Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУІР моцна скарачаюць набор абітурыентаў


Нацыянальны сьцяг у вакне БДУІР, 26 сакавіка 2021
Нацыянальны сьцяг у вакне БДУІР, 26 сакавіка 2021

Скарачэньні істотна закранаюць платнае аддзяленьне, а таксама катэдры. У студэнцкім страйкаме падазраюць, што гэта зьвязана з палітычнымі звальненьнямі і адлічэньнямі пасьля выбараў.

Вядучы беларускі ўнівэрсытэт у сфэры інфармацыйных тэхналёгій БДУІР апублікаваў плян прыёму абітурыентаў на 2021 год. Скарачэньне набору датычыць пераважна платнага аддзяленьня, нягледзячы на заявы ўнівэрсытэту аб нястачы сродкаў, піша «Белсат».

Тэлеграм-канал «Мирный БГУИР» зрабіў на падставе гэтых звестак інфаграфіку, паказаўшы, што шматлікія паказьнікі прыёму ў студэнты і магістранты нават ніжэйшыя, чым у 2017 годзе.

Зьмены таксама закрануць і склад катэдраў — пасады чатырох іх кіраўнікоў скарачаюцца. А вячэрняе аддзяленьне ліквідуецца наогул.

Былая выкладчыца катэдры гуманітарных дысцыплінаў БДУІР Мая Гаўручанкова паведаміла, што яшчэ летась у ВНУ моцна скарацілі выкладаньне гісторыі і паліталёгіі, а паводле словаў сябра страйкаму БДУІР Аляксандра Клюева, кіраўніцтва моцна скарачае факультэт кампутарных сыстэмаў і сетак, які лічыўся вядучым.

«Скарачаецца набор студэнтаў і на магістратуру. Як вынік, скарачаюцца гадзіны для выкладчыкаў, што можа быць адной з прычынаў таго, што „аптымізуецца“ склад катэдраў. Але застаецца пытаньне: чаму сярод студэнтаў больш скарачаецца не бюджэтнае, а платнае аддзяленьне, якое проста прыносіць грошы?» — задаецца Клюеў пытаньнем.

Шэраг выкладчыкаў апраўдвае скарачэньні тым, што «на рынку ня будзе лішку кадраў», іншыя ж зьвязваюць гэта з палітычнымі падзеямі ў краіне — пасьля пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў шэраг выкладчыкаў звольнілі з БДУІР, далёка ня ўсіх магчыма замяніць.

Паводле Маі Гаўручанковай, тое, што адбываецца, падобна адначасова і на помсту ІТ-сэктару ў цэлым, і на скарачэньне колькасьці пасьпяховых і забясьпечаных айцішнікаў на будучыню.

Пасьля пратэстаў у краіне, зьвязаных з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў на карысьць Лукашэнкі, з БДУІР адлічылі болей за 20 студэнтаў і звольнілі каля дзясятка выкладчыкаў. З асабістага жаданьня звольнілася з ВНУ і дэкан вядучага факультэту — кампутарных сыстэм і сетак — Марыя Лукашэвіч. Аднак сярод навучэнцаў БДУІР застаюцца людзі, якія працягваюць пратэставаць супраць рэжыму Лукашэнкі і кіраўніцтва ўнівэрсытэту, якое падтрымлівае дзейную ўладу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG