Пра гэта заявіў камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі генэрал-маёр Ігар Голуб, якога цытуе «Інтэрфакс».
Ён адзначыў, што ў канцы 2020 году міністры абароны Беларусі і Расеі зацьвердзілі плян дзеяньняў дзяжурных сіл па СПА войскаў і сродкаў Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА дзьвюх краін.
«У рамках практычнай рэалізацыі ўжо гэтым летам на адным з нашых аэрадромаў у Рэспубліцы Беларусь пачынаецца нясеньне сумеснага баявога дзяжурства сіламі і сродкамі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў СПА Рэспублікі Беларусь і Паветрана-касьмічнымі сіламі РФ», — сказаў ён.
Акрамя таго, Голуб адзначыў, што беларускія вайскоўцы пастаянна задзейнічаныя ў сумесных трэнінгах СПА. У 2021 годзе плянуецца ўдзел у апэратыўна-тактычных вучэньнях з родамі войскаў ВПС і СПА Беларусі на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласьці і ў сумесных вучэньнях «Баявая садружнасьць – 2021».
На працягу некалькіх гадоў Расея вяла перамовы аб разьмяшчэньні ў Беларусі вайсковай авіябазы. Урад Расеі 2 верасьня 2015 году прыняў праект адпаведнай пастановы, прэзыдэнт Пуцін выдаў распараджэньне падпісаць адпаведнае пагадненьне. Аднак Аляксандар Лукашэнка адхіліў прапанову і адмовіўся ад разьмяшчэньня ў Беларусі авіябазы РФ.