9 гадоў калёніі за ўдзел у масавых беспарадках і па «наркатычным» артыкуле
Сёньня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску асудзілі 45-гадовага Сяргея Сікорскага. Судзьдзя Дзьмітры Лукашэвіч прызнаў яго вінаватым па ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках») і па ч. 1 і 3 арт. 328 Крымінальнага кодэксу («Захоўваньне і збыт наркотыкаў») і прысудзіў яму 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 8700 рублёў.
11 жніўня Сяргей разам з жонкай і сябрамі выйшаў на акцыю пратэсту ў раёне мэтро «Пятроўшчына». Калі туды прыехаў АМАП і пачаліся затрыманьні, у аўтобус сілавікоў паляцелі камяні і іншыя прадметы. Некалькіх удзельнікаў тых падзей пазьней апазналі па фота і відэа і завялі на іх крымінальную справу. Паводле абвінавачваньня, Сяргей Сікорскі «далучыўся да ўдзельнікаў беспарадкаў, разам з якімі кідаў камяні і іншыя прадметы ў праваахоўнікаў, наносіў ім удары па розных частках цела, а таксама пашкодзіў службовы аўтобус».
Сікорскі на судзе расказаў, што калі пабачыў, які сілавікі б’юць дубінкамі людзей, якія нічога дрэннага не рабілі, кінуўся да іх. Ён да гэтых падзей быў апалітычны, але пабачыўшы несправядлівасьць, хацеў прадухіліць затрыманьні і паспрабаваць неяк дамовіцца зь сілавікамі. Пакуль ён падбег, аўтобус ужо пачынаў рух, у бок супрацоўнікаў паляцелі камяні і бутэлькі, задняе шкло аўтобуса ўжо было разьбітае. Ён таксама ўдарыў па шкле, і яно рассыпалася.
Пацярпелы міліцыянт РУУС Маскоўскага раёну Уладзіслаў Дубкоў падчас допыту сьцьвярджаў што сілавікі тлумачылі грамадзянам, што мерапрыемства не санкцыянаванае і прасілі разысьціся, але частка пратэстоўцаў пачала паводзіць сябе агрэсіўна, таму вырашылі іх затрымаць. Пратэстоўца, якога затрымліваў Дубкоў, супраціўляўся пры затрыманьні, нанёс яму некалькі ўдараў па руцэ і зламаў яму палец (міліцыянт месяц быў на бальнічным), вырваўся і ўцёк, але «што гэта быў за чалавек, ён не запомніў». Сяргей Сікорскі прынёс Дубкову прабачэньні, калі ў выніку менавіта яго дзеяньняў была прычыненая фізычная шкода.
Другі пацярпелы Ільля Шалік распавёў, як пратэстоўца, якога ён паспрабаваў затрымаць, замахнуўся армейскім рамянём і ўдарыў яго па падбародзьдзі, ад удару ў яго раскрышыўся зуб і пацякла кроў. Мужчына ўцёк. Па словах Шаліка, ён ня быў падобны да Сікорскага.
Сяргея Сікорскага затрымалі дома ў верасьні. Згодна з пратаколам агляду, у момант затрыманьня ён знаходзіўся ў стане, выкліканым спажываньнем псыхатропаў, у яго арганізьме выявілі мефедрон. Падчас ператрусу ў кватэры знайшлі парашкападобнае рэчыва. Сьледчыя ўстанавілі, што Сікорскі прадаў такое рэчыва перапрадаў частку наркатычнага рэчыва (па яго словах, рэшткі) сяброўцы жонкі, што і лягло ў аснову абвінавачваньня. На судзе Сікорскі казаў, што залежнасьці ад наркотыкаў у яго няма, ужываў вельмі рэдка – для зьняцьця стрэсу.
Да затрыманьня Сяргей Сікорскі працаваў памочнікам кіраўніка адной са сталічных арганізацый. У яго чацьвёра дзяцей, малодшай дачцэ 4 гады.
Менчука, які ўдарыў камэру назіраньня каля Акрэсьціна, асудзілі на тры гады «хіміі»
Паводле сьледчых, Яўген Рапін 4 кастрычніка ўдзельнічаў нападпітку ў акцыі пратэсту і ўдарыў па камэры відэаназіраньня каля ізалятара на завулку Акрэсьціна. На камэры пашкоджаньняў не засталося. Рапін прызнаў віну і раскаяўся.
Судзьдзя Максім Трусевіч зь Першамайскага суду Менску пакараў яго трыма гадамі абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, паведаміла «Вясна».
Яўген Рапін гадуе траіх малых дзяцей.
Супраць яго яшчэ можа падаць асобны пазоў «Менсктранс», які заявіў пра больш як 18 тысяч рублёў шкоды.
За «абразу» былога начальніка ГУБАЗіК Карпянкава берасьцейцу прысудзілі «хатнюю хімію»
6 траўня ў Маскоўскім судзе Берасьця абвясьцілі прысуд Сяргею Зубовічу. Судзьдзя Вера Філонік прызнала яго вінаватым у «абразе прадстаўніка ўлады» і прысудзіла 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (колькі і патрабавала дзяржаўная абвінаваўца Ціхановіч), паведамляе тэлеграм-канал берасьцейскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна».
Паводле абвінавачаньня, Зубовіч 23 верасьня 2020 пакінуў «камэнтар абразьлівага характару» у тэлеграм-чаце «Брэст 97%». У справе меліся вынікі экспэртызы, што ў тэксьце паведамленьня «утрымліваецца нэгатыўная ацэнка Карпянкова Мікалая Мікалаевіча». Карпянкоў на той момант узначальваў ГУБАЗіК, цяпер ён займае пасаду намесьніка міністра МУС. За свае маральныя пакуты Карпянкоў выставіў пазоў на 1 000 рублёў (пазоў затым быў адкліканы, бо ў ходзе суду Зубовіч добраахвотна заплаціў папрабаваную суму).
Абвінавачаны цалкам прызнаў віну, прасіў суд прыняць да ўвагі зьмякчальныя акалічнасьці: наяўнасьць на ўтрыманьні дзяцей, кампэнсацыю (маральнай) шкоды. У выніку суд прызначыў яму паўтара года «хатняй хіміі», а таксама пастанавіў канфіскаваць у даход дзяржавы мабільны тэлефон маркі Samsung як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».
У Пружанах жанчыну пакаралі паўтара гадамі «хатняй хіміі» за рэпост
Людмілу Царану абвінавацілі ў рэпосьце лжывай інфармацыі ў тэлеграм-групе «Пружаны / Пружана».
У допісе вялося пра тое, што тутэйшы ўчастковы Сяргей Уродніч «ілжэсьведчыць у судах і фальсыфікуе пратаколы», была ягоная фатаграфія і пэрсанальныя зьвесткі. Уродніча прызналі пацярпелым. Ён паведаміў, што склаў сем пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, і ніводнага суд не прызнаў сфабрыкаваным.
Інспэктар таксама запатрабаваў 1000 рублёў кампэнсацыі за маральныя пакуты, а менавіта:
- некаторыя знаёмыя перасталі зь ім кантактаваць,
- зьявіліся рознагалосьсі з жонкай, якая стала яго схіляць да таго, каб кінуў службу ў міліцыі,
Людміла Царану віны не прызнала і адмовілася даваць паказаньні ў судзе.
Судзьдзя Ігар Жытко пакараў яе паўтара гадамі «хатняй хіміі» і выплатай 1000 рублёў маральнай кампэнсацыі пацярпеламу міліцыянту, паведаміла «Вясна».
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах