30 красавіка вынесуць прысуд 14 фігурантам «пінскай справы». Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Пракурор запатрабаваў пінчукам ад 5,5 да 6 гадоў пазбаўленьня волі і сумарна 530 тысяч рублёў кампэнсацыі 109 міліцыянтам і чыноўнікам.
Што сказалі ў апошнім слове
14 красавіка абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Вось што сказалі некаторыя зь іх.
Алена Маўшук (44 гады): «Я вінаватая толькі ў тым, што нанесла ўдары па шчыце. Але зрабіла я гэта ў мэтах абароны. Пасьля таго, як мне нанесьлі моцныя ўдары дубінкай. Я вельмі моцна шкадую і раскайваюся. Больш ніякіх [супрацьпраўных] дзеяньняў я не прадпрымала. Прашу вас жорстка мяне не караць. Я вельмі патрэбная сваім дзецям, мяне хвалюе іх лёс (у Алены трое дзяцей, двое зь іх непаўналетнія і цяпер у прытулку. — РС.). Прашу зьмякчыць маё пакараньне, бо ў мяне непаўналетнія дзяўчаткі, адной 11, другой 5 гадоў (плача). Дзякуй».
Сяргей Маўшук (42, знаходзіцца пад хатнім арыштам): «Я вельмі шкадую, што так здарылася. Назад нічога ня вернеш. Хачу папрасіць прабачэньня ва ўсіх пацярпелых. Дзецям вельмі неабходная маці. Прашу прызначыць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі».
Вячаслаў Рагашчук (36): «У сваім апошнім слове я хачу выказаць словы ўдзячнасьці сваякам. Усім людзям, якія, нягледзячы на гэтую сытуацыю, не забыліся пра мяне і падтрымлівалі. Вялікі вам дзякуй! Я спадзяюся, што вы [суд] дасьце адэкватную і прававую ацэнку ўсім тым супярэчлівым сьведчаньням супрацоўнікаў міліцыі. Бо вы толькі падумайце! 14 чалавек, зь якіх адна жанчына, зьбілі і запалохалі сотню міліцыянтаў (пацярпелымі ў „пінскай справе“ праходзяць 109 сілавікоў. — РС). Што тычыцца маіх дзеяньняў, то думаю, што я зрабіў правільна. Зрабіў бы я па-іншаму, як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям (у яго 3 дзяцей. — РС) і тлумачыў ім, што не дапамог зьбітым супрацоўнікамі міліцыі людзям? Што тычыцца пазоваў, то прашу зрабіць пацярпелым псыхалягічную экспэртызу. Яны наогул усьведамляюць, якія пазовы яны нам заяўляюць? Дзе нам узяць гэтыя грошы? Высокі суд, мы, напэўна, сваякі Ілона Маска. У выпадку прызнаньня судом гэтых сум мне прыйдзецца прадаць кватэру і маёмасьць. Я прашу разабрацца вас і прызначыць пакараньне толькі за тое, што я рабіў, а не за тое, што выдумалі некаторыя асобы. Дзякуй».
Рыгор Гунько (31): «Я ня думаў і не ўсьведамляў, што так магло атрымацца, бо я звычайны хлопец. Ніколі нікому не нарабіў зла. За ўсе тыя месяцы, праведзеныя ў СІЗА, я шмат чаго пабачыў, усьвядоміў свае памылкі і зразумеў, што пазбавіўся самага каштоўнага — свабоды! У мяне было столькі плянаў на будучыню — хацеў стварыць сям’ю, пабудаваць дом і жыць нармальным жыцьцём, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Паважаны суд, прашу вас строга не караць. Не пазбаўляць мяне волі. Дазвольце мне выправіцца, працягнуць працаваць і дапамагаць сваёй сямʼі. У мяне ўжо немаладыя бацькі, а жыцьцё праходзіць вельмі хутка. Я спадзяюся на ваш перагляд справы».
Дэвід Масьціцкі (20): «Мам, не хвалюйся за мяне. Усё будзе добра. Вельмі моцна цябе люблю. Высокі суд, я ўсё зразумеў, прашу апраўдаць мяне».
Раман Багнавец (36): «Калі б была магчымасьць перажыць той дзень нанова, я думаю, усё б па-іншаму склалася».
Алег Рубец (19) — «(...) Хачу выказаць удзячнасьць бацькам і ўсім тым, хто падтрымліваў мяне. Хачу папрасіць прабачэньня ў мамы і таты за прынесеныя ім перажываньні. У мяне ёсьць прычыны, з-за якіх я кінуў у супрацоўніка міліцыі жменю зямлі. Я зрабіў гэта пад узьдзеяньнем эмацыйнага ўзрушэньня ад скрываўленага выгляду мужчыны, які ўпаў недалёка ад мяне. Мяне абурыла несправядлівасьць. Гэты кідок стаў ахоўнай рэакцыяй з майго боку. І сам ён ня можа быць кваліфікаваны як наўмыснае дзеяньне з мэтай прычыненьня гвалту. Жменя зямлі не зьяўляецца прыладай зьдзяйсьненьня злачынства, як гаворыцца ў абвінавачваньні. Яна ня можа прычыніць шкоды. Абвінавачваньні ў мой адрас не абгрунтаваныя. Сьледзтвам ня вызначана, які менавіта гвалт псыхалягічны ці фізычны я зьдзейсьніў. Як і тое, што зрабіў гэта менавіта я. Няма доказаў і таго, што пашкодзіў альбо зьнішчыў маёмасьць. Сьледзтвам таксама не ўстаноўлена, якім спосабам я асабіста пасягаў на грамадзкую бясьпеку... Прашу ў сувязі з адсутнасьцю ў маіх дзеяньнях складу злачынства мяне апраўдаць».
Аляксандар Цярэшка (35): «Мне няма чаго сказаць, акрамя таго, што я ні перад кім не вінаваты».
Артур Халімончык (32): «Найперш хачу падзякаваць людзям, якія падтрымалі мяне за час знаходжаньня ў СІЗА, пад сьледзтвам. Шмат чаго новага я ўсьвядоміў і зразумеў у сваіх дзеяньнях. І шмат да чаго новага прыйшоў. Гэты пэрыяд застанецца часткай майго жыцьця».
Данііл Богнат (19): «Высокі суд, тое, у чым мяне абвінавачваюць, — няпраўда. Прашу вас даць справядлівую ацэнку маім дзеяньням».
Станіслаў Міхайлаў (43): «Высокі суд, я проста хачу, каб вы разабраліся ў гэтай справе. Таму што я ня браў удзелу ў падзеях, у якіх мяне абвінавачваюць, нікому нічога не зрабіў. Я спадзяюся, вы ва ўсім разьберацеся. Таму што я ўвогуле не разумею. Такі тэрмін...».
Ігар Салавей (37): «...У Пінску існуе такая праблема, як чынавенства і „бязьмежжа“ з боку супрацоўнікаў міліцыі. У нашым горадзе ўсе гэта ведаюць, але мала хто пра гэта кажа (...), бо гэта можа прынесьці дыскрымінацыю ў працы і выклікаць рэпрэсіі з боку ўлады... Ёсьць такі афарызм — „Хто больш лянуецца, той сваю працу прадстаўляе як нейкі подзьвіг“, што мы і бачым з паказаньняў пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі. Тое, як яны рызыкавалі жыцьцём, ратавалі таварыша, затуляючы яго шчытом. Нібыта гэта мэмуары пра Другую сусьветную вайну. Толькі пінскія міліцыянты рабілі зь сябе герояў і пакутнікаў (...). Яшчэ ня вынесены прысуды ў адносінах да абвінавачаных, а Каравякоўскі (начальнік Пінскага ГАУС. — РС) ужо атрымаў званьне ад гарвыканкаму „Чалавек году“... Значыцца, у Пінску нас ужо ўсіх завочна асудзілі. Што тычыцца маёй ролі ў гэтых падзеях, то, як я сказаў раней, сваіх паказаньняў не зьмяняю. І цалкам падтрымліваю абарону. Пацярпелыя не пазначылі канкрэтна, што атрымалі траўмы менавіта ад маіх дзеяньняў. Абвінавачваньне будуецца толькі на домыслах і здагадках сьледчых, якія пры тых падзеях нават не прысутнічалі і толькі па відэа выказалі здагадку, што я там раблю нешта супрацьпраўнае. Сьведак няма».
Што вынікае з паказаньняў абвінавачаных
Алена Маўшук нанесла некалькі ўдараў палкай па шчытах супрацоўнікаў міліцыі. Сьцьвярджае, што зрабіла гэта, каб супрацоўнікі не ішлі і не зьбівалі людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыі.
Сяргей Маўшук кінуў у бок супрацоўнікаў палку, бо ўспрымаў дзеяньні міліцыянтаў, накіраваныя на выцясьненьне ўдзельнікаў акцыі, як супрацьпраўныя.
Дэвід Масьціцкі нанёс два ўдары драўлянай палкай збоку па шчытах міліцыі. Перад гэтым ён назіраў, як яны зьбівалі людзей. Гэта і паслужыла матывам яго дзеяньняў — абараніць людзей і аберагчы сябе.
Рыгор Гунько нанёс удар у шчыт супрацоўнікаў, кінуў у бок пастраеньня міліцыянтаў пясок. Назіраў, як іншыя ўдзельнікі масавых акцый кідалі прадметы, каб абараніцца ад міліцыянтаў.
Вячаслаў Шэлемет кінуў у кірунку шыхтоў сілавікоў камень, палімэрную бутэльку і пачак цыгарэт. Тым самым хацеў абараніць сябе ад супрацьпраўных дзеяньняў міліцыянтаў, якія білі людзей гумовымі палкамі.
Раман Багнавец кінуў у бок супрацоўнікаў кол для падвязкі дрэў, каб прадухіліць гвалт з боку міліцыянтаў. Гэтым ён спрабаваў адцягнуць увагу сілавікоў, якія выцясьнялі людзей.
Вячаслаў Рагашчук наносіў удары палкай па шчытах сілавікоў, спрабуючы гэтым абараніць людзей і адагнаць іншых міліцыянтаў. У супрацоўнікаў міліцыі нічога ня кідаў, маёмасьці не пашкоджваў.
Алег Рубец кінуў у бок супрацоўнікаў жменю зямлі, якая да іх не даляцела. Зрабіў гэта, бо спалохаўся дзеяньняў міліцыянтаў, якія выцясьнялі людзей. Камень у міліцыянтаў ня кідаў.
Што кажа дзяржабвінавачаньне
Дзяржаўныя абвінаваўцы Міхаіл Дайнэка і Сьцяпан Ляшок сьцьвярджаюць, што падчас судовых пасяджэньняў з паказаньняў пацярпелых міліцыянтаў, сьведкі Каравякоўскага, паказаньняў абвінавачаных, прагляду відэазапісу вынікае, што, акрамя масавай акцыі, гучалі таксама заклікі дэмантаваць тратуарную плітку і ўжываць гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі ў выглядзе фармулёвак «Бі іх».
Паводле пракурораў, удзельнікі акцыі «праводзілі сумесныя дзеяньні, накіраваныя на пашкоджаньне маёмасьці». У напрамку супрацоўнікаў міліцыі абвінавачаныя кідалі камяні, фрагмэнты тратуарнай пліткі, палкі, бутэлькі. Наносілі ўдары па супрацоўніках рукамі і нагамі.
Падсудныя нібыта далучыліся да дзеяньняў іншых асобаў і адзін да аднаго «ў мэтах дасягненьня адзінага выніку, што выразілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах і зьнішчэньні маёмасьці».
Паводле абвінавачаньня, прымяненьне гвалту супраць супрацоўнікаў міліцыі пацьвярджаецца заключэньнем судмэдэкспэртызы пацярпелых.
Згодна з матэрыяламі справы, самі міліцыянты дзейнічалі ў межах паўнамоцтваў і ажыцьцяўлялі ахову грамадзкага парадку «з мэтай спыненьня несанкцыянаванай масавай акцыі каля будынку гарвыканкаму».
У ходзе судовых пасяджэньняў Сяргей Ляжэнка і Артур Халімончык цалкам прызналі віну. Данііл Богнат, Станіслаў Міхайлаў, Аляксандар Цярэшка і Ігар Салавей віну адмаўляюць. Астатнія падсудныя прызналі яе часткова. Яны сьцьвярджаюць, што ня мелі намеру прычыняць супрацоўнікам міліцыі цялесныя пашкоджаньні, а проста знаходзіліся з 9 на 10 жніўня каля будынку Пінскага гарвыканкаму. Падсудныя таксама заявілі, што не прымалі ўдзелу ў масавых беспарадках, ня дзейнічалі групай асобаў узгоднена з адзін адным. А таксама не пашкоджвалі і не зьнішчалі маёмасьць.
Суды над 14 пінчукамі працягваюцца з 23 сакавіка. Усім ім пасьля падзей у Пінску 9–10 жніўня выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Падсудным пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.