Сакрэтную апэрацыю Тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Лібэрцы, якая працягвалася некалькі месяцаў, удалося давесьці да канца. Ад новага сэмэстру тут будзе вучыцца група беларускіх студэнтаў-уцекачоў з 16 чалавек. Пра гэта піша Юзэф Мачы на чэскім партале seznamzpravy.cz.
У пятніцу, 11 сьнежня, Лізавета ўжо ведала, што больш не можа заставацца ў Беларусі. Яна атрымала паведамленьне, што адна зь яе аднагрупніц зь Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту была арыштаваная спэцслужбамі за ўдзел у акцыях пратэсту супраць рэжыму. Акрамя таго, тая дзяўчына дала ім сьпіс імёнаў іншых студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыях. У тым ліку і Лізавеціна.
Таму яна адразу выключыла тэлефон і купіла білет у Кіеў. Праз два дні яна была ва Ўкраіне. Але на лётнішчы яе затрымалі.
«Я чакала трыццаць хвілін, пакуль правяралі мае дакумэнты. Мне нават не дазволілі карыстацца тэлефонам. Я думала, ці ёсьць у іх спэцыяльны сьпіс актыўных студэнтаў і ці яны ня хочуць мяне запалохаць тым, што затрымалі», — расказвае Лізавета.
«Гэта сапраўды сумна, але я адчуваю, што страціла радзіму, па меншай меры, пакуль», — кажа Лізавета.
На шчасьце, дзякуючы гуманітарнай польскай візе ёй удалося дабрацца да Літвы, а адтуль — у Чэхію. У суботу, 16 студзеня, яе поўнае прыгодаў падарожжа скончылася, калі яна саскочыла з прыступкі аўтобуса, які прывёз яе ў Лібэрац.
Тут яна працягне навучаньне — ужо не пад наглядам спэцслужбаў. Аднак гэта было б немагчыма без велізарных намаганьняў Тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Лібэрцы і Міністэрства замежных справаў Чэхіі.
«Я сам быў удзельнікам лістападаўскіх падзеяў у Празе (студэнцкія хваляваньні ў лістападзе 1989 году, якія далі пачатак „аксамітнай рэвалюцыі“). Маючы гэты досьвед і досьвед жыцьця ў таталітарызьме, вы не вагаецеся, калі трэба дапамагчы тым, хто перажывае падобнае пекла», — кажа рэктар Тэхнічнага ўнівэрсытэту Міраслаў Бржэзіна.
Шыфры і сакрэтная камунікацыя
Хоць Лізавета прыехала ў Лібэрац першай, яна была не адзінай. Яшчэ 15 студэнтаў, да якіх дабраўся рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ужо пасяліліся ў інтэрнатах, інтэнсіўна вывучаюць чэскую мову і рыхтуюцца да пачатку новага навучальнага году ў Тэхнічным унівэрсытэце.
«Уся працэдура вакол віз, прыезду студэнтаў і фінансавага запесьпячэньня іх побыту заняла шмат часу, таму ў мяне была і асабістая сустрэча зь міністрам замежных спраўва. Цяпер я вельмі рады, што намаганьні, якія мы да гэтага прыклалі, не былі марнымі, і студэнты ўжо тут», — дадае Бржэзіна.
Уся апэрацыя, якая часта ўключала элемэнты шпіёнскіх баявікоў, пачалася летам мінулага году. Тэхнічны ўнівэрсытэт выказаў зацікаўленасьць дапамагчы студэнтам у Беларусі, якія зазналі ціск рэжыму, і ўдалося вызначыць пэўную групу.
«Гэта былі студэнты, якім з палітычных матываў пагражала адлічэньне або яны ўжо былі выключаныя», — расказвае Радэк Сучанек, галоўны арганізатар пераводу студэнтаў, прарэктар у пытаньнях разьвіцьця і зьнешніх сувязяў Тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Лібэрцы.
Камунікацыя адбывалася выключна з дапамогай шыфравальнай праграмы і бязь лішніх дэталяў.
«Я чакала, што рэпрэсіі могуць пачацца ўжо падчас выбарчай кампаніі. Аднак страх абвастрыўся ў дзень 12 лістапада 2020 году, які мы называем „чорным чацьвяргом“. Дзесяць актыўных студэнтаў зь беларускіх унівэрсытэтаў былі затрыманыя, а міліцыя правяла ператрусы ў іх кватэрах. Шэсьць зь іх — мае сябры і калегі. Я якраз была на працы, калі мне паведамілі, што іх затрымалі, і я вырашыла больш не вяртацца дадому», — дадае Лізавета.
«Мне ўсё яшчэ сьняцца кашмары»
Увосень былі вырашаныя ўсе афіцыйныя фармальнасьці, працэдуры прыёму, а таксама спосаб пераезду. Першапачаткова плянавалася, што студэнты выедуць зь Беларусі ўсе разам на аўтобусе. Але ўрэшце ня выйшла.
«Мы параіліся зь імі, і яны баяліся перасячэньня сухапутнай мяжы, таму што ў такой вялікай групе ім не ўдалося б выехаць зь Беларусі», — успамінае Суханэк
Урэшце студэнты невялікімі групамі і па розных маршрутах прыбылі ў Чэхію самалётамі. На працягу студзеня і лютага да Лібэрца дабраліся 16 зь іх. Першапачаткова іх мусіла быць васямнаццаць. Аднак з адной студэнткай унівэрсытэт страціў кантакт, а яшчэ адна, як вядома, апынулася ў турме.
«Нават пасьля пераезду ў Лібэрац мне ўсё яшчэ сьняцца кашмары. У іх я ўцякаю ад міліцыі або спрабую схавацца, каб мяне не арыштавалі», — прызнаецца яшчэ адна студэнтка, Анастасія, якая нават была на кароткі тэрмін арыштаваная, але зноў была вызваленая дзякуючы дапамозе адвакаткі з валянтэрскай арганізацыі, і яе справа ў суд ня трапіла.
Аднак Тэхнічны ўнівэрсытэт у Лібэрцы — не адзіны, хто дапамагае беларускім студэнтам, якія трапілі ў цяжкае становішча з прычыны палітычнай сытуацыі або ня мелі магчымасьці працягваць навучаньне. Ужо ў кастрычніку летась Міністэрства адукацыі Чэхіі выдзеліла спэцыяльны гранты на стыпэндыі гэтым студэнтам.
Дзяржаўнай падтрымкай скарысталіся пяць ВНУ — Карлаў унівэрсытэт, Паўднёвачэскі ўнівэрсытэт, Унівэрсытэт Масарыка ў Брне, Чэскі тэхнічны ўнівэрсытэт і Заходнечэскі ўнівэрсытэт. У 2020 годзе такім чынам была падтрымана 85 студэнтаў зь Беларусі на агульную суму больш за 4,2 млн. крон.
«Гэтая падтрымка таксама плянуецца на 2021 год», — дадае прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Анэта Лэднава.
Я страціла радзіму, кажа студэнтка
А якая будучыня ў беларускіх студэнтаў у Лібэрцы? Тэхнічны ўнівэрсытэт ім гарантаваў, што яны могуць застацца і пасьля заканчэньня навучаньня.
«Яны атрымаюць магчымасьць падаць заяўку на доўгатэрміновы побыт у Чэхіі, і змогуць вярнуцца ў Беларусь тады, калі палічаць гэта патрэбным», — тлумачыць Суханэк.
Зрэшты, Лізавета і іншыя беларускія студэнты зь Лібэрца ўсьведамляюць, што з прычыны як палітычнай, гэтак і эканамічнай сытуацыі на бацькаўшыне яны могуць ужо ніколі не вярнуцца.
«Гэта сапраўды сумна, але я, прынамсі пакуль што, адчуваю, што страціла радзіму», — дадае Лізавета.