У сям’і Чыжонкаў з гораду Жодзіна Менскай вобласьці пасьля затрыманьня на «акцыі ў лазьні» прадстаўнікі аддзелу адукацыі хацелі адабраць прыёмнае дзіця. Аднак дзякуючы салідарнасьці беларусаў і розгаласу сытуацыі ў СМІ 12-гадовага Руслана вырашылі пакінуць з прыёмнымі бацькамі, мяркуе маці хлопца Іна Чыжонак.
Паводле інфармацыі rebenok.by, 6 траўня а 15.00 мужа і жонку выклікалі ў гарвыканкам. Там сказалі, што дамова аб прыёмным бацькоўства будзе скасаваная, але замест яе сям’я можа сабраць дакумэнты і аформіць апеку на дзіця. Для 12-гадовага Руслана нічога прынцыпова не зьмяняецца — ён застаецца ў сямʼі. А вось яго прыёмны бацька страціць зарплату.
«Так, мы пазбаўляемся стаўкі прыёмнага бацькі. Але наша мэта была, каб нам пакінулі дзіця, і гэта, вядома, галоўнае», — сказала Іна.
24 красавіка ўвечары міліцыя затрымала 13 жанчын і 7 мужчын за «несанкцыянаваную акцыю» ў жодзінскай лазьні. Сярод затрыманых была Іна Чыжонак. Разам з мужам яна выхоўвае прыёмнага сына Руслана.
4 траўня прадстаўнікі аддзелу адукацыі прапанавалі сям’і падпісацца пад скасаваньнем дамовы на прыёмнае бацькоўства. Сайт Rebenok.by высьветліў падрабязнасьці справы, зь якіх вынікала, што на 5 траўня была прызначаная на гэтую тэму нарада ў пашыраным складзе ў Жодзінскім гарвыканкаме. Калі б там прынялі рашэньне адабраць дзіця, то аддзел адукацыі быў бы вымушаны падпарадкавацца.
Rebenok.by спрабаваў зьвязацца з кіраўніцтвам аддзелу адукацыі ў Жодзінскім выканкаме. Аднак там адказалі, што намесьнік начальніка, а таксама спэцыяліст аддзелу аховы дзяцінства знаходзяцца на нарадзе.
Раней Іна і Сяргей Чыжонкі пачалі зьбіраць подпісы ў абарону сваёй сямʼі. Іна кажа, што Руслана яны ўзялі зь дзіцячага дому 3-гадовым. Цяпер Руслану 12 гадоў, ён вучыцца ў 6-й клясе. Любіць хадзіць у школьны цір, на валейбол, займаецца футболам. Пра сытуацыю зь ціскам на сямʼю хлопец ведае, але ўжо папярэдзіў бацькоў, што «ўцячэ зь любога месца, калі яго забяруць».
Пасьля пасяджэньня ў гарвыканкаме стала вядома, што ўлады вырашылі пакінуць Руслана з прыёмнымі бацькамі.
Увечары 5 траўня Іна Чыжонак напісала ў фэйсбуку словы ўдзячнасьці беларусам, якія не засталіся абыякавымі да яе сытуацыі і дадала, што дзякуючы салідарнасьці яе 12-гадовы прыёмны сын Руслан застаецца ў сям’і:
«Мы гэта зрабілі. Абдымаю ўсіх і кожнага ў асобнасьці. Русьлік з намі. Беларусы, вы неймаверныя. Я магу паўтарыць гэта бясконца. Рэзананс сытуацыі зрабіў сваю справу і не пакінуў шанцаў на прыняцьце няправільнага рашэньня! Дзякуй усім за рэпосты. Дзякуй за пажаданьні! Дзякуй за малітвы. Вы падарылі нам жыцьцё! Вы падарылі нам паветра. Салідарнасьць — гэта сіла і моц».