Скараціліся даходы бюджэту ў адсотках ад ВУП
Даходы бюджэту ў адсотках ад ВУП у 2020 годзе склалі 26,7%, гэта на 2,3% менш, чым у 2019 годзе. Расходы бюджэту, наадварот, вырасьлі на 1,9%. Пры гэтым зьнізіліся расходы бюджэту на адукацыю, фізычную культуру і спорт, вырасьлі — на ахову здароўя.
Турыстычных фірмаў стала менш на 12,6%
З прычыны эпідэміі каранавірусу значна скараціўся турыстычны рынак. Турыстычных арганізацый стала менш на 12,6% (было 1544, стала 1348). Колькасьць турыстаў, якія наведалі Беларусь у 2020 годзе, скарацілася ў 5 разоў, у краіну прыехала 81 тысяча чалавек. Большасьць турыстаў былі з краін СНД.
У чатыры разы менш беларусаў выехала ў 2020-м за мяжу, чым годам раней, — толькі 258 тысяч чалавек. Абсалютная большасьць, 240 тысяч, ехалі ў краіны па-за СНД.
Зьнізіўся аб’ём зьнешняга гандлю
У параўнаньні з 2019 годам аб’ём зьнешняга гандлю зьнізіўся на 14,4%. Экспарт прасеў на 4,9 мільёна даляраў, імпарт — на 7,2 мільёна даляраў.
Найбольш скараціўся аб’ём гандлю зь Вялікай Брытаніяй — амаль утрая. Вырас аб’ём гандлю з Кітаем (у 1,1 раза) і Ўзбэкістанам (у 1,2 раза).
Бульбы і гародніны сталі зьбіраць менш
У 2020 годзе зьнізілася вытворчасьць некаторых папулярных відаў прадукцыі сельскай гаспадаркі. У разьліку на душу насельніцтва стала менш бульбы: 648 кіляграмаў было ў 2019 годзе, а стала 558 кіляграмаў. Гародніны было 197 кіляграмаў на душу насельніцтва, а стала 187. Раней, з 2017 году, гэтыя паказчыкі толькі расьлі, а ў 2020-м зьнізіліся.
А вось вытворчасьць малака, наадварот, вырасла на 5%.
Школаў стала на 11 менш, а садкоў — на 1 больш
Колькасьць школаў скарацілася за год на 0,36%. У 2019 годзе іх было 3020, а ў 2020-м стала 3009. Дзіцячых садкоў стала больш на 1. Стала менш на 1 унівэрсытэт, цяпер іх у Беларусі 50. Скарацілася і колькасьць студэнтаў ВНУ — на 6,5 тысячы чалавек, або на 2,5%.
Лекараў стала менш на 4 тысячы
За год у Беларусі скарацілася колькасьць лекараў: у 2019 годзе працавалі 42,9 тысячы лекараў, а ў 2020-м — 38,8 тысячы. Сярэдняга мэдычнага пэрсаналу стала менш на 12,6 тысячы чалавек, або на 9,9%.
На ежу і нерухомасьць сталі траціць менш
У 2017 годзе, паводле структуры расходаў хатніх гаспадарак, 77,1% усіх тратаў прыпадала на спажывецкія расходы, у 2020-м на гэта прыпадала 73,9% усіх расходаў.
Менш сталі траціць на набыцьцё нерухомасьці: 3,9% усіх тратаў было ў 2017 годзе, у 2020-м — 3,3% усіх тратаў. Вырасьлі траты на падаткі: 2,7% усіх тратаў у 2017 годзе, 3,9% — у 2020 годзе.
Пэнсіянэраў стала менш на 46 тысяч чалавек
У 2019 годзе ў Беларусі жылі 2,532 мільёна пэнсіянэраў, праз год — 2,486 мільёна. Менш стала на 46 тысяч чалавек, або на 1,8%.
У МУС налічылі на 7 тысяч злачынстваў больш, чым годам раней
Паводле статыстыкі Міністэрства ўнутраных спраў, у 2020 годзе было 95 478 злачынстваў, гэта на 7 тысяч больш, чым у 2019 годзе і за апошнія тры гады — гэта абсалютны рэкорд.
У 2,4 раза вырасла колькасьць злачынстваў, зьвязаных з крадзяжамі з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі.
А вось адміністратыўна асуджаных у 2020 годзе налічылі менш, чым годам раней, — на 4 тысячы чалавек: у 2019-м было 38 726, а ў 2020-м — 34 572. У статыстыцы не падаецца, за што менавіта былі асуджаныя гэтыя людзі, але вядома, што «за палітыку» летась адміністратыўна асудзілі дзясяткі тысяч чалавек.
За год беларусы набылі 39 тысяч машын
Колькасьць аўтамабіляў у Беларусі расьце кожны год. На 2020 у грамадзян было 3,1 мільёна аўтамабіляў, гэта на 39 тысяч больш, чым у 2019 годзе. На тысячу чалавек у Беларусі прыпадае 335 аўтамабіляў.