Праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала чарговы даклад пра «нацыі ў пераходным пэрыядзе» (Nations in Transit) пад загалоўкам «Падзеньне дэмакратычнага фасаду».
Як адзначаюць у дакладзе, усё больш лідэраў дзяржаваў перастаюць нават прыкідвацца, што гуляюць паводле правілаў дэмакратыі, узмацняюць наступ на незалежнасьць судоў, грамадзянскую супольнасьць, сродкі масавай інфармацыі, выбарчыя сыстэмы і іншае.
Найбольш выразна «разрыў дэмакратычнага кансэнсусу» аўтары дакладу бачаць у Цэнтральнай Эўропе і Балканах, якія набылі найбольш пасьля халоднай вайны.
Самае вялікае падзеньне дэмакратычных нормаў і свабодаў цяпер адзначаюць у Польшчы, якая перайшла з групы «кансалідаваных дэмакратыяў» у «паўкансалідаваныя» за апошнія 10 гадоў, і Вугоршчыне, якая за 10 гадоў апусьцілася ад «кансалідаванай дэмакратыі» да «гібрыднага рэжыму».
Таксама апошнія два гады да «гібрыдных рэжымаў» адносяць раней «паўкансалідаваныя дэмакратыі» Сэрбіі і Чарнагорыі.
Беларусь у рэйтынгах Freedom House засталася з «кансалідаваным аўтарытарным рэжымам» і сумарным балам на ўзроўні Расеі, хоць і крыху вышэйшым за Азэрбайджан, Казахстан, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан. За год ніякіх зьменаў у рэйтынгах Беларусі не было, хоць тая ж Расея страціла крыху балаў.
Асобна Беларусь згадваецца ў кантэксьце выключэньняў з правілаў аб тым, што ўлады не даюць пратэстоўцам дасягнуць іхных мэтаў. Гэтым выключэньнем, заўважае Freedom House, нават у найбольш закрытых краінах сталі экаактывісты:
«Напрыклад, у аўтарытарнай Беларусі шэраг акцыяў пратэсту прымусіў чыноўнікаў прыпыніць будаўніцтва плянавага заводу акумулятараў у Берасьці, хаця арганізатараў неаднаразова затрымлівалі, перш чым іхная рашучасьць дала плён», — пішуць у дакладзе Freedom House і згадваюць таксама пратэсты супраць уранавых шахтаў у Кіргізстане і дамбаў у Чарнагорыі.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.