Пра турэмны побыт і лайфхакі з-за кратаў распыталі дачку Юліі — Аляксандру.
22 сьнежня 2020-га ў «Прэс-клюб» прыйшлі сілавікі. У офісе і дома ў супрацоўнікаў адбыліся ператрусы ці агляды. У той дзень затрымалі кіраўніцу праекту Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага, кіраўніка Акадэміі «Прэс-клюбу» Сяргея Якупава, апэратара Пятра Слуцкага і былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну.
31 сьнежня ім прад’явілі абвінавачаньні. Слуцкую абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну і Пятра Слуцкага — у саўдзеле ў злачынстве. Сяргея Якупава, грамадзяніна Расеі, выслалі з краіны з забаронай на ўезд на бліжэйшыя 10 гадоў.
«Падатковая так і не паказала вынікі праверкі»
Чацьвёрты месяц Юлія Слуцкая, ейны сын Пётар і іншыя фігуранты справы «Прэс-клюбу» — за кратамі. Юлію вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, але падатковая так і не паказала вынікі сваёй праверкі.
«Хутка чатыры месяцы, а вынікаў праверкі няма. Няма ніводнай паперы, якая б гаварыла, што яны мусілі сплаціць больш падаткаў, чым сплацілі. За апошнія два месяцы ў маці быў адзін допыт, у Пятра допытаў не было наогул», — расказвае Аляксандра.
І прыгадвае: Юлія ня думала пра затрыманьне, што гэта магчыма. Аляксандра стараецца насіць маці перадачы кожны дзень, бо перадаваць можна ня ўсё, а ў турме прадукты хутка псуюцца.
«Нельга зварыць кавалак мяса і перадаць туды»
Сьпісы прадуктаў, якія можна перадаваць за краты, складаліся яшчэ ў Савецкім Саюзе і з таго часу не мяняліся, расказвае Аляксандра.
«У межах сьпісу перадаваць можна ўсё, праблемы няма. Чамусьці можна апэльсіны, але нельга грэйпфруты, можна цукар, а соль нельга. З гародніны можна толькі цыбулю, часнык, агуркі, памідоры і перац, іншае — нельга. Маці скардзіцца, што харчаваньне не збалянсаванае. Зварыць і перадаць кавалак мяса нельга, можна вэнджаную каўбасу. З турэмнага харчаваньня есьці нічога немагчыма. Маці бярэ пустую міску і заварвае ў ёй суп, з тых, што я перадаю», — кажа Аляксандра.
«Маці пабывала ў малой транзытнай камэры»
26 сакавіка Аляксандра даведалася, што маці перавялі ў іншую, малую камэру, там яна правяла чатыры дні.
«Гэта аказалася камэра 6 квадратных мэтраў на 6 чалавек. Там была студэнтка Ксюша Сырамалот, а таксама асацыяльныя асобы, бамжы. Была жанчына пад наркатычным ап’яненьнем, якая крычала ўсю ноч. Камэра брудная, транзытная. З чым гэта зьвязана, незразумела. Маці лічыць, што яе туды пасадзілі як носьбіта турэмнага досьведу, каб навяла там парадак, яе там прызначылі галоўнай. Маці і там знайшла плюсы, было больш дзённага сьвятла, быў бачны кавалак вежы ў вакно. Усе выцяжкі ў камэры замазаныя, бо празь іх раней перамаўляліся. Пасьля маці вярнулі ў іншую камэру», — кажа Аляксандра.
Цяпер зьняволеных амаль не выводзяць на прагулкі, бо «гуляць выводзяць, калі хочуць усе, але знаходзяцца тыя, хто гуляць ня хоча».
«Кнігі перадаваць нельга, але ёсьць бібліятэка»
На Валадарскага можна набыць кнігу праз кнігарню для турэмнай бібліятэкі і паведаміць пра гэта сваім сваякам, тлумачыць Аляксандра.
«Бібліятэка добрая, але сьпісу кніг няма. Ты замаўляеш кнігу наўздагад: пашанцуе — прынясуць. Апошні раз маці чытала Караткевіча і Санд», — прыгадвае Аляксандра.
«Пётар піша, што жыве ў рэжыме ката́»
Родны брат Аляксандры і сын Юліі Пётар Слуцкі — таксама ў турме на Валадарскага. У яго ў камэры 24 чалавекі.
«У іх там трохʼярусныя нары, натоўп мужыкоў, памыцца можна раз на тыдзень толькі. Хлопцы нармальныя, кагосьці Пётар вучыць ангельскай мове. Гуляюць у нарды, па ранках глядзяць турэцкі сэрыял па БТ. Увечары ў іх гульня — паглядзець навіны па дзяржаўнай тэлевізіі і разабрацца, хто што зразумеў паміж радкоў», — апісвае Аляксандра.
Пётар піша з турмы, што жыве «ў рэжыме ката́ — паспаў, паеў, толькі латка не хапае».