Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет бясьпекі: «Вучэньні каля межаў Беларусі ідуць літаральна круглыя суткі»


Зьнішчальнік NATO выконвае трніровачны палёт у Літве, архіўнае фота
Зьнішчальнік NATO выконвае трніровачны палёт у Літве, архіўнае фота

Сілавікам у Беларусі не падабаецца колькасьць вайсковых вучэньняў краін NATO і Ўкраіны паблізу беларускіх межаў.

Вучэньні замежных войскаў ля межаў Беларусі з краінамі Эўразьвязу ідуць «літаральна круглыя суткі», пра гэта заявіў намесьнік дзяржсакратара Савет бясьпекі Беларусі Ўладзімер Арчакоў у этэры тэлеканалу «Беларусь-1», піша Tut.by.

Ён адзначыў, што ня лічыць, што тэрыторыя Беларусі нікога не цікавіць і што ніхто не зьбіраецца яе заваёўваць. На яго думку, аб адваротным гавораць «падзеі і факты, калі паглядзець у тым ліку на вайсковую падрыхтоўку нашых суседзяў, Расею я ня маю на ўвазе».

«Вайсковыя выдаткі ўсіх сумежных з намі дзяржаў нават перавышаюць пэўныя натаўскія мінімумы. Некаторых дзяржаў — вельмі значна. Вайсковая прысутнасьць, у тым ліку міжнародных замежных кантынгентаў, пастаянна нарошчваецца. Будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры не спыняецца».

Арчакоў кажа, што колькасьць вучэньняў у сумежных краінах толькі павялічваецца, маўляў, за 2020 год толькі ў Польшчы, Літве і Латвіі прайшло больш за 70 вучэньняў.

«Сёлета ўжо прайшло і вядома яшчэ аб 30 вучэньнях. Калі нават сабе ўявіць, што кожнае канкрэтнае вучэньне доўжыцца хаця б тыдзень, то атрымліваецца, што літаральна круглыя суткі каля нашых межаў замежныя войскі адточваюць сваё баявое майстэрства», — заявіў Арчакоў.

Уладзімер Арчакоў вядомы сваім удзелам у напісаньні артыкулу «Да пытаньня аб гістарычнай палітыцы» ў часопісе «Беларуская думка», дзе крытыкуюцца «штучнае разьдзіманьне тэмы трагедыі палітычных рэпрэсій 1920–1930 гадоў» і «трактоўка падзелаў Рэчы Паспалітай як трагедыі страты незалежнасьці беларусаў».

Акрамя таго, Арчакоў узначальвае Мiжведамасную камiсiю бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэтая камісія ў жніўні 2020 году пазбавіла акрэдытацый журналістаў замежных СМІ.

Пра прысутнасьць вялікіх сілаў NATO каля межаў Беларусі раней неаднаразова заяўляў Лукашэнка. Сілы супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі летам гэтага году пачнуць сумеснае баявое дзяжурства на адным зь беларускіх аэрадромаў. Раней афіцыйны Менск упарціўся плянам Расеі стварыць на тэрыторыі Беларусі сваю авіяцыйную базу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG