Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына абвясьціла конкурс на стыпэндыі для студэнтаў зь Беларусі


Унівэрсытэт у Майнцы
Унівэрсытэт у Майнцы

Нямецкае Таварыства студэнцкіх абменаў з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропай патлумачыла ўмовы заявак на стыпэндыю ад Беларусі.

У Нямеччыне для студэнтаў зь Беларусі аб’яўлены конкурс на атрыманьне стыпэндыі для паўгадавога навучаньня ў адной зь нямецкіх ВНУ. Конкурс праводзіць нямецкае Таварыства студэнцкіх абменаў з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропай (GFPS).

Пра асаблівасьці праекту ў гутарцы з Deutsche Welle расказаў прэс-сакратар адборачнай камісіі GFPS Дзяніс Фрыдрых, які сам у свой час прыехаў у Нямеччыну якраз зь Беларусі.

Стыпэндыяльную праграму для студэнтаў зь Беларусі GFPS рэалізуе ўжо 16 гадоў. За гэты час навучэнцам беларускіх ВНУ далі каля 60 стыпэндый. Цяпер праводзіцца адборачны конкурс кандыдатаў на зімовы сэместр 2021/2022. Прыём заяў заканчваецца 8 траўня. У 2020 годзе на летні сэместр стыпэндыю атрымала толькі адна студэнтка зь Беларусі, але праз пандэмію каранавірусу яе вучобу перанесьлі на зімовы сэместр.

Стыпэндыя складае каля 800 эўра. GFPS таксама бярэ на сябе аплату мэдыцынскай страхоўкі, пагашае збор, які кожны студэнт абавязаны аплачваць перад пачаткам новага сэместру, і пакрывае выдаткі на дарогу зь Беларусі ў Нямеччыну і назад. Але за арэнду жыльля студэнт мусіць плаціць сам.

Стыпэндыят сам будзе выбіраць месца, у якім хоча вучыцца. Большасьць стыпэндыятаў зь Беларусі, паводле статыстыкі, аддаюць перавагу нямецкай мове і філялёгіі, лінгвістыцы, эканоміцы, культуралёгіі.

Прэтэндэнт мусіць быць студэнтам адной зь беларускіх ВНУ і адвучыцца ня меней за чатыры сэместры, а таксама мець грамадзянства Беларусі. Пры гэтым студэнтам выпускных курсаў GFPS стыпэндый не дае. Ад кандыдата таксама патрабуюць прад'явіць сэртыфікат, які пацьвярджае ягоныя добрыя веды нямецкай мовы. Узровень валоданьня нямецкай мае быць ня меншым за B2.

Акрамя таго, студэнт павінен пераканаць адборачную камісію ў тым, што ён сур’ёзна цікавіцца Нямеччынай: яе грамадзкім жыцьцём, культурай, палітыкай, эканомікай, а таксама палітычнымі працэсамі ў Эўразьвязе. А яшчэ мусіць даказаць добрую пасьпяховасьць на радзіме, паказаўшы выпіску з заліковай кніжкі.

Амаль у кожным буйным горадзе Нямеччыны ў GFPS ёсьць прадстаўнікі — групы куратараў-настаўнікаў, якія падтрымліваюць стыпэндыятаў. На працягу сэместру яны арганізуюць са стыпэндыятамі, сярод якіх, апроч беларусаў, прадстаўнікі Ўкраіны, Польшчы і Чэхіі, а таксама немцы, якія вырашылі прайсьці навучаньне ва ўсходнеэўрапейскіх ВНУ, некалькі сустрэч — як правіла, у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы навучаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG