Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмарш: супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы адмовіліся ад кампэнсацыі ад 14 фігурантаў «пінскай справы»


Пратэсты ў Пінску 9 жніўня 2020
Пратэсты ў Пінску 9 жніўня 2020

Аднак іншыя міліцыянты і чыноўнікі патрабуюць ад палітзьняволеных у рамках гэтай справы каля 530 тысяч рублёў кампэнсацыі.

Супрацоўнікі Пінскага дэпартамэнту аховы адмовіліся ад матэрыяльнай кампэнсацыі ад 14 фігурантаў «пінскай справы». У адрозьненьне ад 72 супрацоўнікаў Пінскага РАУС і ГАУС, прэтэнзій матэрыяльнага характару да абвінавачаных яны ня маюць. Жыхары

Пінску лічаць, што гэта зьвязана зь нядаўна створанай пэтыцыяй, у якой просяць «аб пазачарговай пераатэстацыі пінскіх міліцыянтаў». На гэты момант пэтыцыю падпісалі больш за 3000 чалавек.

«Мяркую, што менавіта гэта [пэтыцыя] паўплывала на рашэньне супрацоўнікаў адмовіцца ад пазоваў, — кажа праваабаронца, старшыня Пінскай гарадзкой арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада“ Вераніка Іванова. — Горад наш досыць малы, супрацоўнікаў людзі добра ведаюць, і рэзананс вакол пэтыцыі вялікі. Таму тыя сілавікі, якія ня так моцна залежаць ад начальства, зрабілі такі дэмарш. Вырашылі „захаваць твар“ перад гараджанамі».

Вераніка Іванова дадала, што на рашэньні супрацоўнікаў Дэпартамэнту аховы не паўплывалі нават атрыманыя імі падчас пратэстаў траўмы.

«Аднаму зламалі зубную каронку. Другі атрымаў траўму галавы. Хтосьці шчыра прызнаўся, што гематомы на руках зьявіліся ад таго, што яны станавіліся ў счэпку. Чалавек, які меў гематомы задняй паверхні нагі і сьцягна, сказаў, што спатыкнуўся і ўпаў. Гэтыя людзі занялі іншую пазыцыю. Проста не захацелі дыскрэдытаваць сябе», — лічыць праваабаронца.

Іншыя пацярпелыя патрабуюць каля паўмільёна рублёў кампэнсацыі

Па словах родных абвінавачаных, ад пазоваў адмовіліся таксама іванаўскія і лунінецкія супрацоўнікі. Тым ня менш памер кампэнсацыі, якую фігуранты мусяць выплаціць, на гэты момант складае звыш 450 тысяч рублёў. Як на мінулым тыдні Свабодзе расказала мачаха абвінавачанага Алега Рубца Тацяна, раней 72 супрацоўнікі Пінскага РАУС і ГАУС матывавалі памер запрошаных імі выплат тым, што яны атрымалі маральныя пакуты. Маўляў, у іх парушыўся сон і апэтыт, пачаліся праблемы з суседзямі. Таму некаторыя зь сілавікоў пакінулі месцы свайго пражываньня. Міліцыянты таксама казалі, што яны адчувалі жах, былі абражаныя.

Па словах сваякоў фігурантаў пінскай справы, у мінулую пятніцу пазовы абвінавачаным таксама выставілі

  • начальнік юрыдычнага аддзелу Пінскага раённага выканкаму (140 руб.),
  • прадстаўнік ЖКГ (каля 2 900 руб.),
  • юрысконсульт унітарнага прадпрыемства «Школьнік» (каля 65 руб.),
  • прадстаўнік Берасьцейскага аблвыканкаму УУС (каля 19 тысяч руб.).

«Мы ў шоку ад такіх сум!» — кажа Кацярына, сястра палітвязьня Вячаслава Рагашчука, бацькі траіх дзяцей.

Адміністрацыя СІЗА не дазваляе зрабіць мэдыцынскае абсьледаваньне палітвязьня, у якога падазраюць інсульт

Вячаслаў Рагашчук
Вячаслаў Рагашчук

Паводле праваабаронцы Веранікі Івановай, палітзьняволенаму Вячаславу Рагашчуку, нягледзячы на пагаршэньне яго стану здароўя, цягам 8 месяцаў не аказваюць мэдыцынскай дапамогі. Вядома, што пасьля затрыманьня Рагашчука білі тры дні, сам Вячаслаў раней пісаў у лістах, што ў ізалятары яму дыягнаставалі кровазьліцьцё, страсеньне мозгу, або траўму галавы ці мікраінсульт.

Па словах Веранікі Івановай, як у Пінскім ІЧУ, так і ў Баранавіцкім СІЗА на звароты Рагашчука аб абсьледаваньні адмаўлялі. Яго родныя сьцьвярджаюць, што, нягледзячы на тое, што нэўроляг прызначыў яму прэпараты, стан яго здароўя не палепшыўся. 36-гадовы Вячаслаў Рагашчук па-ранейшаму скардзіцца на галавакружэньні, звон і боль у галаве, шум у вушах.

«Нэўроляг сьцьвярджаў, што падобная сымптаматыка можа сьведчыць аб перанесеным інсульце, што яго трэба абсьледаваць. Але калі родныя зьвярнуліся да начальніка берасьцейскага СІЗА, той адказаў, што Вячаслава абсьледуюць ужо ў калёніі. Але гэта каштоўны час! І ці будзе там магчымасьць абсьледаваньня? — пытаецца Вераніка. — Адна справа клініка ў Берасьці, куды яго можна вывезьці пад канвоем і зрабіць МРТ. А зусім іншая, калі яго адправяць, напрыклад, у Наваполацак. Там ня будзе такой магчымасьці. А гэта ж здароўе маладога чалавека!

У сувязі з станам здароўя Вячаслава пінчукі стварылі яшчэ адну пэтыцыю з патрабаваньнем неадкладна забясьпечыць яму паўнавартаснае мэдыцынскае абсьледаваньне.

«На сёньняшні дзень Вячаслаў Рагашчук нават не зьяўляецца асуджаным і падставаў да абмежаваньня яго права на ахову здароўя няма і ня можа быць. Становішча, калі грамадзянін адчувае фізычныя пакуты і яму перашкаджаюць у атрыманьні мэдыцынскай дапамогі, можа і мусіць быць прыраўнавана да катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Што трэба ведаць пра «пінскую справу»

Суды над 14 пінчукамі працягваюцца з 23 сакавіка. Усім ім пасьля падзей у Пінску 9–10 жніўня выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Падсудным пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Віны, па словах Тацяны Рубец, не прызналі Станіслаў Міхайлаў, Ігар Салавей, Даніла Богнат і Аляксандар Цярэшка. Усе астатнія прызналі часткова. Яны сьцьвярджаюць, што толькі знаходзіліся ў месцы сутыкненьняў, аднак гвалтоўных дзеяньняў у адрас сілавікоў ніхто зь іх не рабіў.

Дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што 9 жніўня 2020 году абвінавачваныя

  • бралі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынку Пінскага райвыканкаму,
  • груба парушылі грамадзкі парадак;
  • учынілі пагромы, нанесьлі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі — дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагмэнтамі тратуарнай пліткі і бэтонных парапэтных плітаў, бутэлькамі, камянямі, мэталічнымі вырабамі і арматурай;
  • пасьля чаго наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасьць, якія належалі міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.

Каго судзяць у «пінскай справе»

23 сакавіка ў Берасьці пачаўся суд за пратэсты ў Пінску 9 жніўня. Людзі тады выйшлі на вуліцы пасьля абвяшчэньня лічбаў афіцыйных экзіт-полаў, паводле якіх на прэзыдэнцкіх выбарах зь вялікім адрывам перамог Аляксандар Лукашэнка.

На лаве падсудных

  1. Раман Багнавец
  2. Данііл Богнат
  3. Рыгор Гунько
  4. Сяргей Ляжэнка
  5. Дэвід Масьціцкі
  6. Алена Маўшук
  7. Сяргей Маўшук
  8. Станіслаў Міхайлаў
  9. Вячаслаў Рагашчук
  10. Алег Рубец
  11. Ігар Салавей
  12. Артур Халімончык
  13. Аляксандар Цярэшка
  14. Вячаслаў Шалямет

Што расказваюць пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня

Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі і старшыня гарвыканкаму Іван Рабкавец. Яны прапанавалі вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.

Цягам 2,5 гадзіны пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку на паркоўку гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.

Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG