Менчука асудзілі на 13 сутак за «пікетаваньне налепкамі на акне ў выглядзе аблокаў, тульпанаў і рамонкаў»
40-гадовага Дзяніса Музыкіна супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа затрымалі 28 красавіка. На мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Сёньня яго справу разглядзела судзьдзя Марыя Ярохіна, паведаміла «Вясна».
Згодна з пратаколам, Дзяніс «узяў удзел у пікетаваньні, шляхам разьмяшчэньня на акне налепак у выглядзе аблокаў, тульпанаў і рамонкаў бел-чырвона-белай расфарбоўкі». Таксама ён вывесіў на бальконе ручнікі бел-чырвона-белага колеру «для дэманстрацыі грамадзянам сваіх палітычных інтарэсаў».
Сам Музыкін сьцьвярджае, што жалюзі ўвесь час былі закрытыя, таму налепак не відаць. Па яго словах, вісяць яны хутчэй асабіста для яго.
У выніку, судзьдзя Ярохіна прызнала Дзяніса вінаватым паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП і арыштавала яго на 13 сутак. Дома яго будуць чакаць дзеці чатырох і шасьці гадоў.
Музы́ку Аляксея Крукоўскага арыштавалі на 11 сутак
Выкладчыка падпольнага ліцэя імя Якуба Коласа, лідэра капэлі «На таку» Аляксея Крукоўскага затрымалі 26 красавіка каля ягонага дому на Нямізе. 29 красавіка судзьдзя Цэнтральнага суду Вікторыя Шабуня асудзіла яго на 11 дзён арышту, паведаміў Цімафей Акудовіч.
Чарговае папаўненьне ў экстрэмісцкім сьпісе
У Баранавічах суд прызнаў экстрэмісцкім тэкст і відэа інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай, апублікаванае ў газэце Intex-press.
У Гомлі суд Чыгуначнага раёну прызнаў экстрэмісцкімі тэлеграм-каналы
- «Черная книга Беларуси»,
- «ЧКБ Витебск и область»,
- «ЧКБ Могилев и область»,
- «ЧКБ Гомель и область»,
- «ЧКБ Брест и область»,
- «ЧКБ Гродно и область»
У Менску прызналі экстрэмісцкім тэлеграм-канал палітвязьня Эдуарда Пальчыса Palchys.
Таварыству ўласьнікаў далі штраф за чырвоныя белыя і чырвоныя ляпмпачкі на лёджыях
Па пазове пракуратуры Берасьця з жыхароў спагналі шкоду ад «разьмяшчэньня незарэгістраванай сымболікі».
Пракуратура ўстанавіла, што са жніўня па лістапад 2020 году на пажарных лёджыях жылога дома па Луцкай вуліцы насуперак патрабаваньням будаўнічых нормаў неаднаразова мянялі лямпы напальваньня, а зь імі і колер «зацьверджанага падсьвятленьня».
Для ліквідацыі парушэньняў адміністрацыя Маскоўскага раёну гораду неаднаразова накіроўвала старшыні праўленьня таварыства ўласьнікаў прадпісаньні аб вяртаньні старога падсьвятленьня, але гэтыя акты ігнараваліся. Суд гэтага раёну прыцягнуў старшыню таварыства да адміністрацыйнай адказнасьці і прызначыў у якасьці спагнаньня штраф.
Са старшыні таварыства ўласьнікаў спагнаныя выдаткі ў памеры 164 рублёў, панесеныя ЖРЭУ «у сувязі з абсьледаваньнем сыстэмы асьвятленьня і заменай лямпаў напальваньня, а таксама 725 рублёў дзяржаўнага збору».
Агульная сума, спагнаная з таварыства, склала 889 рублёў. Пасьля ўступленьня рашэньня эканамічнага суду ў сілу яна будзе пагашацца за кошт сродкаў удзельнікаў таварыства ўласьнікаў.
Палітвязьня Ашурка этапавалі ў Шклоў
Грамадзкі актывіст зь Бярозаўкі, сябра руху «За свабоду» і партыі БНФ Вітольд Ашурак перавезены ў шклоўскую калёнію № 17, паведаміў «Белсат». Раней ён сядзеў у горадзенскай турме. Цяпер лісты Ашурку можна пісаць на адрас: 213004, Шклоў, вул. 1-я Заводзкая, д. 8, папраўчая калёнія № 17.
Вітольда прызналі вінаватым у арганізацыі беспарадкаў і гвалце ў дачыненьні міліцыянтаў. Яму прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня.