«Пералічыў больш як 1 500 лістоў, якія прыйшлі за 7 месяцаў, паводле мовы і веры. Вынікі ўражваюць. На пачатку году суадносіны беларускамоўных і расейскамоўных блізкія да 50/50. А на 31 сакавіка ўжо 70% лістоў зь Менску і 72% з рэгіёнаў — беларускамоўныя. За апошнія 3 месяцы больш за паўсотні маіх адрасатаў перайшлі на беларускую — у лістах, акаўнтах ды і наагул у жыцьці», — цытуе Вольга Севярынец ліст ад мужа.
Па словах Паўла Севярынца, за апошнія тры дні з 33 атрыманых лістоў па-расейску быў толькі адзін. З рэгіёнаў найбольшая доля беларускамоўных адрасатаў на Горадзеншчыне (82%), найменшая — на Гомельшчыне (59%). Аднак паўсюль больш за палову.
У абсалютнай колькасьці лістоў на першым месцы Менск (амаль 700). За сталіцай Меншчына і Віцебшчына (прыкладна па 100 кожная), затым Горадзеншчына і Берасьцейшчына. Плюс багата замежных адпраўнікоў.
50,2% лістоў зь Менску і 46,4% з рэгіёнаў — ад вернікаў: 36,5% складаюць рыма-каталікі, 6% — грэка-каталікі, 27% — праваслаўныя, 16% — пратэстанты, 14,5% — нявызначаныя канфэсіі.
100% грэка-каталікаў, 94% рыма-каталікоў і 87% нявызначаных — беларускамоўныя. А вось сярод праваслаўных і эвангельскіх вернікаў беларускамоўных каля паловы.
«Робяцца зразумелымі многія рэчы. Энэргія народу пайшла ўглыб, на ўсьведамленьне і асэнсаваньне сябе — гісторыі, мовы, веры. Абуджаныя беларусы робяць вялікую ўнутраную працу, умацоўваецца нацыянальная салідарнасьць і ўзаемападтрымка. На ўсё гэта патрэбен час. Наша справа — усяляк спрыяць беларусізацыі і эвангелізацыі. Бог дзейнічае менавіта ў гэтым кірунку. Супольная малітва, курсы мовы, кнігі, агляды, вандроўкі, сьпевы разам, гістарычная асьвета, ушанаваньне памяці тых, хто аддаў жыцьцё за Беларусь у мінулым — усё гэта дае апірышча пад нагамі», — падсумаваў Павал Севярынец.
Пры гэтым многія палітвязьні ды іх блізкія наракаюць на блякаваньне іх ліставаньня: пісьмы ім і ад іх даходзяць або зь вялікім спазьненьнем, або не трапляюць да адрасатаў зусім.