Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House: для сотняў тысяч беларусаў чарговы раўнд сфальсыфікаваных выбараў быў недапушчальны


Атакі за дэмакратыю ўзмацняюцца, аўтакратыі распаўсюджваюцца ў Эўропе і Эўразіі. Такая выснова штогадовай справаздачы «Нацыі ў пераходным пэрыядзе -2021» (Nations in Transit) амэрыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House аб стане дэмакратыі ў рэгіёне

У справаздачы адзначаецца «антыдэмакратычны паварот», які адбываецца ў такіх краінах, як Вугоршчына і Польшча.

У 1990-я гады яны забясьпечылі пераход да дэмакратыі, цяпер гэтыя краіны дэманструюць паглыбленьне аўтакратызацыі.

На думку аўтараў справаздачы, гэта не анамаліі, а частка сыстэмнага руху ў бок аўтарытарызму ў Эўропе і Эўразіі, які можа мець глябальныя вынікі.

Паводле «Нацыі ў пераходным пэрыядзе – 2021» агульная моц дэмакратыі ў рэгіёне зьніжаецца 17 гадоў запар, паказьнікі ступені дэмакратычнасьці некаторых краінаў рэгіёну, кваліфікаваных як дэмакратыі, самыя нізкія з 1995 году, калі Freedom House пачаў публікаваць свае штогадовыя справаздачы.

У Расеі і Беларусі, якія характарызуюцца як кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы, рэпрэсіі значна павялічыліся за апошні год. Жорсткія рэпрэсіі супраць прадэмакратычных пратэстоўцаў у Беларусі, спроба Крамля забіць лідэра апазыцыі Аляксея Навальнага і нядаўняя дэманстрацыя сілы каля межаў Украіны дэманструюць, што гэтыя рэжымы гатовыя пайсьці на ўсё, каб захаваць сваю ўладу, робіцца выснова ў справаздачы.

«Заняпад дэмакратыі ў Эўропе і Эўразіі выклікае сур’ёзную трывогу, асабліва ў кантэксьце 15-гадовага пагаршэньня сытуацыі з дэмакратыяй ва ўсім сьвеце», — адзначае Жэліке Чакі, дырэктар дасьледаваньня Эўропы і Эўразіі ў Freedom House.

У «Нацыі ў пераходным пэрыядзе – 2021» ацэньваецца стан дэмакратычнага кіраваньня ў 29 краінах ад Цэнтральнай Эўропы да Цэнтральнай Азіі. Ацэнкі па краінах адносяцца да ўмоваў і падзеяў у пэрыяд са студзеня па сьнежань 2020 году.

Ключавыя вынікі:

  • У Эўропе і Эўразіі менш дэмакратыі, чым калі-небудзь за 26-гадовую гісторыю краін транзыту. З 29 ацэненых краінаў 10 былі аднесены да дэмакратыі, 10 — да гібрыдных рэжымаў і 9 — да аўтарытарных рэжымаў. У гэтым годзе ніводная краіна не зьмяніла катэгорыі.
  • Сярэдні бал узроўню дэмакратыі ў рэгіёне зьніжаўся кожны год з 2005-га — 17 гадоў запар. Паказьнікі дэмакратыі ў краінах сьвету сёлета зьнізіліся, толькі 6 краінаў палепшылі іх.
  • Найбольшае зьніжэньне адбылося ў Польшчы і ў Вугоршчыне.
  • Шырока распаўсюджаным тыпам рэжымаў у Эўразіі застаецца «кансалідаваны аўтарытарызм». Армэнія — адзіны паўкансалідаваны аўтарытарны рэжым у Эўразіі, тады як Грузія, Малдова і Ўкраіна — адзіныя гібрыдныя / пераходныя рэжымы ў гэтым субрэгіёне. У Эўразіі няма дэмакратыяў.
  • Нягледзячы на самае рэзкае пагаршэньне сытуацыі за дзесяцігодзьдзе, Цэнтральная Эўропа застаецца субрэгіёнам з найлепшымі паказчыкамі; найбольш распаўсюджаным тыпам рэжыму зьяўляецца «кансалідаваная дэмакратыя». Баўгарыя, Польшча і Румынія — адзіныя паўкансалідаваныя дэмакратыі ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе; Вугоршчына — адзіны гібрыдны / пераходны рэжым.

Як кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы ў рэгіёне ацэньваюцца Азэрбайджан, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан.

Гэтыя краіны зьяўляюцца закрытымі грамадзтвамі, у якіх дыктатуры прадухіляюць палітычную канкурэнцыю і плюралізм і нясуць адказнасьць за шырокі распаўсюд парушэньняў асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў.

У справаздачы Freedom House пра сытуацыю ў Беларусі адзначаецца наступнае:

  • Пасьля шматгадовых рэпрэсіяў, якія зьмяняліся пэрыядамі дыпляматычнай адлігі, Лукашэнка ў 2020 годзе сутыкнуўся з сытуацыяй, калі пратэстоўцы з усіх слаёў грамадзтва аб'ядналіся ў падтрымцы дэмакратычнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай. І ўсё ж пасьля некалькіх месяцаў масавых арыштаў, зьбіцьця, катаваньняў і зьняволеньня дзясяткаў палітвязьняў пэрспэктыва больш дэмакратычнай Беларусі цяпер здаецца ўсё больш аддаленай.
  • Субʼекты грамадзянскай супольнасьці рэгіёну часта дапаўняюць або замяняюць дзяржаву. Калі беларускі ўрад прыняў палітыку ігнараваньня пандэміі COVID-19, якую Аляксандар Лукашэнка назваў «псыхозам», прыватны і трэці сэктары фактычна выступілі ініцыятарамі рэакцыі краіны. Яны каардынавалі мэдычную дапамогу, набывалі сродкі індывідуальнай засьцярогі для насельніцтва, прапагандавалі стандарты сацыяльнага дыстанцыяваньня.
  • Пасьля летніх выбараў беларускія ўлады ўчынілі жорсткія рэпрэсіі, а сотні журналістаў зазналі адвольныя арышты, фізычныя напады і затрыманьні. Замежныя карэспандэнты былі пазбаўленыя акрэдытацыі, а карыстальнікі інтэрнэту сутыкаліся з адключэньнямі і блякаваньнем сайтаў.
  • Для расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна палітычныя і грамадзянскія хваляваньні ў Беларусі сталі сыгналам да арганізацыі падтрымкі калегаў-аўтакратаў у надзеі прадухіліць падобныя хваляваньні дома. Але для сотняў тысячаў беларусаў чарговы раўнд сфальсыфікаваных выбараў быў недапушчальны.
  • Пасьля шматгадовай палітычнай талерантнасьці да аўтарытарызму ў Беларусі, рэпрэсіі супраць масавага руху за дэмакратыю ў краіне ўзмацнілі міжнародны рух падтрымкі дэманстрантаў і выклікалі рэальныя наступствы для даўняга аўтарытарнага рэжыму.
  • Грамадзяне ў краінах Балтыі ўтварылі чалавечыя ланцугі ў знак салідарнасьці са сваімі суседзямі-беларусамі, палітычныя лідэры гэтых краінаў узьнялі свае галасы ў асуджэньні парушэньня правоў пры Лукашэнку.
  • Міністар замежных справаў Літвы рашуча адхіліў просьбу Беларусі аб экстрадыцыі лідэра апазыцыі і, верагодна, пераможцы прэзыдэнцкіх выбараў Святланы Ціханоўскай.
  • Эўразьвяз прыняў тры пакеты санкцыяў супраць беларускага рэжыму, у тым ліку накіраваныя на самога Лукашэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG