Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 5 траўня: пракурор патрабуе да 5 год калёніі за пудзілы і падпальванье шынаў у Берасьці


Пудзіла ў Берасьці, архіўнае фота
Пудзіла ў Берасьці, архіўнае фота

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Свабода сочыць за ператрусамі, арыштамі і выракамі ў крымінальных справах. Абнаўляецца.

Да 5 гадоў турмы за пудзілы ў Берасьці

У Берасьці адбыліся спрэчкі бакоў у крымінальнай справе аб вывешваньні пудзілаў у горадзе, закідваньні яйкамі і камянямі апорнага пункту міліцыі, падпале на вуліцы аўтамабільных шынаў, надпісаў на кіёсках «Табакерка».

Як паведамляе «Брэсцкая газета», абвінавачанымі праходзяць 10 чалавек. Першапачаткова іх дзеяньні расцанілі як злоснае хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК) і асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339 КК), а таксама наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін (ч. 1 арт. 309 КК).

На стадыі судовых спрэчак абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 339 перакваліфікавалі на больш лёгкую ч. 2 арт. 339 («асабліва злоснае» на «злоснае хуліганства»). Абвінавачаньне паводле артыкулу 309 засталося нязьменным.

Дзяржабвінавачаньне лічыць віну фігурантаў цалкам даказанай і просіць прызначыць наступныя пакараньні:

  • Яўген Комбуль — 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму
  • Сяргей Сіліч — 4 гады калёніі агульнага рэжыму
  • Максім Сілюк — 2 гады 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму
  • Максім Пыцель — 3 гады калёніі агульнага рэжыму
  • Вольга Сыраватка — 2 гады калёніі агульнага рэжыму
  • Натальля Барынава — 1 год калёніі агульнага рэжыму
  • Натальля Муратава — 1 год калёніі агульнага рэжыму
  • Сяргей Красоўскі — 2 гады калёніі агульнага рэжыму
  • Уладзімер Кацюбка — 1 год 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму
  • Марына Сілёнак — 1 год 6 месяцаў «хіміі».

Прысуд у справе абвесьцяць 18 траўня.

Падчас разгляду справы высьветлілася, што паказаньні фігурантаў адрозьніваюцца ад таго, што яны гаварылі на этапе сьледзтва. На просьбы патлумачыць супярэчнасьці Натальля Барынава папрасіла не ўлічваць першапачатковыя паказаньні, дадзеныя пад ціскам. Па словах жанчыны, летась у лістападзе сьледчыя пагражалі ёй турэмным тэрмінам і органамі апекі, якія быццам ужо афармляюць дакумэнты на тое, каб адабраць 4-гадовую дачку.

Усе астатнія абвінавачаныя таксама прасілі браць пад увагу паказаньні менавіта з суду, а не зь першых допытаў.

Жодзінца, які заступіўся за жанчыну, якую ўдарыў міліцыянт, асудзілі на год калёніі

Відэа інцыдэнту ў Жодзіна, калі міліцыянт так ударыў па твары жанчыну, што яна ўпала, у верасьні 2020 году абляцела інтэрнэт і выклікала рэзананс у грамадзтве. У дзеяньнях міліцыянта Мікалая Бараноўскага Сьледчы камітэт ня ўбачыў нічога супрацьзаконнага, а на Анастасію Герыловіч, якая сарвала зь міліцыянта маску, і Дзьмітрыя Янкоўскага, які падбег да сілавіка і адштурхнуў яго ад жанчыны, завялі крымінальныя справы.

Суд палічыў дзеяньні мужчыны гвалтам і 4 траўня прызначыў 29-гадоваму Дзьмітрыю год пазбаўленьня волі за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), хоць пракурор запытваў два з паловай гады «хіміі», паведамляе Tut.by.

Дзьмітрыя Янкоўскага затрымалі ў сакавіку, два месяцы да суду трымалі ў СІЗА. Яшчэ да суду ён выплаціў пацярпеламу кампэнсацыю.

«У судзе ён прызнаў, што дакрануўся да міліцыянта, але ніякіх калецтваў ён яму не нанёс, проста заступіўся за жанчыну, якая ўпала ад удару. І адвакат указваў на тое, што зь дзяцінства нас вучаць, што трэба абараняць дзяцей, старых і жанчын. Акрамя таго, абаронца зьвярнуў увагу, што абавязак кожнага грамадзяніна перашкаджаць зьдзяйсьненьню злачынства, а менавіта так выглядалі дзеяньні міліцыянта», — распавяла Tut.by яго сяброўка Юлія.

Закрыты працэс за абразу міліцыянтаў

Суд над лідэрам бабруйскай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу Сяргеем Гурло пройдзе ў закрытым рэжыме.

Такую пастанову выдаў судзьдзя Антон Дудаль.

Сяргея Гурло абвінавачваюць у абразе працаўнікоў бабруйскай міліцыі ў адным з тэлеграм-каналаў.

«У матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца зьвесткі, якія прыніжаюць годнасьць асобаў. З мэтай перадухіленьня разгалошваньня гэтых зьвестак судовае разьбіральніцтва варта правесьці ў закрытым судовым паседжаньні», — аргумэнтаваў рашэньне судзьдзя.

Мужчына знаходзіцца пад падпіскамі аб нявыезьдзе і невыдаваньні тайны сьледзтва.

Суд пачнецца 17 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG