Доктарка ў жывым эфіры youtube-каналу Свабода Premium расказала пра сваё звальненьне, стан беларускай анкалёгіі, адказала, ці прыхоўваюць рэальную статыстыку анкалягічных захворваньняў і ў чым прычыны «паўстаньня мэдыкаў».
Надзея Пятроўская вырашыла звольніцца пасьля таго, як у РПНЦ, насуперак волі пэрсаналу, зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі. Цяпер Надзея Пятроўская знаходзіцца ў Чэхіі ў межах урадавай праграмы дапамогі Medevac для беларускіх дактароў, пацярпелых ад рэпрэсіяў.
Глядзіце першы стрым «Ня толькі пра здароўе з доктаркай Пятроўскай»
Сьцісла
- Для мяне прыклад Купалаўскага тэатру застаецца непаўторным. На жаль, мэдыкам не удалося паўтарыць гэты подзьвіг з шэрагу прычынаў.
- Сытуацыя ў РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі блізкая да крытычнай.
- Доктар ня можа хлусіць. Мы ня можам сказаць, што катаваньняў не было, калі іх наступствы бачым на ўласныя вочы.
- Грыфу «сакрэтна» на статыстыцы анкалягічных захворваньняў няма, бо менавіта на статыстыцы завязана ўся арганізацыя мэдычнай дапамогі онкапацыентам.
Ці маглі лекары адстаяць кіраўнікоў сваіх мэдычных установаў
— Вы звольніліся на знак пратэсту супраць зьмены кіраўніцтва РНПЦ. Натальля Канапля не чыніла рэпрэсіяў супраць мэдыкаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Раней, нягледзячы на пратэсты лекараў, быў звольнены дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія» прафэсар Аляксандар Мрочак. Азіраючыся назад, як вы мяркуеце, ці былі шанцы ў калектываў адстаяць сваіх кіраўнікоў?
— Вядома. І цэнтар дзіцячай анкалёгіі, і цэнтар кардыялёгіі — унікальныя ўстановы, спэцыялістаў якіх замяніць за два тыдні ці два месяцы немагчыма. Для мяне прыклад Купалаўскага тэатру дагэтуль застаецца непаўторным. На жаль, мэдыкам не ўдалося паўтарыць гэты подзьвіг з шэрагу прычынаў. Верагодна, узровень сьвядомасьці ў людзей мастацтва вышэйшы, чым у людзей дапаможных прафэсіяў.
Чаму «Дон Кіхот» застаўся ў гісторыі сусьветнай літаратуры як шэдэўр? Бо кожны чалавек разумее, што, прымаючы рашэньне змагацца зь ветракамі, ён будзе асьмяяны абыватальскай меншасьцю. Хутчэй за ўсё, людзі мастацтва гэтае рашэньне прымаюць на нейкім іншым узроўні. Мы, напэўна, не змаглі гэтага зрабіць.
— Ці вы пачуваліся Дон Кіхотам, калі пісалі заяву на звальненьне?
— Вядома.
— А ці былі Дон Кіхоты побач з вамі?
— Вядома. Я разумела, што мы змагаемся зь ветракамі і маем мала шанцаў, але бачыла, што гэты маральны выбар стаіць перад кожным. Я не змагла жыць у кампрамісе з сваім сумленьнем. Але нікога не апраўдваю і не абвінавачваю.
— Колькі чалавек звольніліся на знак пратэсту, як вы?
— На сёньня з цэнтру звольненыя 7 спэцыялістаў. Гэта вялікі працэнт для дзіцячага цэнтру, вялікая страта, якая адназначна адаб’ецца на якасьці працы. Паколькі гэта адбывалася працяглы час, неабходнага эфэкту гэта ўжо не аказвае і ўжо ня мае таго значэньня, а толькі пагаршае сытуацыю ў цэнтры ў цэлым. Людзі сыходзяць самі. Адміністрацыя цэнтру намагаецца спыніць спэцыялістаў. Многія спэцыялісты сыходзяць на ўласнае жаданьне, з пэўных асабістых прычынаў, бо атмасфэра цяпер дастаткова цяжкая.
«Немагчыма дырэктара замяніць дзесяцьцю інтэрнамі»
— Што цяпер адбываецца на вашым былым месцы працы ў РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі? Ці хапае дактароў, якая абстаноўка?
— Магу сказаць, што блізкая да крытычнай. Праца ў гэтай галіне сама сабою вельмі цяжкая. Маральна, фізычна, інтэлектуальна яна патрабуе велізарнага рэсурсу, і кожны баец на рахунку ў гэтым войску. Сыход дырэктара і спэцыялістаў сярэдняга ўзроўню ва ўзросьце ад 35 да 45 гадоў (а гэта асноўны патэнцыял) адбіваецца на якасьці працы. Гэта перагрузкі, якія цяпер маюць маладыя лекары. Тут не працуе закон дыялектыкі, што колькасьць рана ці позна пяройдзе ў якасьць — лекару трэба расьці доўга, каб стаць добрым доктарам. Немагчыма дырэктара замяніць дзесяцьцю інтэрнамі.
— У вас стаж, большы за 20 гадоў. Колькі гадоў трэба працаваць у анкалёгіі, каб стаць сапраўды прафэсіяналам?
— Думаю, ня менш за 10 гадоў. Я сутыкалася з таленавітымі калегамі, якія хапалі інфармацыю хутка і карысталіся ўсімі магчымымі рэсурсамі, каб удасканальвацца, і яны хутчэй рухаліся, але ў кожным разе пэўны час патрэбны для станаўленьня.
— Як можна зараз ацаніць стан беларускай онкамэдыцыны і як спрагназаваць найбліжэйшую будучыню? (Пытаньне ад Сьвятланы Бергер.)
— Нягледзячы на тое, што тэрміну «онкамэдыцына» няма, тым ня менш ён адлюстроўвае пэўную складанасьць сфэры, бо гэта ня толькі лекарская сфэра: сюды ўключаны і пацыент, і адміністрацыйны рэсурс чыноўнікаў, безь якіх, на жаль, таксама нічога ня можам зрабіць. Стан беларускай сыстэмы аховы здароўя — балючае пытаньне, і гэты стан адбіваецца на ўсіх галінах, а на анкалёгіі вельмі сурʼёзна.
Што да інтэлектуальнага рэсурсу, то два з паловай гады таму былі выдадзеныя новыя стандарты лячэньня анкалягічных хваробаў. Гэта зрабіў калектыў аўтараў, вядучых беларускіх спэцыялістаў —сусьветнага ўзроўню, вядомых у сваіх галінах. Стандарты высокія, вельмі блізкія да сусьветных. Скарыстаны досьвед амэрыканскіх, эўрапейскіх, расейскіх калегаў.
А вось закупка прэпаратаў, якія стандартна выкарыстоўваюць для лячэньня анкалягічных хваробаў, рэгістрацыя новых прэпаратаў — гэта задача іншага зьвяна. Калі дактары і сярэдні мэдычны пэрсанал робяць усё магчымае, каб нашы пацыенты атрымлівалі дапамогу на найвышэйшым узроўні, то я не магу гэтага сказаць пра нашых чыноўнікаў. З часоў Франца Кафкі і яго «Замку» нічога не зьмянілася. Чыноўнік як быў, так і застаўся фігурай вельмі «датклівай», зь ім трэба гаварыць вельмі асьцярожна, каб не расстроіць, а то, ня дай Божа, зусім нічога ня зробіць.
Мы знаходзімся ў сытуацыі вывучанай бездапаможнасьці. З аднаго боку, можам сказаць пацыентам, што для іх ёсьць выбар опцыяў, але прапанаваць магчыма толькі дзьве, бо астатняе па-за нашай кампэтэнцыяй. З другога боку, ня можам нічога сказаць чыноўнікам, бо ў выпадку нэгатыўных рашэньняў пацярпяць нашы пацыенты. Гаварыць аб праблемах у нашай сыстэме аховы здароўя — прыкмета кепскага тону. І гэта жахліва, бо брак рэальнай інфармацыі прыводзіць да таго, што маем цяпер.
Чарнобыль і анкалягічныя хваробы
— У пачатку 90-х фіксаваўся рост захворваньняў на рак у жыхароў ня толькі чарнобыльскіх раёнаў (хаця найперш у іх), але і па ўсёй Беларусі. Памятаю, як на парлямэнцкай Чарнобыльскай камісіі абмяркоўвалі ліст МАГАТЭ, якая сьцьвярджала, што рост не зьвязаны з аварыяй на ЧАЭС. Беларускія навукоўцы, наадварот, казалі, што выбух захворваньняў можа пачацца праз 25 гадоў. Цяпер прайшло 35 гадоў ад моманту аварыі. Што сёньня можна сказаць пра дынаміку захворваньняў? І ці ёсьць на статыстыцы грыф «сакрэтна», як гэта было ў савецкія часы? (Пытаньне ад дэпутата ВС 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка.)
— Грыфу «сакрэтна» на статыстыцы анкалягічных захворваньняў няма. Менавіта на статыстыцы завязаная ўся арганізацыя мэдычнай дапамогі онкапацыентам — закупкі прэпаратаў і абсталяваньня. На сёньня мы маем выдатны рэсурс для дапамогі анкапацыентам. Што да дынамікі, то радыяцыя — навукова даказаны фактар разьвіцьця анкалягічных хваробаў. Рак шчытавіцы, безумоўна, зьвязаны з аварыяй на ЧАЭС, у Беларусі скачок гэтай хваробы быў навукова даказаны і не хаваўся.
Што да іншых анкахваробаў, то істотнага росту ці зьмены структуры мы не назіраем. Маем доступ да анкалягічнай статыстыкі, зробленай вельмі якасна, паводле міжнародных стандартаў. За апошнія 10 гадоў выяўляем істотную дынаміку раку лёгкага, а таксама раку прастаты ў мужчын праз паляпшэньне дыягностыкі і павелічэньне працягласьці жыцьця. Гэта трэнды сусьветнай мэдыцыны. Дакладна зьвязаць з аварыяй на ЧАЭС можам толькі рак шчытавіцы.
«Доктар ня можа хлусіць»
— Як бы вы патлумачылі прычыны «паўстаньня мэдыкаў» у Беларусі, вельмі яскравай салідарнай грамадзянскай пазыцыі вялікае часткі гэтай прафэсійнай супольнасьці?
— Я зьвязваю гэта з тым, што доктар ня можа хлусіць. Ня можам сказаць, што катаваньняў не было, калі іх наступствы бачым на ўласныя вочы ці калі аказваем дапамогу ў сувязі зь мінна-выбуховымі ранамі. Тут немагчыма чорнае назваць белым і наадварот. Дактарам бессэнсоўна казаць, што на целе сіняя фарба. Прычына паўстаньня — у страшнай хлусьні і відавочным перавышэньні ўсіх дапушчальных паўнамоцтваў, бесчалавечным стаўленьні і катаваньнях. Многія дактары працавалі валянтэрамі ля сьцен Акрэсьціна ў першыя дні пасьля выбараў і бачылі ўсё на свае вочы, дапамагалі сваімі рукамі. Частка дактароў выконвала сваю місію ў лякарні хуткай дапамогі ды іншых.
«Грамадзтва перанесла калектыўную траўму»
— Вы сказалі пры звальненьні ў лістападзе: «Прычына маёй заявы — агульны псыхалягічны фон, сытуацыя ў краіне і ў мэдычнай супольнасьці, вечнае адчуваньне стрэсу. Можа, гэта я такая крохкая, не даю рады, але мне стала эмацыйна цяжка працаваць якасна і засяроджана. Працаваць у аддзеле зь дзецьмі, хворымі на анкалёгію, некаторыя зь якіх адыходзяць, — гэта і так маральна цяжка, а тут навалілася... Работа вымагае вялікай засяроджанасьці». Раскажыце, як у Беларусі пачуваецца псыхалягічна, маральна чалавек у белым халаце, прадстаўнік адной з самых гуманных прафэсіяў, які не пагаджаецца з гвалтам?
— Грамадзтва перанесла калектыўную траўму, наступствы яе будуць працяглы час захоўвацца. Мы знаходзімся на этапе яе прыняцьця... Ведаем пра суіцыд доктара з гомельскай лякарні хуткай дапамогі. Трывожная навіна сама па сабе, якая ўзьдзейнічае дэматывацыйна і дэпрэсіўна на ўсё грамадзтва, у тым ліку на мэдычную супольнасьць. Гэта кажа пры глыбокія сыстэмныя памылкі, якія не выпраўляюцца доўгі час. Яны паўтараюцца і прыводзяць да такіх сумных наступстваў. Тэндэнцыя нэгатыўная, на жаль.
— Як працяглы стрэс адбіваецца на псыхічным і фізычным здароўі дактароў і пацыентаў?
— Гэта нэгатыўны ўплыў, безумоўна. Такі стан патрабуе карэкцыі і дапамогі спэцыялістаў.
— Вы цяпер у Чэхіі, у вас пачынаецца няпросты і працяглы шлях адаптацыі да новай краіны, уваходу ў новую прафэсійную супольнасьць. Натуральна, гэта ня будзе адразу той самы прафэсійны статус, як быў у вас у Беларусі. Зь якім настроем, зь якімі надзеямі і асьцярогамі ступаеце на гэтую дарогу?
— Гэта было вельмі цяжкае рашэньне, адно з найбольш складаных у маім жыцьці. Прыехаўшы ў Чэхію, я адчула падтрымку з боку калегаў, знаёмых, дыяспары, вельмі многіх людзей. Напэўна, таму і не было пэрыяду стрэсу ці адчаю. Наадварот, пачуцьцё бясьпекі, якое мякка ахінае ў Чэхіі, вельмі спрыяе паляпшэньню настрою і адчуваньню, што мы можам рухацца далей.
- Наступны стрым «Ня толькі пра здароўе з доктаркай Пятроўскай» пройдзе на youtube-канале Свабода Premium 26 красавіка а 16 гадзіне і будзе прысьвечаны наступствам аварыі на ЧАЭС , узьдзеяньню малых дозаў радыяцыі, працы беларускіх анколягаў з хваробамі, зьвязанымі з радыяцыяй. Вы можаце задаць пытаньні доктару падчас стрыму ці ў камэнтарах да гэтага артыкулу.