Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызнаць Каардынацыйную раду. Што яшчэ рэкамэндуе Кангрэс ЗША ў новай рэзалюцыі аб Беларусі


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю ў падтрымку народу Беларусі і ягоных дэмакратычных памкненьняў, а таксама асуджэньне фальсыфікацыі выбараў і наступных жорсткіх рэпрэсій супраць мірных пратэстоўцаў.

Паколькі рэзалюцыя не законапраект, а выказваньне агульнай пазыцыі Палаты прадстаўнікоў, то ўсе палажэньні маюць рэкамэндацыйны характар. За яе прагаласавалі 355 кангрэсмэнаў, 69 — супраць, 5 не галасавалі.

Гэтая рэзалюцыя была прадстаўлена яшчэ 15 лютага, але атрымала месца ў сьпісе на галасаваньне ў сэсію, якая пачалася на мінулым тыдні.

Ключавыя пункты рэзалюцыі:

  • Палата прадстаўнікоў не прызнае вынікаў выбараў 9 жніўня 2020 году;
  • патрабуе вызваліць палітвязьняў;
  • заклікае да агульных санкцый з боку ЗША, ЭЗ і партнэраў;
  • прызнае Каардынацыйную раду легітымным органам для удзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы улады;
  • просіць Белы дом павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

У дакумэнце згадваецца і мэдыякансультант Радыё Свабода, папулярны беларускі блогер Ігар Лосік, якія галадаў 6 тыдняў у СІЗА ў «знак пратэсту супраць палітычна матываванага абвінавачваньня ў тым, што ён дапамагаў у арганізацыі масавых беспарадкаў пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў».

«Незалежныя журналісты і свабодныя СМІ сутыкнуліся з запалохваннем, гвалтам, масавымі арыштамі і перасьледам. Многіх замежных журналістаў пазбавілі іх акрэдытацыі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Рэзалюцыя пералічвае шматлікія прыклады рэпрэсій супраць людзей, нязгодных з рэжымам Лукашэнкі, уключна з арыштамі і турэмнымі тэрмінамі журналістам, сярод якіх згадваюцца журналісткі Белсату Дар'я Чульцова і Кацярыена Андрэева, пагрозамі пазбавіць бацькоўскіх правоў, звальненьнямі з працы, выключэньнямі з унівэрсытэтаў, і многае іншае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG