Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай зноў заклікаў улады Беларусі вызваліць блогера і кансультанта радыё Ігара Лосіка, які знаходзіцца за кратамі ўжо 300 дзён, а таксама спыніць перасьлед незалежных журналістаў.
«Ігар Лосік занадта доўга жорстка ізаляваны ад сваёй жонкі, дачкі і калегаў. Ігар мусіць быць вызвалены са зьняволеньня і яму мусяць дазволіць зноў паяднацца зь сям’ёй. Рэпрэсіўная кампанія ўраду Лукашэнкі супраць незалежных журналістаў, у тым ліку рэпартэраў і супрацоўнікаў РСЭ/РС, мусіць спыніцца, каб яны маглі працягваць сваю працу і даваць абʼектыўную інфармацыю народу Беларусі», — сказаў Джэймі Флай.
Ігара Лосіка згадвалі ў рэзалюцыі, якую 20 красавіка прыняла Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў падтрымку народу Беларусі і ягоных дэмакратычных памкненьняў. 19 красавіка 2021 году, выступаючы з заявай з нагоды аднаўленьня санкцыяў супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен назваў зьняволеньне Лосіка адным з прыкладаў рэпрэсіяў у Беларусі, якія робяць немагчымым далейшае прыпыненьне санкцыяў.
Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Дата пачатку суду над ім дагэтуль невядомая.
Арышт і абвінавачваньні
Супрацоўнікі сілавых структур прыйшлі дадому да Ігара Лосіка раніцай 25 чэрвеня 2020 году. У яго кватэры прайшоў ператрус, сілавікі забралі кампутарную тэхніку. Увечары таго ж дня стала вядома, што Лосік затрыманы ў межах крымінальнай справы паводле артыкулу 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Неўзабаве Ігара перавялі з Баранавічаў у СІЗА № 1 у Менску на вуліцы Валадарскага. Там ён знаходзіўся да 18 жніўня, пасьля Лосіка зьмясьцілі ў сьледчую турму № 8 у Жодзіна. 15 сьнежня 2020 году Ігару Лосіку прад’явілі новыя абвінавачваньні паводле артыкулу 293 КК — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках.
11 сакавіка 2021 году Ігару Лосіку чарговы раз прад’явілі новыя абвінавачаньні па невядомым дагэтуль артыкуле. Яго адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні і ня можа камэнтаваць сытуацыю.
Галадоўкі пратэсту
У сьледчай турме Жодзіна Ігар двойчы абвяшчаў галадоўкі пратэсту, абодва разы гэта адбывалася пасьля прад’яўленьня новых абвінавачаньняў. Першая зь іх працягнулася 42 дні, другая, сухая, — 4.
«Ігар мае намер працягваць галадоўку. Ён ня хоча спыняцца, — расказваў адвакат Ігара на 38-ы дзень галадоўкі свайго падабароннага. — Адчувае сябе горш, чым падчас мінулай сустрэчы. Ігар сам пра гэта расказаў. У яго зьявілася слабасьць і праблемы зь ціскам. Раніцай ён вельмі нізкі, проста вельмі. А ўвечары падвышаны. Ціск Ігару мерае лекар, ён таксама цікавіцца яго самаадчуваньнем. Таксама былі гутаркі з псыхолягам у Ігара».
Спыніць галадоўку Ігара Лосіка прасілі родныя і шматлікія вядомыя асобы, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская. Ён зрабіў гэта на 42-і дзень.
Сухая галадоўка Лосіка працягвалася 4 дні і была выкліканая новымі абвінавачаньнямі. У адказ на іх палітвязень пашкодзіў сабе руку на запясьці. Пасьля гэтага адміністрацыя турмы зьмясьціла Лоскіка ў карцар.
Як ідзе расьсьледаваньне справы Ігара Лосіка
У канцы сакавіка стала вядома, што Ігар Лосік пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы. Раней яго жонка Дар’я са спасылкай на мужа неаднаразова паведамляла, што ніякіх сьледчых дзеяньняў з удзелам яе мужа не вядзецца — былі толькі допыты ў першыя дні пасьля затрыманьня. Па стане на 20 красавіка Ігар працягваў знаёміцца з матэрыяламі, дата пачатку суду над ім пакуль невядомая.
Паводле інфармацыі жонкі Міколы Статкевіча Марыны Адамовіч, Ігара Лосіка могуць судзіць разам са Статкевічам, Ціханоўскім і шэрагам іншых палітзьняволеных. Працэс, імаверна, пройдзе ў Магілёве. На якой падставе справу Лосіка аб’ядналі з абвінавачаньнямі іншых асобаў, пакуль невядома.
Што яшчэ важна ведаць пра Ігара
Ігар паходзіць з Баранавічаў, жыве там разам з жонкай Дар’яй і дачкой Паўлінай, якой у студзені споўнілася два гады. Блогер і кансультант скончыў пэдагагічны ўнівэрсытэт, аднак у школе не працаваў, займаўся мэдыяпраектамі і разьвіцьцём тэлеграм-каналаў. З Дар’яй яны ў шлюбе больш за шэсьць гадоў, пажаніліся яшчэ студэнтамі. Родныя пэрыядычна перастаюць атрымліваць лісты ад Ігара, як і ён ад іх. Апошні раз такое здарылася пасьля абвяшчэньня другой галадоўкі, тады Дар’я Лосік ня мела лістоў ад мужа цягам месяца.
Дар’я езьдзіць у Жодзіна з Баранавічаў некалькі разоў на тыдзень, возіць у турму адваката і перадачы для мужа. Пасьля прад’яўленьня Ігару абвінавачаньняў паводле трэцяга артыкулу Дар’я выступіла з адкрытым відэазваротам у адрас Аляксандра Лукашэнкі з заклікам вызваліць яе мужа з-за кратаў.