Як паўстала «Няспынная малітва за Беларусь», хто трывае начамі і ці падводзяць вынікі вялікага праекту, расказвае стваральніца ініцыятывы Вольга Севярынец.
«Няспынная малітва за Беларусь» пачалася 12 красавіка 2015 году. З таго дня кожную гадзіну нехта моліцца за Беларусь — там, дзе ён ёсьць, так, як умее. Усяго 168 чалавек па чарзе нясуць дзяжурства кожны тыдзень (у тыдні 168 гадзін). Прыкладам, нехта моліцца заўжды ў нядзелю з 16:00 да 17:00. Спойлер: гэта Павал Севярынец.
Гэта хрысьціяне розных канфэсій. Яны пэрыядычна зьмяняюцца. Усяго праз ініцыятыву прайшлі каля 400 чалавек.
— Вольга, як пачалася гэтая ініцыятыва?
— Наша сяброўка прапанавала сабрацца і падумаць, як умацаваць тую малітву за Беларусь, якая шмат год праходзіла каля Чырвонага касьцёла. Быў Павал (Севярынец, муж Вольгі. — РС), я і Лёша Шэін. Паша праваслаўны, я каталічка, Лёша пратэстант.
Мы памаліліся, і дзівосным чынам мне прыйшла ў галаву ідэя: калі мы ня можам знайсьці людзей, каб хадзілі маліцца да касьцёла, давайце зробім эстафэтную малітву. Хлопцы паставіліся скептычна, бо трэба шмат людзей. Мне вельмі легла гэта на сэрца. Я падумала: «Госпадзе, няўжо мы нічога ня зможам прыдумаць? Гэта настолькі патрэбна, гэтая краіна няшчасная». Я сказала, што бяру гэта на сябе.
Мы за тыдзень знайшлі ўсіх патрэбных людзей. Стартанулі апоўначы 12 красавіка. Гэта быў Вялікдзень у праваслаўных і сьвята Божай Міласэрнасьці ў каталікоў. У малітве былі дзіркі час ад часу, але яна не спынялася. Цяпер там, па-мойму, толькі адна гадзіна «правісае», нейкай глыбокай ноччу. Усе астатнія людзі правераныя, «мацёрыя», большасьць зь іх усе 6 год і моляцца.
— Як вы сабралі гэтых людзей? Якімі шляхамі людзі прыходзяць?
— Там была цэлая акцыя. Расказвалі празь сяброў, СМІ пісалі, праз «Каталіцкі весьнік» шмат людзей прыйшло, разносілі па касьцёлах плякаты. Потым мы падтрымлівалі розгалас: пісалі інтэрвію з удзельнікамі, рабілі малітоўныя сустрэчы на кожную гадавіну, акрамя мінулага году і гэтага.
— Колькі цяпер чалавек моліцца?
— Цяпер моліцца 186 чалавек, некаторыя па двое на адну гадзіну, хтосьці парамі. Некаторыя бяруць гадзіну і дзеляць на 6 чалавек паміж сябрамі, атрымліваецца, кожны мае па 10 хвілін. Агулам за ўвесь час маліліся каля 400 чалавек. Хтосьці бярэ адпачынак, потым вяртаецца назад, або цалкам адмаўляецца.
— Ці ёсьць спосаб праверыць, ці сапраўды так шмат людзей моліцца?
— Гэта складана. Кожны год перад гадавінай мы стараемся абзвоньваць усіх удзельнікаў і рабіць апытаньне. Людзі адказваць: «Так, я малюся». Наколькі шчыры чалавек у сэрцы, толькі Госпад можа праверыць.
Я стараюся быць суворым арганізатарам: «Калі вы ня моліцеся, проста скажыце. На вашае месца прыйдуць людзі». За 6 год відаць, што ініцыятыва жыве і будзе жыць. Навошта падманваць? Часам людзі пішуць: «Я больш не магу». Тады я бачу, што людзі адказна ставяцца.
— Чаму людзі сыходзяць?
— Часьцей людзі ня могуць у гэты час, бо там ёсьць і вельмі суворыя начныя гадзіны. Я па сабе ведаю. Я цяпер у малітве ня ўдзельнічаю, бо вельмі цяжка маліцца ў канкрэтны час. Але гэта шчыры падыход. Значыць, я буду маліцца ў іншы час.
— У якой форме адбываецца малітва?
— У нас было патрабаваньне, паколькі гэта міжканфэсійная малітва, старацца яднацца на рэчах, агульных для ўсіх хрысьціянаў: чытаньне Бібліі, малітва «Ойча наш», малітва сваімі словамі. Каб пратэстант мог сказаць за каталіком, што гэта і мая малітва таксама.
Але гэта складанае пытаньне. Кожны прывык маліцца пэўным чынам. Некаму малітва сваімі словамі цэлую гадзіну цяжкая. Нехта псальмы чытае, хтосьці ідзе ў гэты час на імшу. Некаторыя цэрквы разам моляцца за Беларусь.
Галоўнае, як па мне, — жаданьне і разуменьне, што малітва за сваю Радзіму — гэта абавязак.
Малітва — як і любая рэч, якая патрабуе практыкі. Яе трэба плянаваць, яна патрабуе высілкаў. Мы скідвалі ў суполку пост, за што можна маліцца, 24 пункты. Нехта сам прыдумляе.
— Што кажуць людзі, якія моляцца ноччу? Наколькі гэта цяжка?
— Ёсьць людзі, якія кажуць: «Я прасыпаю. Давайце мяняць». Адна бабуля кажа: «Я ноччу кепска сплю, і мне ў ноч цікавей, бо ціха дома, я магу засяродзіцца. Сьвечку запаліла, стала на калені. Гляджу — я паўтары гадзіны памалілася замест адной».
Ёсьць мама двух дзяцей, якая кажа: «Днём я не магу маліцца, а ноччу будзе мая супэр-ахвяра». Ёсьць людзі, якія ўжо 6 год моляцца а 4 гадзіне раніцы, і ім нармальна. Была дзяўчына, якая брала па 2 начныя гадзіны запар 2 дні. Гэта проста ахвярныя людзі. Ёсьць людзі, якія жывуць за акіянам і моляцца, калі тут ноч, а ў іх дзень.
— У якіх яшчэ краінах беларусы моляцца за Беларусь?
— Мы не падлічвалі, колькі іх. Ёсьць Вялікая Брытанія, Францыя, Польшча, ЗША.
— Хто бярэ ўдзел у малітве?
— Людзі з розных рэгіёнаў, бабулі зь вёсачак, людзі з-за мяжы. Людзі рознага ўзросту, была жанчына 89 год. Усе хрысьціянскія канфэсіі, можа, каталікоў больш, бо я, каталічка, гэтым займаюся.
— Гэта нізавая ініцыятыва, але яе ўхваліла кіраўніцтва цэркваў?
— Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч раней служыў імшу на гадавіну ініцыятывы. Грэка-каталікі нас прымалі аднойчы на агульную малітву. Усе прымаюць гэта з радасьцю. Праваслаўныя людзі, вернікі, нармальна гэта ўспрымаюць.
— У вялікіх праектах падводзяць вынікі, пішуць справаздачы. Як гэта адбываецца ў выпадку малітвы за Беларусь?
— Цяжка сказаць, што на што паўплывала. Некалькі людзей пісалі, што з пачаткам гэтай малітвы яны заўважылі шэраг добрых падзей. Адна дзяўчына пісала, што гэта можа быць супадзеньнем, але яна верыць, што гэта вынік малітвы.
Малітва ня можа быць на зло. Я думаю, што яна на нейкія працэсы ўплывае, тым больш калі мы молімся за цэлую краіну. Я думаю, што доля малітваў, начных няспаньняў, сьлёзаў ёсьць і ў падзеях, што цяпер адбываюцца. Але гэта складана, канечне.
Я больш схіляюся да таго, што малітва зьмяняе чалавека, які моліцца. А ўжо зьменены чалавек гатовы потым зьмяняць краіну.
Нядаўна дзяўчына расказала, што малілася па начах так: «Госпадзе, зрабі з нас сьвятую, любячую нацыю». Такія ўзьнёслыя словы. Яна кажа: «Цяпер я разумею, што ў сваіх малітвах трэба быць акуратнымі». Цяпер яна бачыць, што беларусы становяцца сьвятой, ахвярнай, вялікай нацыяй. У гэтым яна бачыць адказ сваёй малітве.
Для мяне самой дзіўна, што гэтая ініцыятыва жыве, але яна жыве.