Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачнецца «гарачая» расейска-ўкраінская вайна? Адказы на 6 пытаньняў


Вучэньні расейскіх войскаў у Крыме
Вучэньні расейскіх войскаў у Крыме

Паблізу мяжы з Украінай на расейскай тэрыторыі знайшлі вялікі лягер, куды звозяць вайскоўцаў і тэхніку. Відэа ў сацыяльных сетках паказваюць, як зь Сібіру да расейска-ўкраінскай мяжы чыгункай перакідаюць цяжкія ўзбраеньні. Мост праз пратоку паміж тэрыторыяй Расеі і акупаваным Крымам часова закрылі — магчыма, што для перавозкі зброі. На лініі разьмежаваньня паміж украінскімі войскамі і баевікамі так званых «ДНР» і «ЛНР» узмацніліся артылерыйскія абстрэлы.

Сярод гэтых навінаў і размоваў пра магчымую маштабную вайну аглядальнік Радыё Свабода Майк Экель спрабуе адказаць на 6 важных пытаньняў, якія вызначаюць цяперашняе абвастрэньне напружаньня паміж Расеяй і Ўкраінай.

Хіба вайна ўжо ня йдзе?

Так. У гэтым месяцы канфлікту на Данбасе будзе ўжо 7 гадоў. І, нягледзячы на шматлікія дамовы аб замірэньні, ён ня спынены. Паводле ААН, з красавіка 2014 году загінулі больш за 13 тысяч чалавек і больш за мільён сталі ўцекачамі.

Украінскі вайсковец падчас бою ў Аўдзееўцы 26 чэрвеня 2016
Украінскі вайсковец падчас бою ў Аўдзееўцы 26 чэрвеня 2016

Апошнія маштабныя баі былі ў студзені 2017 году за горад Аўдзееўку. Але снайпэрскі агонь і ўзаемныя мінамётныя абстрэлы вядуцца рэгулярна — самы крывавы інцыдэнт за апошнія месяцы адбыўся 26 сакавіка каля пасёлку Шумы на поўнач ад Данецку.

Паводле ўкраінскага боку, ад пачатку 2020 году загінулі больш за 70 украінскіх вайскоўцаў і некалькі сотняў былі параненыя.

Пры гэтым ад канца сакавіка назіраецца значнае павелічэньне руху расейскіх войскаў да мяжы з Украінай і ў Крым, акупаваны Расеяй у 2014 годзе. Гэта выклікала трывогу ва Ўкраіне і ў сталіцах краінаў Захаду.

Што значыць гэтая тэхніка і ўзбраеньні?

За апошнія паўмесяца зьяўлялася ўсё больш здымкаў, відэа і іншай інфармацыі, якая сьведчыла пра маштабныя перасоўваньні расейскіх узброеных падразьдзяленьняў да мяжы з Украінай і ў акупаваны Крым.

Дасьледчыкі і журналісты спрабавалі вызначыць геалякацыю гэтых здымкаў і зрабіць высновы пра намеры расейскага вайсковага камандаваньня і Крамля. Адна з галоўных тэорый — у тым, што гэта дэманстрацыя сілы, каб запалохаць Кіеў і даслаць сыгнал Захаду, што Расея гатовая вельмі хутка перакінуць сілы для наземнай ваеннай апэрацыі.

Нават былы палкоўнік ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў), які ўдзельнічаў у захопе Крыму і часткі Данбасу, выклаў відэа адпраўкі войскаў у Крым.

«Войскі перасоўваюцца паказальна, з выклікам, і гэта пацьвярджае, што Расея бразгае зброяй, а не задумвае бліцкрыг», — напісаў Максім Самарукаў, супрацоўнік Маскоўскага цэнтру Карнэгі ў сваім артыкуле, апублікаваным 5 красавіка.

Аглядальнікі таксама адзначалі, што Расея ў мінулым рабіла буйныя перамяшчэньня войскаў у сувязі з рэгулярнымі вайсковымі вучэньнямі без уварваньня.

Што кажа Расея?

Няшмат, прычым нешта малазразумелае.

На мінулым тыдні прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў адхіліў пытаньне рэпартэраў аб перамяшчэньні войскаў, заявіўшы, што баяцца няма чаго і перабазаваньне ўзброеных падразьдзяленьняў у межах Расеі — выключна ўнутранае пытаньне.

Што тычыцца Крыму, то Кіеў і Захад — і амаль увесь сьвет — не прызнаюць прэтэнзій Масквы на гэты паўвостраў. Між тым Паўднёвая вайсковая акруга Расеі, каманднае падразьдзяленьне, якое адказвае за раёны паблізу мяжы з Данбасам і Паўночным Каўказам, абвясьціла, што праводзіць штогадовую праверку гатоўнасьці, пры гэтым некалькі дзясяткаў адпаведных вучэньняў праводзяцца паміж 29 сакавіка і 30 красавіка. (Да гэтай акругі, паводле расейцаў, належыць і Крым.)

Міністар абароны Расеі напусьціў туману яшчэ больш. 25 сакавіка Сяргей Шайгу абвясьціў, што 56-я паветрана-штурмавая брыгада, якая базуецца ў горадзе Пскове на паўночным захадзе Расеі, будзе рэарганізаваная і перадысьлякаваная ў крымскі порт Феадосію. Закрыцьцё моста праз Керчанскую пратоку, як паведамляецца, зьвязана зь перавозкай тэхнікі.

Расея рэгулярна праводзіць маштабныя вучэньні ў межах вайсковых акругаў — часта з удзелам тысячаў вайскоўцаў і дзясяткаў падразьдзяленьняў на вялікай тэрыторыі — але некаторыя назіральнікі кажуць, што гэтым разам перамяшчэньні вайсковай тэхнікі выходзяць далёка за звычайныя нормы.

6 красавіка Шайгу абвясьціў пра шырокамаштабныя вучэньні ва ўсіх вайсковых акругах Расеі.

Хіба не было спыненьня агню?

Замірэньне на Ўсходзе Ўкраіны, якое часта парушаюць, зьвязана зь менскімі пагадненьнямі. Другая частка пагадненьняў была падпісана ў лютым 2015 году Ўкраінай і Расеяй, а таксама прадстаўнікамі баевікоў, якія з дапамогай Расеі ўтрымліваюць часткі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе таксама падпісала пагадненьне.

Існуе яшчэ «нармандзкі фармат» з удзелам Расеі, Украіны, Францыі і Нямеччыны, закліканы спыніць канфлікт. Такой мэты дагэтуль не дасягнулі з розных прычын: фінансаваньне і іншая падтрымка баевікоў на ўсходзе Ўкраіны Расеяй, унутраная ўкраінская палітыка, нямецкія і францускія ваганьні адносна таго, наколькі моцна варта супрацьстаяць Маскве і наколькі аказваць падтрымку Кіеву.

У заяве, апублікаванай 3 красавіка, Міністэрства замежных спраў Нямеччыны заклікала да стрыманасьці ў цяперашняй напружанай сытуацыі. Аднак фармулёўка «ўсе бакі» выклікала крытыку некаторых эўрапейскіх палітыкаў, якія заявілі, што Нямеччына ставіць знак роўнасьці паміж пагрозьлівымі дзеяньнямі расейскіх войскаў і абарончай пазыцыяй Украіны на Данбасе. (Па стане на 8 красавіка не было ніякіх публічных доказаў таго, што Ўкраіна робіць падобнае шырокамаштабнае перасоўваньне тэхнікі — і, у адрозьненьне ад дзеяньняў Расеі ў Крыме, любая зьмена дысьлякацыі войскаў адбываецца ўнутры яе межаў).

Між тым Эўрапейскі Зьвяз выказаўся ў падтрымку Ўкраіны. Але падчас візыту ў Маскву ў студзені кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль перажыў прыніжэньне, спрабуючы наладзіць адносіны з Крамлём. Тады назіральнікі прыйшлі да высновы, што ў ЭЗ засталося мала рычагоў уплыву на Расею ў гэтым канкрэтным кантэксьце.

Масква, магчыма, спрабуе «даць зразумець Захаду, што чым больш ён падтрымлівае Ўкраіну рытарычна, тым большая патэнцыйная рызыка таго, што яго могуць прымусіць выканаць свае абяцаньні», —піша аналітык Марк Галеоці ў сваім артыкуле для BNE Intellinews. «Урэшце, Крэмль лічыць, што Эўропа зусім не жадае гэтага рабіць», — гаворыцца ў артыкуле.

Як рэагуюць Злучаныя Штаты?

Аглядальнікі таксама заяўляюць, што тэрміны і маштабы расейскіх манэўраў — гэта выклік ЗША і, у прыватнасьці, прэзыдэнту Джо Байдэну. Ён быў адным з найбуйнейшых прыхільнікаў Украіны яшчэ да вайны ў 2014 годзе, калі займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта.

Пасьля захопу Крыму Вашынгтон наклаў на Расею санкцыі, і, нягледзячы на рыторыку прымірэньня з Масквой, папярэднік Байдэна Дональд Трамп іх не адмяніў.

Украінскія вайскоўцы дэманструюць амэрыканскія супрацьтанкавыя ракеты Javelin на парадзе ў Кіеве 24 жніўня 2018, у Дзень Незалежнасьці Ўкраіны
Украінскія вайскоўцы дэманструюць амэрыканскія супрацьтанкавыя ракеты Javelin на парадзе ў Кіеве 24 жніўня 2018, у Дзень Незалежнасьці Ўкраіны

Адміністрацыя ж Байдэна выбрала жорсткі падыход: ні перазагрузкі, ні эскаляцыі, як неаднаразова заяўлялі амэрыканскія чыноўнікі з моманту ўступленьня Байдэна на прэзыдэнцкую пасаду ў студзені.

