Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і плянах «захопу адміністрацыйных будынкаў».
Судзьдзя Аляксей Хлышчанкоў пакараў:
- Юрыя Ўласава — 6 з паловай гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,
- Тацяну Канеўскую — 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму,
- Дзьмітрыя Івашкова — 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,
- Аляксандра Шабаліна — 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Юры Ўласаў таксама мусіць сплаціць маральную кампэнсацыю — па 2500 рублёў кожнаму з шасьці пацярпелых міліцыянтаў, і яшчэ 550 рублёў пошліны.
Пракурор Дзяніс Мікушаў 27 красавіка заявіў у судовых спрэчках, што віна чатырох жыхароў Гомля даказаная цалкам. Ён патрабаваў пакараць Юрыя Ўласава 6 з паловай гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Дзьмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна — 6 гадамі «ўзмоцненага рэжыму», а Тацяну Канеўскую — 6 гадамі «агульнага рэжыму».
Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што няма канкрэтных доказаў віны іх падабаронных, абвінавачаньне грунтуецца на домыслах, агульных фразах і на відэа, зь якога вынікае толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы былі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты разьвіцьця падзей 9 жніўня і пасьля выбараў.
Адвакаты зьвярталі ўвагу, што няма доказаў абвінавачаньня ў частцы таго, што абвінавачаныя «спрабавалі вэрбаваць былых сілавікоў», «плянавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі».
Тацяна Канеўская ў апошнім слове дзякавала ўсім людзям, якія пісалі ёй лісты, у тым ліку з-за мяжы. Яна атрымала каля тысячы лістоў. Яна сказала, што ў яе дзеяньнях няма складу злачынства, ніхто не плянаваў захопу будынкаў, а справа палітычна матываваная і не абгрунтаваная доказамі.
Юры Ўласаў у апошнім слове казаў, што ўсе яго дзеяньні не былі злачынствам, а былі накіраваныя толькі на карысьць народу.
Трэцяга траўня ў судзе выступіў з апошнім словам Дзьмітрый Івашкоў. Ён падзякаваў усім людзям за падтрымку, заявіў, што суд цяпер — рэпрэсіўны орган, а прадстаўнікі ўлады забыліся, што такое закон. Івашкоў сказаў, што не прызнае прэзыдэнтам «Сашу тры працэнты», дадаў, што яго прэзыдэнт — Святлана Георгіеўна Ціханоўская. «Жыве Беларусь!», — скончыў сваю прамову абвінавачаны.
Трэцяга траўня на суд не пусьцілі сяброў абвінавачаных і групу падтрымкі. Калі сваякі выйшлі з судовай залі і размаўлялі зь людзьмі ў фае, міліцыя загадала ім пакінуць будынак суду. На ганку суду да людзей падышоў АМАП і пачаў пагражаць, што размова можа быць расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
«Яны сустрэлі прысуд з усьмешкай», — як сваякі камэнтуюць прысуд
«Нечага іншага мы не чакалі. Маці сказала нам пасьля прысуду, што гэта проста лічбы, і яны нічога ня значаць. Яна сказала: „Мы з вамі, мы трымаемся, не перажывайце, усё нармальна“, і выгукнула „Ганьба судзьдзі!“. На суд не пусьцілі незалежныя СМІ, толькі дзяржаўныя. Маці і іншыя абвінавачаныя кпілі зь іх, казалі: „Ну як нам лепш папазіраваць, каб вы маглі зарабіць на хлеб з маслам?“ Тыя стаялі, апусьціўшы галовы. Я спадзяваўся, хоць надзея мая была кволая, што ў некага абудзіцца сумленьне, але не», — пракамэнтаваў сярэдні сын Тацяны Канеўскай Аляксей Канеўскі.
Усяго ў Тацяны чатыры сыны. Адзін зь іх, 26-гадовы Дзьмітры, цяпер таксама ў зьняволеньні — нібыта ў тэлеграме пагражаў міліцыянтам.
Малодшаму Георгію — 14 гадоў. Ён цяпер у школе і пакуль ня ведае пра прысуд.
«Гэта было чакана, ніхто з нас ня лётае ў аблоках. У нас няма судоў, толькі судзілішчы. Яны выконваюць загады зьверху — вось і ўсё», — сказаў старэйшы сын Аляксандар Канеўскі.
Сьвятлана, жонка Дзьмітрыя Івашкова, спадзявалася, кажа, што «хоць год скінуць ад таго, што прасіў пракурор»:
«Яны ўсе сустрэлі прысуд з усьмешкай. Трымаюцца добра. Абскарджваць? Дзяржава цябе пакарала, а ты на яе будзеш скардзіцца? Будзем, канечне, пісаць скаргі, але для будучыні, каб не сказалі, што мы зьмірыліся і прызналі сябе вінаватымі. Хочацца верыць, што ніхто так доўга сядзець ня будзе. Тым больш — ні за што», — дадала Сьвятлана.