае выгараньне, і я паслухаю парады, якія тут даюць. А той чалавек, можа, не адчувае, што ён ужо далёка па-за выгараньнем, што ён дзесьці на шляху да дэпрэсіі ці ўжо ў дэпрэсіі, і што яго стан ужо вельмі цяжкі. Тады мае парады такому чалавеку, вядома, будуць бяз сэнсу. Такія станы, калі мае парады будуць дзейнічаць, мабыць, чалавек нават ня зможа распазнаць. Такія парады, якія я даю, гэта не пра дэпрэсію, гэта пра штосьці лягчэйшае, калі такая ўнутраная спустошанасьць ёсьць, але такога стану, пра які вы чыталі, яшчэ няма…

Пра сябе і іншых

— Ці ў сваёй псыхатэрапэўтычнай практыцы вам даводзілася дапамагаць людзям з сындромам эмацыйнага выгараньня? Маглі б расказаць пра нейкі канкрэтны выпадак, вядома ж, ананімна?

— Ведаеце, усё ж такі пра кліентаў псыхолягі не размаўляюць, таму я раскажу вам пра сябе… Выгараньне: вось я прыяжджаю з працы, паркую аўтамабіль і хвілін дваццаць ці паўгадзіны сяджу ў машыне і не магу выйсьці зь яе, проста няма сіл. Я там штосьці гартаю ў тэлефоне, чытаю фэйсбук і адчуваю, што так добра сядзіцца, ня трэба ісьці дадому… Гэта выгараньне. Калі я прыходжу дадому, я стомленая, я кладуся і не магу нават пачытаць кнігу. Маёй увагі не хапае, каб чытаць старонку за старонкай. Я зноў бяру тэлефон і штосьці там гартаю ў фэйсбуку ці, можа, у інстаграме, нейкія фатаздымкі, таму што я ўжо не магу нават чытаць. Гэта выгараньне, гэта цяжка.

Я яшчэ не адказала на папярэдняе пытаньне, не дала парадаў… Магчыма, людзі ўжо маюць досыць такіх дурнаватых парад, але тое, з чаго ўсе пачынаецца, — гэта намаганьне. Намаганьне паклапаціцца пра сябе і пачаць з раскладу дня. Пачаць нармальна спаць, адводзіць на гэта час. Пачаць нармальна есьці. Ня тое, чаго я хачу… І не для таго, каб быць худым, каб быць спартоўцам, а проста для таго, каб арганізм меў сілы, каб было ўсё, чаго арганізм патрабуе, каб думаць, каб хадзіць.

Ведаеце, для выгараньня гэта вельмі характэрна, калі ўсё, што чалавек хоча, гэта фанта, піва, чыпсы, пірожнае, торцікі. Цяга да такой ежы — гэта таксама сымптом выгараньня. Чалавеку не хапае эмоцый, вельмі высокі ўзровень трывогі, і ўсё гэта закідваецца ежай… Не, трэба рабіць асэнсавана, трэба клапаціцца пра сябе.

Ірына Шумская
Ірына Шумская

Абавязкова — фізычныя практыкаваньні. У тым, што датычыцца пратэсту — гэта проста абавязкова. Ёсьць вельмі шмат тэорый, яны навукова даказаныя, што ўвесь гэты стрэс, які чалавек перажывае, калі ён бачыць, як кагосьці б’юць ці хапаюць і кідаюць у бус, і калі ён баіцца, што нехта выскачыць і схопіць таксама яго — што гэты вельмі сур’ёзны стрэс не павінен назапашвацца, што трэба даваць выхад гэтаму напружаньню. Я іду ў такім стане на маршы, я прыйшла дадому, і што далей? Я не магу сказаць сабе — цяпер relax! — і яно адпусьціць. Гэтае напружаньне ўзьнікла ў целе, каб бегчы, калі хтосьці будзе бегчы за мной. І трэба яго рэалізаваць, штосьці зрабіць: ня ведаю, патрэсьці рукамі, зрабіць тое, што чалавек любіць, можа, сапраўды пабегаць, заняцца якімсьці спортам… Якоесьці напружаньне цягліц мусіць быць абавязкова…

Яшчэ мне хацелася б зьвярнуць увагу, што людзям, якія побач з чалавекам у гэтым стане выгараньня, таксама цяжка. Ім таксама цяжка, таму што яны заўсёды ў эмацыйным рэзанансе з блізкім чалавекам і яны таксама адчуваюць, што штосьці ня так. І сваім блізкім яны могуць дапамагчы. Яны сапраўды могуць быць побач, ім таксама трэба клапаціцца пра сябе, каб дапамагаць блізкаму.

Вядома, што чалавек, які праходзіць праз гэтае выгараньне, ня хоча ісьці на вуліцу, гуляць, піць каву, з кімсьці размаўляць. Але гэта трэба рабіць, трэба ўзяць яго і выцягнуць. Патрэбны нейкія новыя ўражаньні, прыемныя пачуцьці ад таго, што чалавек проста ідзе па вуліцы. Людзі любяць рухацца, людзі любяць глядзець на прыроду, на архітэктуру, на штосьці. І гэта абавязкова дапаможа. Але часам хтосьці мусіць прыйсьці да гэтага чалавека, нават калі ён ня хоча. Вядома, гэта не павінен быць гвалт, але настолькі, наколькі чалавек можа, было б добра гэта рабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG