Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ патрабуе тлумачэньняў ад Расеі: чаму тая канцэнтруе войскі на мяжы з Украінай


Місія АБСЭ на ўсходзе Ўкраіны.
Місія АБСЭ на ўсходзе Ўкраіны.

Дзяржавы АБСЭ склікалі пасяджэньне, на якім будуць патрабаваць тлумачэньняў Расеі з прычыны канцэнтрацыі войскаў на мяжы з Украінай. Пра гэта паведаміла прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у арганізацыі.

«На запыт Украіны дзяржавы АБСЭ сустрэнуцца у 4:00 (CET), каб патрабаваць тлумачэньня ад Расеі па канцэнтрацыі вайсковай сілы на мяжы з Украінай і ў акупаваным Крыме. Гэты запыт на інфармацыю адпавядае Венскаму дакумэнту і грунтуецца на надзеі зьнізіць рызыку канфлікту», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка Вашынгтону.

30 сакавіка галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Руслан Хомчак паведаміў, што Расея пад выглядам падрыхтоўкі да стратэгічных вучэньняў «Захад-2021» сьцягвае з усёй тэрыторыі тактычныя групы да ўсходніх межаў Украіны. У Крамлі заявілі, што перамяшчэньне расейскай арміі па тэрыторыі Расеі не павінна выклікаць непакой іншых краін, у прыватнасьці Ўкраіны.

Заходнія саюзьнікі Ўкраіны выказалі ёй сваю падтрымку. У прыватнасьці, 2 красавіка адбылася тэлефонная размова прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны Джо Байдэна і Ўладзіміра Зяленскага. Паводле паведамленьня Белага дому, «прэзыдэнт Байдэн пацьвердзіў непахісную падтрымку ЗША сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ва ўмовах агрэсіі Расеі на Данбасе і ў Крыме».

Пазьней вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль таксама запэўніў улады Украіны «ў непахіснай падтрымцы ЭЗ» на фоне агрэсіі з боку Расеі.

Падтрымку Ўкраіне на тле падзей на мяжы і на Данбасе выказалі таксама ў NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG