Дата дня
2 траўня 1997 году нарадзіўся Валеры Шаблюк, гісторык, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.
Ён быў маім аднакурсьнікам і сябрам, зь якім мы гаварылі на адной мове.
Ён нярэдка станавіўся першым чытачом маіх апавяданьняў і аповесьцяў.
Нас збліжала й агульная прага вандраваньняў. Мы разам блукалі па вуліцах Полацку і Рыгі, сядзелі за сталом у зэльвенскай хаце Ларысы Геніюш, палохаючы сьвіцязянак, плавалі ў таямнічай начной Сьвіцязі й сустрэліся на берагах Гарыні зь мядзьведзем, які кіраваўся на блізкі пчальнік, а таму паставіўся да нас
амаль па-сяброўску, пагатоў, прэвэнтыўна атрымаў ад нас на пачостку тры бляшанкі згушчонкі.
Нават сваё вясельле з Натальляй Валера гуляў не ў рэстарацыі, а на маляўнічым поплаве, там, дзе пачынаецца Нёман. У той вечар мясцовыя бабры
ўражана назіралі за нашым з Шаблюком сьвяточным заплывам і расьпіваньнем
пляшкі шампанскага проста на нёманскай строме.
Пасьля гістарычнага факультэту БДУ ён працаваў школьным настаўнікам.
Вучні бязьмежна любілі яго й за цікавыя ўрокі, і за іхні працяг — падарожжы ў Горадню, Наваградак, Нясьвiж, Вiльню, туды, дзе чутны голас самой
беларускай Гісторыі.
Сотні юных душаў Валера вучыў любіць сваё і зацята бараніць сваё яшчэ тады, калі вынаходнікі гэтых папулярных сёньня слоганаў яшчэ не нарадзіліся.
Муза Кліё прывяла Шаблюка ў акадэмічны Інстытут гісторыі, зрабіла археолягам — дасьледнікам старадаўніх паселішчаў у басэйне ягонага ўлюбёнага Нёману й аўтарам некалькiх кнiжак, прысьвечаных
тым адметным мясьцiнам.
Ён быў зь ліку гісторыкаў, якія не ратаваліся ад сучаснасьці ў сваіх кабінэтах ці ў раскопах. Не радзей, чым у сяброўскім коле, мы сустракаліся зь ім у сярэдзіне дзевяностых гадоў на дэмакратычных акцыях. Ён балюча перажываў рэфэрэндум 1995-га, але, адрозна ад некаторых калегаў, ня кідаўся ў роспач і не
лічыў, што ўсё страчана, а зацята працягваў рабіць сваю справу, верачы ў магутную стваральную сілу гістарычнай памяці.
Валера загінуў страшна й недарэчна — на пешаходнай зэбры пад уласнымі
вокнамі яго зьбіла службовая машына генэральнага пракурора Беларусі,
кіроўца якога катаўся ў сьвяточны дзень па горадзе з прыяцелькамі.
Майму сябру не хапіла часу абараніць доктарскую дысэртацыю й напісаць
свае гістарычныя аповесьці.
Але Валерава прысутнасьць доўжыцца — у дочках Насьці й Вераніцы, у вучнях, у яго артыкулах, якіх у адной Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі блізу сотні.
(Артыкул пра самога Шаблюка «энцыкляпэдысты» зьмясьцiць забылiся.)
Сястра Валеры Тацяна, якая ўжо даўно жыве ў Аўстраліі, піша мне лісты па-беларуску. Мовы яна вучылася ад брата.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 436-437.
Таксама ў гэты дзень
1808 — у Гішпаніі пачалося паўстаньне супраць францускай акупацыі.
1892 — у Расейскай імпэрыі, у Кіеве, запушчаны першы электрычны трамвай.
1920 — у Менску выйшаў першы нумар часопіса «Рунь», рэдактар Янка Купала.
1933 — у нацысцкай Нямеччыне забароненая дзейнасьць усіх прафсаюзаў, кіраўнікі прафсаюзаў арыштаваныя.
1945 — камандзір абароны Бэрліну Гэльмут Вайдлінг падпісаў загад аб капітуляцыі нацысцкай сталіцы.
1977 — на чыгуначнай станцыі Крыжоўка пад Менскам адбылося сутыкненьне пасажырскага цягніка з электрычкай. Паводле афіцыйных дадзеных загінулі 22 чалавекі, паводле неафіцыйных — да 200 чалавек. Гэта была самая буйная чыгуначная катастрофа ў гісторыі Беларусі.
1984 — савецкі дысыдэнт фізык Андрэй Сахараў пачаў галадоўку (да 6 жніўня) пасьля таго, як савецкі ўрад адмовіў ягонай жонцы Алене Бонэр у дазволе на выезд за мяжу для таго, каб зрабіць неабходную апэрацыю.
2011 — спэцслужбы ЗША забілі ў Пакістане лідэра тэрарыстычнай сеткі «Аль-Кайда» Усаму бін Ладэна.
У гэты дзень нарадзіліся
1729 — Кацярына ІІ, расейская імпэратрыца, пры якой Вялікае Княства Літоўскае стала часткай Расейскай імпэрыі.
1888 — Іван Віткоўскі, беларускі гісторык.
У памяці
1519 — Леанарда да Вінчы, італьянскі мастак, архітэктар, мысьляр.
1989 — Веніямін Каверын, савецкі пісьменьнік.
2009 — Фёдар Шмакаў, беларускі актор, рэжысэр, народны артыст СССР.