«Мы зьвярнуліся да Расеі з просьбай растлумачыць гэтыя правакацыі, але самае галоўнае — гэта тое, пра што мы далі сыгнал непасрэдна нашым украінскім партнэрам, — наша падтрымка», — заявіў 5 красавіка прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.

Акрамя таго, новая адміністрацыя ЗША наклала на Маскву новыя эканамічныя санкцыі ў адказ на атручэньне апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага нэрвова-паралітычным рэчывам, ад якога той ледзь не памёр, і на ўзяцьце яго пад варту пасьля вяртаньня ў Расею зь Нямеччыны за тры дні да інаўгурацыі Байдэна.

Адміністрацыя ЗША таксама пагражала нявызначанымі дзеяньнямі за маштабны кібэр-узлом урадавых амэрыканскіх кампутараў, у чым яна абвінаваціла расейскую выведку.

Падчас першай тэлефоннай размовы Байдэна з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім 2 красавіка амэрыканскі лідэр паабяцаў «непахісную» падтрымку.

Гэтаму закліку папярэднічалі тэлефонныя размовы паміж вышэйшымі чыноўнікамі Міністэрства абароны і вайсковага камандаваньня ЗША і іх украінскімі калегамі.

У той час як Эўразьвяз выдаткаваў сотні мільёнаў эўра, каб дапамагчы Ўкраіне стварыць больш дзейсны і менш карумпаваны ўрад, ЗША забясьпечылі ўзбраеньне і навучаньне ўкраінскіх вайскоўцаў, у тым ліку пастаўкі супрацьтанкавых ракет, прыладаў начнога бачаньня і контрабатарэйных радараў.

1 сакавіка Міністэрства абароны ЗША абвясьціла пра новую дапамогу ў памеры 125 мільёнаў даляраў для «ўзмацненьня ўзбраеньня, кіраваньня і кантролю і сытуацыйнай дасьведчанасьці ўкраінскіх сілаў за кошт прадастаўленьня дадатковых супрацьартылерыйскіх радараў і тактычнага абсталяваньня; падтрымкі магчымасьцяў спадарожнікавых здымак і аналізу; абсталяваньня для падтрыманьня ваенна-мэдычнай дапамогі і працэдур баявой эвакуацыі».

Крэмль адчайна пратэстуе супраць таго, што Ўкраіна некалі можа далучыцца да Паўночнаатлянтычнага Альянсу. І хоць сяброўства Кіева ў NATO здаецца далёкай пэрспэктывай, гэта не перашкодзіла прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму зрабіць наконт гэтага публічныя заявы.

«Мы імкнёмся да рэфармаваньня нашай арміі і абароннага сэктару, але аднымі рэформамі Расею не спыніць. NATO — гэта адзіны шлях да заканчэньня вайны на Данбасе», — заявіў Зяленскі.

Якія мэты ставіць Расея?

Дакладна пра гэта ня ведаюць ні ў Кіеве, ні ў Вашынгтоне, ні ў іншых заходніх сталіцах. Аднак арыентырам могуць быць іншыя канфлікты, распаленыя Расеяй па пэрымэтры сваіх межаў. Гэтыя так званыя «замарожаныя канфлікты» захоўваюцца ў некалькіх месцах пасьля распаду СССР. У прыватнасьці, гэта Грузія з аддзеленымі ад яе рэгіёнамі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, і Малдова з Прыднястроўем.

Расейскія сілы прыйшлі туды і засталіся як міратворцы, хоць насамрэч яны не атрымалі такога мандату ні ад ААН, ні ад АБСЭ, і ў выніку іх прысутнасьць толькі дэстабілізуе сытуацыю на карысьць Масквы.

Пытаньне разьмяшчэньня міжнародных міратворцаў на Данбасе пад эгідай АБСЭ ўжо абмяркоўвалася раней. Аднак не было дасягнута разуменьня, ці будзе ім дазволена патруляваць расейска-ўкраінскую мяжу, ці толькі лінію судакрананьня ва Ўкраіне.

Многія аглядальнікі перакананыя, што Расея наўрад ці рызыкне аднавіць поўнамаштабную вайну ці паспрабаваць захапіць вялікую тэрыторыю Ўкраіны, прынамсі цяпер.

Джэймс Шэр, былы кіраўнік расейскай праграмы ў брытанскім дасьледчым цэнтры Chattam House, выказаў здагадку, што Масква хоча разьмяшчэньня расейскіх «міратворчых сіл» унутры Ўкраіны.

«Лякалізаваная эскаляцыя, драматычная і разбуральная, якая прывядзе да разгортваньня расейскіх „міратворцаў“ на цяперашняй лініі разьмежаваньня, — мабыць, найбольш рэалістычны варыянт», — напісаў ён у камэнтары, які апублікаваў Міжнародны цэнтар абароны і бясьпекі ў Эстоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG