Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта за 25 сакавіка». Гісторыя шматдзетнай маці-адзіночкі, якую аштрафавалі на 2 тысячы даляраў за фота са сьцягам


Шматдзетная маці з Бабруйску Ірына Сурыгіна
Шматдзетная маці з Бабруйску Ірына Сурыгіна

Найбольшым на Магілёўшчыне «палітычным» штрафам пакаралі 36-гадовую бабруйчанку Ірыну Сурыгіну.

За чатыры месяцы жанчына перажыла ператрус, пабывала ў ізалятары і двойчы ў судзе. Вымушаная была звольніцца і, да ўсяго, яе сям'я апынулася на ўліку органаў апекі, бо дзеці ў ёй нібыта гадуюцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы.

Пра Ірыну Сурыгіну. Сьцісла

  • Карэнная бабруйчанка. Адна гадуе траіх непаўналетніх дзяцей. Былы муж плаціць алімэнты
  • Па прафэсіі кухар, спэцыялістка ў гатаваньні пасьцілы, мармэляду і карамэлі. Скончыла бухгальтарскія курсы
  • Да 1 траўня рабіла прадаўцом. Звольнілася «па згодзе бакоў»
  • Агульная сума двух штрафаў «за палітыку» — 5740 рублёў.

Прысароміла сілавіка за гвалт і ледзь ня трапіла ў міліцыю

Ірына Сурыгіна кажа, што ніколі не была прыхільніцай цяперашняй улады і за Аляксандра Лукашэнку не галасавала, бо «ўмела чытаць і ў ягоныя абяцаньні ня верыла». Разам з тым думала, што такіх, як яна, меншасьць, таму кіраўнік дзяржавы і нязьменны.

Летась «дзякуючы інтэрнэту» Ірына зьмяніла погляд на палітычную сытуацыю ў краіне. Жанчына ўпэўнілася, што ейныя ўяўленьні пра меншасьць былі памылковымі. Кажа, да прэзыдэнцкіх выбараў «беларусы прыйшлі зьяднанымі вераю, што 9 жніўня выберуць іншае жыцьцё». Суразмоўца перакананая, што Лукашэнка не атрымаў перамогі на іх.

Адразу пасьля выбараў, успамінае яна, яе з малодшым сынам ледзь не схапілі сілавікі. Яны ўдваіх выбраліся з дому па харчы і трапілі ў абложаны міліцыянтамі ў рыштунку цэнтар гораду.

На ейных вачах адзін зь іх ударыў па нагах пажылога мужчыну, а затым запхнуў яго ў аўтазак за тое, што той фатаграфаваў аточаную амапаўцамі плошчу перад гарвыканкамам. Жанчына кажа, што прысароміла сілавіка, а ён «паглядзеў на яе, як на нікчэмнасьць, ды пайшоў далей».

Другі падбег, але, пабачыўшы непад’ёмныя торбы, перадумаў затрымліваць.

Пасьля ператрусу тры дні правяла ў ізалятары

Па словах Сурыгінай, пратэсты вярнулі ёй спадзеў на перамены ў Беларусі. Яна вітала калёны пратэстоўцаў, але ўстрымлівалася далучацца да іх, бо баялася за дзяцей, якія ў выпадку затрыманьня застануцца адны.

Бабруйчанка Ірына Сурыгіна
Бабруйчанка Ірына Сурыгіна

Ранкам 22 студзеня да Ірыны прыйшлі зь ператрусам. У той дзень ператрусы правялі прыблізна ў 15 бабруйчан, якія траплялі пад увагу міліцыі падчас пратэстаў. Нагодай была нібыта крымінальная справа за абразу міліцыянтаў у сацыяльных сетках. У актывістаў забіралі беларускую атрыбутыку, кампутары, тэлефоны ды носьбіты інфармацыі.

Ірына кажа, што ніколі не трапляла пад перасьлед за пратэсты і была агаломшаная, убачыўшы міліцыянтаў на парозе сваёй кватэры. Апэратыўнікаў не зьбянтэжыла, што дома непаўналетнія дзеці, калі аглядалі пакой за пакоем.

Сілавікі заявілі, што яна можа быць датычная да зьнявагі міліцыянтаў, хоць у паперах былі пазначаныя чужыя тэлефонныя нумары і нікі сацыяльных сетак. З кватэры забралі тэлефон, беларускую атрыбутыку ды саму гаспадыню. Ёй паабяцалі даць сьпіс забранага ў гарадзкім упраўленьні міліцыі і пасьля допыту адпусьціць.

Там склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Доказам віны быў фатаздымак. Жанчына падпісала пратакол, каб выпусьцілі, хоць сябе на здымку ня ўбачыла.

«У міліцыі пасадзілі ў „малпоўню“, а потым на тры дні завезьлі да суду ў ізалятар, — апавядае бабруйчанка. — Да зьняволеньня я не была гатовая зусім. Не было неабходных рэчаў. Дзеці тым часам засталіся пад прыглядам маёй маці, якая зь цяжкасьцю ходзіць».

У міліцыі і ізалятары не зьвярталі ўвагі, што яна шматдзетная маці і што яе ня маюць права затрымліваць. У першую ноч у камэры давялося спаць на голым матрацы, пасьцельнай бялізны не далі. У студзені ахоўнікі зь вязьнямі абыходзіліся яшчэ цярпіма, адзначае жанчына і дадае, што стаўленьне да «палітарыштантаў» зьмянілася ў сакавіку.

Пасьля трох дзён у няволі Сурыгіну аштрафавалі на 580 рублёў.

Акцыя пратэсту ў Бабруйску, 6 верасьня 2020
Акцыя пратэсту ў Бабруйску, 6 верасьня 2020

Рэкордныя 180 базавых пасьля ночы ў «малпоўні»

Другі раз Ірына Сурыгіна трапіла ў міліцыю 25 сакавіка. Яна прызнаецца, што ў гэты дзень «для яе было важна сфатаграфавацца зь бел-чырвона-белым сьцягам». Калі вярталася дамоў, патруль запатрабаваў паказаць зьмесьціва сумачкі, бо нехта быццам бачыў, як яна фатаграфавалася з «апазыцыйным сьцягам». У аддзеле ў торбе знайшлі крамольны сымбаль, а ў тэлефоне — фота зь ім.

Па словах жанчыны, ноч яе пратрымалі ў халоднай «малпоўні». На довады, што шматдзетную маці нельга затрымліваць, супрацоўнікі адказвалі, што на такіх, як яна, гэтая «норма не распаўсюджваецца».

Шматдзетная маці з Бабруйску Ірына Сурыгіна.
Шматдзетная маці з Бабруйску Ірына Сурыгіна.

26 сакавіка Сурыгінай за несанкцыянаванае пікетаваньне прысудзілі штраф 5220 рублёў (180 базавых велічыняў). Жанчыну, якая яе сфатаграфавала, пакаралі на 1740 рублёў (60 базавых велічыняў).

«З матывацыйнай часткі прысуду вынікала, што мяне яшчэ пашкадавалі, бо маглі аштрафаваць на 5800 рублёў. Калі тое прачытала, то празь сьлёзы сьмяялася», — са скрухай адзначае суразмоўца.

Яна ня ведае, дзе браць для выплаты штрафу фантастычныя для яе грошы. Прадаць няма чаго. Спадзявацца на дапамогу родных не выпадае.

«Я дапускала, што мяне могуць схапіць за сьцяг, але блізка не ўяўляла, што на такую суму аштрафуюць», — прызнаецца жанчына.

Бяз працы і на ўліку органаў апекі

Ірына Сурыгіна рабіла прадавачкай у краме аднаго вядомага ў Беларусі гандлёвага брэнду. Паводле суразмоўцы, пасьля затрыманьня за Дзень Волі начальства дала ёй зразумець, каб звальнялася. 1 траўня яна выйшла апошні раз на зьмену і напісала заяву на спыненьне працоўных адносінаў «па згодзе бакоў». Калі б не пагадзілася, кажа Ірына, то знайшлі б падставу для звальненьня за парушэньне працоўнай дысцыпліны з адпаведным запісам у працоўнай кніжцы, а гэта як «воўчы білет».

Па словах Ірыны, пасьля другога штрафу ў яе заблякавалі банкаўскую картку. Цяпер карыстацца ёю яна ня можа і вымушана шукаць такую працу, дзе заробак выплачваюць у канвэрце.

4 траўня да бедаў жанчыны дадалася яшчэ адна. Яе паставілі на ўлік як маці, якая гадуе дзяцей у сацыяльна небясьпечным становішчы. Паводле суразмоўцы, органы апекі зацікавіліся ейнай правіною двухгадовай даўнасьці. Тады яе аштрафавалі за тое, што была ў грамадзкім месцы нападпітку.

Жанчына кажа, што тады танцавала на Дзень гораду каля агароджы пляцоўкі, дзе праходзіў канцэрт. Патрульнаму міліцыянту не спадабалася месца, якое яна выбрала для такой забавы. На просьбу паказаць, дзе можна танцаваць, ён завёў яе ў пастарунак.

«Два гады на гэтае здарэньне органы апекі не зьвярталі ўвагі, а цяпер яно прыдалося для пакараньня», — абураецца Ірына.

Паводле жанчыны, у паперах камісіі, якая прыходзіла аглядаць умовы пражываньня дзяцей, адзначалася: паколькі маці трапіла ў міліцыю, варта правесьці расьсьледаваньне. За што канкрэтна, сказана не было.

Пазьней, працягвае Ірына, ёй стала вядома, што парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства ня згадваецца сярод прычынаў пастаноўкі на ўлік. На камісіі, адзначае яна, між іншым прагучала: «Сама мушу разумець, што мяне выклікалі за 25 сакавіка».

Цяпер бабруйчанка больш абачліва ставіцца да «палітычных» жаданьняў. Але пераменаў усё адно хочацца, нягледзячы ні на што, падсумоўвае яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG